Лукашэнка з Ярмошынай могуць яшчэ пашкадаваць, што намецілі прэзідэнцкія выбары на разгар наступнай зімы.

З аднаго боку, маразы, канечне, добры сродак супраць аматараў ладзіць майданы. Але раптам падкладзе свінню якая-небудзь чарговая эпідэмія з жывёльнай пысай?

Свіны грып ужо сёння стаў палітычным феноменам. Так, на Украіне эпідэмію адразу ператварылі ў інструмент перадвыбарнай барацьбы. Але факт і тое, што Кіеў без ваганняў, аператыўна звярнуўся па міжнародную гуманітарную дапамогу. Польшча адразу адрэагавала, прэм’ер Туск абяцае падтрымку ад імя не толькі Варшавы, але і Бруселя. Ужо шлюць лекі украінцам іншыя краіны Еўразвязу.

Ад эпідэміі не застрахавана ніводная краіна, як дыктатура, гэтак і сталая дэмакратыя. Багатыя таксама плачуць. Дэкларацыяй ад 26 кастрычніка Абама асабіста абвесціў свіны грып агульнанацыянальным бедствам.

Заўважце: і самая магутная дзяржава свету не саромеецца прызнацца: так, у нас бедства, навала, якой цяжка даць рады!

Беларускае ж начальства найперш заклапочана, каб не пахіснулася сакральная, міфалагізаваная, ператвораная ў ідэалагічны фетыш стабільнасць.

Адсюль ўсе гэтыя падпіскі аб неразгалошванні для дактароў, цкаванне прэсы, няўцямны пык-мык службовых асоб, якія прывучаны рапартаваць перад Самім (прычым падаваць усё ў ажуры), але не ўмеюць ладзіць дыялог з грамадой.

Нашы апазіцыйныя партыі гэтым разам зрэагавалі хутка: запатрабавалі адстаўкі міністра аховы здароўя, рубам паставілі пытанне пра свінскі падыход уладаў да інфармавання насельніцтва пра эпідэміялагічную абстаноўку. Але ж хто пачуе камарыны звон з палітычнага андэграунду? Уладная манаполія на медыйную сферу глушыць любую крытыку.

Асобнае пытанне, чаму ў краіне раскошных лядовых палацаў так слаба з пігулкамі ды марлевымі павязкамі, а сістэма аховы здароўя наглядна ілюструе ў гэтыя дні прымаўку “дзе тонка, там і рвецца”. Канечне, пры такой паніцы ніякіх фармацэўтычных запасаў не хапіла б. Але давайце разбірацца далей: чаму народ панікуе?

Народ памятае Чарнобыль, дэвальвацыю ды іншыя форс-мажоры, калі ўлада элементарна пудрыла мазгі, а потым гэта вылазіла бокам.

Цяпер галоўны папрок — нават не за тое, што лекаў ды шпітальных ложкаў мала. Фанатычная вера нашага люду ў таблетку — гэта асобная тэма. Абурае невыкараняльны рэфлекс вярхоў: найперш рабіць добрую міну.

Зараз спахапіліся: шыла ў мяху не ўтоіш, трэба нешта казаць людзям. Аднак дзеячы Мінздароўя ды іншыя службовыя асобы выглядаюць, мякка кажучы, непераканаўча. Эфект ад іх рыторыкі: усё пад кантролем, вінаваты журналісты і г.д. — адваротны. Заява чыноўніцы Мінінфармацыі, вытрыманая ў саўковай стылістыцы (лейтматыў — “пресекать попытки дезинформировать”), толькі дыскрэдытуе ўладу. Народ успрымае такія вокрыкі адназначна: ад нас хочуць утоіць праўду!

Апарат улады элементарна не навучаны культурна і пераканаўча размаўляць з грамадствам (і нават не даганяе, што гэта адна з галоўных функцый, абавязак). Ён можа ці грузіць прапагандай, ці палохаць карамі. Але тут не той выпадак, каб павышаць голас.

Гэта супраць купкі апазіцыянераў можна ладзіць мачылава на фоне татальнай апатыі. Наступ жа свінога грыпу палітызаваў менавіта абыватальскую масу.

У шпіталях, аптэчных чэргах бэсцяць начальства хатнія гаспадыні, заклапочаныя матулькі, пенсіянеры ды іншыя прадстаўнікі “цвёрдага электарату”. Страх за жыццё — наймагутнейшы чыннік палітызацыі. Ужо тут хлусню і замоўчванне абываталь не даруе.

Народ памятае, як днямі Лукашэнка даваў дыхту за адмоўнае сальда ды падобныя не надта зразумелыя макраэканамічныя рэчы. Масавая свядомасць (на шчасце кіроўных вярхоў!) марудна асэнсоўвае сувязь між макраэканомікай і ўласным кашальком. А вось у сітуацыі з наступам дэманізаванага вірусу электарат імгненна выстаўляе рахунак непасрэдна высокаму начальству: чаму наверсе не паклапаціліся? Галоўны начальнік сам гадаваў гэтыя містычныя спадзевы на мудрага цара, гэты агрэсіўны патэрналізм, убіваючы ў галовы, што ад яго ў гэтай краіне залежыць усё. Чаму ж ён маўчыць зараз? — думае просты люд.

Па логіцы рэчаў Лукашэнка мусіць як мага хутчэй склікаць нейкую экстранную нараду і даць разгон чарговай групе падначаленых “лайдакоў”. Магчыма, так і адбудзецца. Піяраўскі спектакль дапаможа выпусціць пару. Ды і сама грыпозная навала некалі ж пройдзе, ажыятаж спадзе.

Але свіны грып — гэта прыватны выпадак. Гэта ўзор, ілюстрацыя нечаканага для ўладаў выкліку. Для савецкага кіраўніцтва такім выклікам стаў Чарнобыль — і нават перабудоўшчык Гарбачоў тэст на галоснасць тады праваліў.

Для Беларусі Лукашэнкавай эпохі выклікамі сталі ўжо, у прыватнасці, выбух ля стэлы, фінансавы крызіс, дэвальвацыя, паніка ў звязку з наступам новага вірусу — і гэты спіс, на жаль, не канчатковы.

Падобныя выклікі будуць накочвацца раз-пораз. Ад іх не застрахавана ніводная краіна ў нашым недасканалым, выбухова-тэхналагічным і ўсё болей знітаваным свеце. Але ў айчыннай сітуацыі мы кожны раз бачым яшчэ і анахранізм сістэмы, зарыентаванай на прапагандысцкую туфту пра непарушную стабільнасць.

Між тым галоўным, татальным выклікам становіцца, незалежна ад усякіх эпідэмій, імператыў мадэрнізацыі краіны.

Тады, між іншым, будзе болей і лекаў, і добрых шпіталёў, і дыягнастычнай апаратуры.

Імператыў мадэрнізацыі нібыта разумее ўжо і ўлада. Але яна не хоча мяняць правілы гульні і таму непазбежна апынаецца ў пастцы саўковай мадэлі. Маўляў, у нас, пры мудрым кіраўніцтве, такога жаху (крызісу, негатоўнасці да эпідэміі — патрэбнае падкрэсліць) не можа быць паводле азначэння! Хто плявузгае — ворагі. Прэсе: маўчаць, пакуль зубы тырчаць! І далей ў такім вось духу.

Кіроўная вярхоўка спатыкаецца, тармозіць, недаравальна спазняецца і робіць неадэкватныя крокі ў кожнай нестандартнай сітуацыі, пры кожным форс-мажоры. І гэта заканамерна.

Няма паўнавартаснага набору галінаў улады, якія б перакрыжавана сачылі адна за адной. Няма грамадскага кантролю над дзяржаўным апаратам, што перашкаджала б утойваць інфармацыю. Няма нармальнай медыясферы, якая б высвечвала масштаб праблемы без аглядкі на пугу.

Выснова ляжыць на паверхні. Хранічна хворая сістэма. Дыягназ — паталагічная хлуслівасць. Усё запушчана. І галоўнае — лячыцца не хоча!

Аляксандр Класкоўскі.

Публікацыі па тэме: свіны грып, праблема інфармавання, паніка, рэакцыя ўладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0