Генеральная пракуратура Беларусі прапаноўвае істотна павысіць штрафы за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, а таксама за перадачу права на кіраванне транспартным сродкам такой асобе.

Пра гэта паведамляе прэс‑служба Генпракуратуры.

Паводле яе інфармацыі, Генпракуратурай падрыхтаваны праект закона «Аб унясенні дапаўнення і змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях». Пры яго распрацоўцы ведамства прыйшло да высновы, што ўстанаўленне крымінальнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення не з’явілася стрымліваючым фактам для тых, хто сістэматычна кіруе аўтамабілем у такім стане. Так, за дзевяць месяцаў 2009 года вынесена 36.979 пастаноў аб накладанні адміністрацыйных спагнанняў за кіраванне аўтамабілем у п’яным выглядзе.

На думку Генпракуратуры, дзейснай мерай прафілактыкі гэтых правапарушэнняў можа стаць больш жорсткае матэрыяльнае ўздзейнічанне на правапарушальніка. Праектам закона прапаноўваецца ўстанавіць штраф для правапарушальніка, які знаходзіцца за рулём у стане алкагольнага ап’янення, або грамадзяніна, які перадаў права кіравання аўтамабілем такой асобе,

у памеры 200 базавых велічыняў (7 млн. рублёў).

За ўчыненне аналагічнага правапарушэння паўторна на працягу года прапаноўваецца ўстанавіць штраф у памеры

300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў).

Пры гэтым прадугледжваецца выключыць накладанне спагнання на парушальнікаў у выглядзе адміністрацыйнага арышту, паколькі, на думку Генпракуратуры, гэтае пакаранне з’яўляецца больш мяккім спагнаннем, чым штраф.

Цяпер у якасці меры пакарання за названыя вышэй правапарушэнні прадугледжваецца штраф у памеры ад 15 да 35 базавых велічыняў (ад 525 тыс. рублёў да 1 млн. 225 тыс. рублёў). Базавая велічыня складае 35 тыс. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?