31-гадовы жыхар Мінска затрыманы па падазрэнні ў забойстве сваёй жонкі, лекара дзіцячай паліклінікі.
Пракуратурай Заводскага раёна Мінска расследуецца справа па ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса па факце забойства 31‑гадовай мінчанкі, доктаркі дзіцячай паліклінікі.
Як паведамлялася, труп жанчыны быў знойдзены 6 лістапада ў пад’ездзе дома па вуліцы Несцерава. Смерць наступіла ад тупой траўмы галавы з пераломам касцей чэрапа. Спачатку меркавалася, што жанчыну забілі сякерай. Цяпер, паводле чутак, следчыя схіляюцца да версіі, што яе проста са зверскай сілай ударылі галавой у вушак.
10 лістапада па падазрэнні ў забойстве затрыманы муж жанчыны, 31-гадовы мінчанін.
Раней падазравалі забойства з мэтай рабавання — у ахвяры прапаў мабільны тэлефон.
У загінулай засталіся двое дзяцей — чатырох і дзевяці гадоў.