Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Замяталін даў вялікае інтэрв’ю агенцтву БЕЛТА.
Трэба сказаць, што раней, калі ён узначальваў прэс‑службу Саўміна альбо працаваў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, Замяталін даволі ахвотна выступаў у прэсе і, як правіла, рэзаў «праўду‑матку». Апошнім жа часам яго інтэрв’ю з’яўляліся зрэдчас. (Магчыма, гэта звязана з крытыкай работы кінастудыі з боку Аляксандра Лукашэнкі). Але новае інтэрв’ю — дакладней, гутарка, засведчыла, што Замяталін не страціў свайго ўмення здзіўляць публіку.

Перапляценне самаідэнтыфікацыі

У прыватнасці, Замяталін гаворыць пра стварэнне значных праектаў «так званага нацыянальнага кіно». «Зараз мы ствараем, — паведамляе дырэктар Нацыянальнай кінастудыі. — Скарбонку праектаў, якія будуць мець вялікае значэнне для краіны.

Напрыклад, кінафільмы пра Ефрасінню Полацкую, пра Грунвальдскую бітву і яе значэнне ў гісторыі Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага». (Не зразумела, чаму гэтыя праекты трэба складаць у нейкую «скарбонку» замест таго, каб хутчэй выпускаць такія фільмы на экраны).
Далей Замяталін паведамляе, што «ёсць свой погляд на экранізацыю вядомага ў 50‑я гады рамана «Атаман Налівайка», дзе лёсы Расіі, Беларусі і Ўкраіны шчыльна пераплятаюцца, а падставай да гэтага перапляцення з’яўляецца, так бы мовіць, нацыянальная самідэнтыфікацыя гэтых народаў з разуменнем еднасці каранёў».

Некалі Замяталін (у мінулым — палітработнік Савецкай арміі, палкоўнік) прызнаўся ў адным сваім інтэрв’ю, што яго любімы занятак — чытаць энцыклапедыі і кнігі па гісторыі.

Цікава, ці чытаў ён, што напісана ў летапісах і гістарычных хроніках пра захоп Магілёва казацкім войскам Налівайкі? Напрыклад, вось гэты фрагмент Магілёўскай хронікі:

«У год 1595. Прыйшла ізноў на Магілёў навала ад Налівайкі. Невядома (…), з якіх прычын гэта сталася, нi з гyльтайства, нi з маскоўскага нацкоўвання, бо ў гэты час міру з Масквою нe было.
Таму старэйшыя людзі часта ўспаміналі Налівайку, Мазепу і Лабаду. Відаць, нездарма не выходзіла гэта з людской памяці, бо нарабіла гэтая саранча новазбудаванаму і заселенаму гораду бед нязносных і крыві праліла нямала. Але пан Бог гараджан‑мучанікаў бласлаўляў і бласлаўляе. Гэты Налівайка Магілёў зрабаваў і цэрквы папаліў».

Але галоўная сенсацыя ў гутарцы Замяталіна тычыцца гісторыі Другой сусветнай вайны.

Забойчая логіка

Замяталін цвердзіць: «Калі паняцце «халакост» манапалізуецца, дык гэта асалютна няправільна. Гэтае паняцце павінна насіць агульначалавечае вымярэнне і тычыцца і іншых народаў і нацыянальнасцяў, якія пацярпелі ў вайне. У Беларусі адна траціна знішчана дзікім метадам генацыду. Хіба гэта не халакост? А народы Савецкага Саюзу? Хто ведае, колькі мільёнаў загінула — 25, 30, 50? Сярод іх беларусы, расейцы, яўрэі, татары. Гэта што — не халакост? Халакост. Усялякая манапалізацыя нейкіх з’яваў носіць скрайне адмоўны характар для развіцця ўсяго чалавецтва.

Гэта я кажу не ў крыўду народу, які перажыў нечуваныя выпрабаванні ў вайне, але ёсць разважны сэнс у рэшце. Калі мы ўсё павінны забыць, акрамя халакоста, якая логіка ў гэтым? Цяпер падлічыце, колькі фільмаў на гэтую тэму сталі прызёрамі розных кінафестываляў?!»

На жаль, дырэктар кінастудыі не прыводзіць ніякіх падлікаў ці прыкладаў. Таму цяжка сказаць, што ён меў на ўвазе. Фільм Рамана Паланскага «Піяніст», які атрымаў Залатую пальмавую галіну ў Кане ў 2002? А можа, «Бясслаўных вырадкаў» Тарантына, прадстаўленага на канскім фестывалі сёлета?

Прапанова падлічыць фільмы‑прызёры, у якіх, нібыта, манапалізавана тэма халакоста, нагадала мне дыскусію на адным з сайтаў. Нейкі «дыскутант» заявіў, што большасць нобелеўскіх лаўрэтаў па‑фізіцы — яўрэі. Другі ўдзельнік дыскусіі, з характэрным нікам sturman, запярэчыў: па‑першае, усе гэтыя лаўрэаты, нават тыя, хто жывуць у ЗША ці Ізраілі, скончылі савецкія ВНУ, дзе вучыліся ў расійскіх выкладчыкаў. А па‑другое, прэміі яўрэям давалі абы за што.

Напрыклад, Эйнштэйн атрымаў нобелеўку за тэорыю фотаэфекту — з’явы, задоўга да яго апісанай іншымі. (Не ўдакладняецца, ці ён таксама сканчваў фізмат МДУ). Пасля гэтага дыскусія плаўна перайшла на тэму халакосту. Яе ўдзельнікі наўпрост не казалі, што яго не было. Яны проста выказвалі спачуванне нейкаму Уільямсану, якому згодна з законамі ФРГ пагражае штраф 12 тысяч еўра за адмаўленне спальвання трупаў вязняў у газавых печках і заявы, што ў фашысцкіх канцлагерах загінулі не больш за 300 тысяч яўрэяў.
Паводле «дыскутантаў», яго пакаралі за праўду. Ясная справа — муфельныя печкі ў Асвенцыме былі такія маламагутныя, а газавыя камеры такія маленькія, што ў іх проста немагчыма было знішчыць столькі людзей (хаця хто сказаў, што гэта былі людзі?), каб колькасць ахвяр дасягнула неверагоднай лічбы 6 мільёнаў.

Ніякія рацыянальныя довады, ніякая логіка тут не дзейнічае. Але ўсё‑такі паспрабуем разабрацца з выказваннем спадара Замяталіна.

Хто манапаліст?

Можна было б спачатку зазірнуць у Вікіпедыю, каб даведацца, што значыць слова «халакост» (ад англійскага Holocaust, якое паходзіць ад грэцкага слова «усеспаленне»). У англійскай версіі Вікіпедыі даюцца два вызначэнні гэтага тэрміну. Першае — генацыд прыблізна 6 мільёнаў яўрэяў у Еўропе падчас Другой сусветнай вайны з боку гітлераўскай Германіі, а таксама яе саюзнікаў і калабарантаў.

Другое значэнне — больш шырокае, улучае сістэматычнае знішчэнне нацыстамі і іншых груп, у тым ліку палякаў, цыган, мірных савецкіх грамадзян і ваеннапалонных, інвалідаў і псіхічна хворых, гомасексуалістаў, рэлігійных і палітычных апанентаў. Агульная колькасць ахвяр генацыду ў гэтым выпадку складае ад 11 да 17 мільёнаў чалавек.

Такім чынам, няма ніякага адкрыцця ў тым, што ахвярамі халакоста былі беларусы, расійцы, яўрэі, татары і іншыя. Бо ніхто гэтага не адмаўляе. Але варта памятаць, што ў выніку Другой сусветнай вайны былі знішчаны 60% яўрэяў Еўропы, альбо траціна яўрэяў усяго свету. На канферэнцыі нацысцкага кіраўніцтва ў Ванзее, прыгарадзе Берліна 20 студзеня 1942 года была прынята праграма «канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання». Планавалася татальна знішчыць усё яўрэйскае насельніцтва Еўропы — 11 мільёнаў чалавек. Дзеля чаго і былі створаны лагеры смерці — Асвенцым, Майданэк, Сабібор, Трэблінка і шматлікія іншыя. Аб гэтым сведчаць дакументы таго часу і статыстыка. На гэтую тэму напісаны сотні тысяч манаграфій.

У прыватнасці, было знішчана 90 працэнтаў яўрэяў, якія жылі ў Германіі, у краінах Балтыі, а таксама 65 працэнтаў тых, хто жыў на акупаванай тэрыторыі Беларускай ССР.

Вядома, што савецкая прапаганда цалкам манапалізавала тэму Вялікай айчыннай вайны як у гістарыяграфіі, гэтак у літаратуры і мастацтве, асабліва ў кінематографе. Тых, хто пісаў праўду — як Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, абвінавачвалі ў «абстрактным гуманізме».
Спадчына тае прапаганды, міфы пра вайну, найперш — апалагетызацыя Сталіна захавалася і сёння. У тым ліку ў Беларусі. Але Замяталіна гэта не хвалюе. Ён абвінавачвае яўрэйскі народ (які не хоча крыўдзіць!) у манапалізацыі, ды яшчэ ў сусветных маштабах. Паводе яго атрымліваецца, што халакост — гэта нейкі прывілей. Ці, можа, прадмет зайздрасці?!

«Хто ведае, колькі мільёнаў загінула — 25, 30, 50?», — запытваецца невядома ў каго Замяталін. А хто перашкаджаў Расеі, іншым краінам былога СССР зрабіць так, як зрабіў Ізраіль, што пабудаваў музей Халакоста ў Ерусаліме, дзе захоўваецца памяць пра ўсіх загінулых, пайменна…? І што замінае стварыць на кінастудыі «Беларусьфільм» твор, блізкі паводле свайго мастацкага ўзроўню да «Піяніста» або «Катыні» Анджэя Вайды?

Ясна што — «сусветная закуліса», якая пагражае развіццю ўсяго чалавецтва. Гэта мы ўжо чулі не аднойчы…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?