У Германіі абвешчана, што ўрад нарэшце сфармаваны. Амаль што месяц ішлі перамовы паміж партыяй Ангелы Меркель і ўчарашнімі апазіцыянерамі са СвДП, якія паспяхова выступілі на вераснёўскіх выбарах у бундэстаг. Пагадненне падпісалі ў ноч на суботу, 24 кастрычніка.

Канцлерка, якой было гарантавана крэсла і ў новым кабінеце, спяшалася, каб урад пачаў дзейнічаць да 20-годдзя падзення Берлінскага муру — 9 лістапада. І ў іх, бач, шчыруюць да чырвонай даты :-).

Меркель і яе ХДС/ХСС з лёгкай душой сказалі «аўфвідэрзэйн» былым паплечнікам па кааліцыі — сацыял-дэмакратам, што на парламенцкіх выбарах 27 верасня праляцелі як фанера над Берлінам. Цяпер СДПГ апынаецца ў апазіцыі.

Гэтым гламурным дзеячам зараз не да смеху: апынуліся ў апазіцыі. Зрэшты, мясіць дручкамі іх не будуць...

З учарашнімі ж апазіцыянерамі, а цяпер трыўмфатарамі — свабоднымі дэмакратамі на чале з Гіда Вестэрвэле — кіроўныя кансерватары мусілі пайсці на сур’ёзныя кампрамісы, перш чым пашэнціла нарэшце падпісаць кааліцыйнае пагадненне. Так, народу абяцана знізіць падаткі пачынаючы ўжо з 1 студзеня 2010 года. Хаця на фоне крызісу, з якога яшчэ доўга вылазіць, такі шырокі жэст не зусім дарэчы.

Увогуле ўрадоўцам ёсць над чым пачухаць патыліцу. Шмат праблем з сістэмай адукацыі. Далёка не ўсе немцы ў захапленні ад планаў партыі Меркель надаць новы імпульс атамнай энергетыцы (у іх там свае Астраўцы!). У народзе непапулярная афганская місія бундэсверу.

Цікавы момант: вайсковае ведамства ўзначаліць былы міністр эканомікі, патомны арыстакрат Карл-Тэадор цу Гутэнберг. У Еўропе дзеля такой пасады не абавязкова быць генералам. У Іспаніі летась, памятаеце, міністаркай абароны стала цяжарная кабета.

Дарэчы, яшчэ адна саступка электарату. У бундэсверы зараз будуць служыць тэрміновую не дзевяць месяцаў, а толькі шэсць. Карацей, у іх Франак Вячорка ўжо дэмбельнуўся б.

Зразумела, многія нашы рэаліі для немцаў проста неймаверныя. Аўтар гэтых радкоў якраз быў у Германіі на нядаўнія выбары. У тамтэйшым МУСе і адным з выбаркамаў не маглі даўмецца, пра якія квоты для партый я выпытваю.

Ніякіх квотаў для апазіцыі ва ўчастковых камісіях там няма. Набіраюць валанцёраў (прычым партыйнасць нікога не цікавіць: якая розніца?). А калі такіх нестае, сядае які-небудзь мясцовы чыноўнік. Што той змахлюе, ніхто і ўявіць сабе не можа. Дзеля чаго? Усё адно ж шыла з меха вылезе, даводзілі мне непрабівальна-сур’ёзныя немцы.

Датэрмінова, як і ў нас, галасуюць многія (даходзіць да 20-25%). Але там трэба пісьмова звяртацца на гэты конт, і тады табе дашлюць пакет папераў. Гэта ўжо дысцыплінуе. Ну і лічаць галасы датэрміновых выбаршчыкаў (як і астатніх) узорна-празрыста.

У іх там і без празрыстых скрыняў атрымліваюцца чамусьці празрыстыя выбары.

Карацей, у сэнсе фальсіфікацый гэта абсалютна стэрыльная краіна. Па-першае, увесь электаральны механізм як на далоні, назіраць за падлікам можа фактычна хто захоча. Па-другое, працуе рэальная сістэма стрымак і процівагаў.

Меркель каб і захацела, не змагла б задзейнічаць нейкі адміністрацыйны рэсурс: рукі кароткія!

Нарэшце, працуе агульны ўзровень палітычнай культуры, палітычнай маральнасці, калі хочаце.

Нават партыю піратаў паліцыя не ганяе :)

І потым, калі пералёты з улады ў апазіцыю і назад — звычайная рэч, то, апынуўшыся наверсе, проста неабачліва пляваць на тых, хто часова на ніжэйшай прыступцы.

Канечне ж, некалі ж і ў нас будзе нармальнае палітычнае жыццё, гэтакая, ведаеце, еўрапейская палітруціна. Калі апазіцыянер, адчыхвосціўшы ўрад з парламенцкай трыбуны, будзе ўвечары піць дома чай у халаце ды пантофлях, а не прадаваць дрыжыкі на Акрэсціна.

(Далей ахвотныя могуць выкласці стратэгію бліцкрыгу супраць рэжыму. Ваш пакорлівы слуга, жадаючы змен усімі фібрамі, цудадзейных стратэгій не бачыць. Хаця не выключана, што ўсё адбудзецца хутка. Савецкі Саюз абрынуўся без аніякай апазіцыі ў класічным сэнсе.)

Пакуль што відавочна адно: анахранічная сістэма, збудаваная Лукашэнкам, будзе спакваля распаўзацца пад ціскам фінансава-эканамічных чыннікаў. Галоўным ворагам ППРБ становіцца менавіта эканоміка. Яе незайздросны стан (плюс ціск Масквы) змушае і да палітычных саступак Еўропе.

Прарэкламаваныя «рэвалюцыйныя змены» ў выбарчым заканадаўстве, канечне ж, на 90% імітацыя. Але факт тое, што ўлада ўжо саступае, прычым літаральна назаўтра пасля гучных дэмаршаў з дэманстрацыяй нязломнасці.

Дарэчы, па адной з версій, Вестэрвэле, які стаў віцэ-канцлерам і міністрам замежных спраў, можа абраць болей прынцыповы курс у дачыненні як да Масквы, так і да Мінска. Але гэта не факт, сказаў мне днямі адзін дасведчаны немец. Бо настаўнік і кумір Вестэрвэле — стары Геншэр. Той самы, што ладзіў хаўрусы яшчэ з савецкімі кіраўнікамі. І, між іншым, зрабіў загадкавы візіт у Мінск сёлета ў верасні.

Ягонай тактыкай на пасадзе міністра замежных спраў ФРГ было лавіраванне. Тады нямецкія палітыкі нават сталі ўжываць адмысловы тэрмін з негатыўным адценнем — «геншэрызм». Але факт тое, што менавіта за Геншэрам абрынуўся Берлінскі мур.

Яго падзенне, заўважце, не зрабіла ўсіх немцаў багатымі ды шчаслівымі. Шмат у каго сёння не эйфарыя, а дэпрэсія.

Гэтак жа наіўна спадзявацца, што Беларусь стане зямным раем пасля нейкай этапнай падзеі — змены ўлады, прарыву да дэмакратыі, нават уступлення ў Еўразвяз. Свабода насамрэч для многіх цяжкі крыж. І для ўсіх — выпрабаванне.

Аляксандр Класкоўскі.

Фота аўтара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0