Аптэкі па‑ранейшаму не ў стане задаволіць павышаны попыт.

Пра гэта сведчыць праведзенае БелаПАН апытанне дзяржаўных і прыватных аптэк Мінска.

Па стане на 13 гадзін 12 лістапада ў аптэках сталіцы

назіраўся востры дэфіцыт супрацьвірусных лекаў.

У шэрагу дзяржаўных аптэк РУП «Белфармацыя» паведамілі, што «Арпетол» і аксалінавая мазь паступілі сёння раніцай і былі раскуплены за некалькі гадзін. Так, у аптэцы «Белфармацыі» №19 адзначылі, што было прададзена каля 400 упаковак «Арпетола». Наступную партыю лекаў тут чакаюць да канца сённяшняга дня або заўтра.

Пры гэтым у камерцыйныя аптэкі ні «Арпетол», ні аксалінавая мазь не паступалі наогул.

Фармацэўты раяць звяртацца па гэтыя лекавыя сродкі ў дзяржаўную аптэчную сетку або пачакаць некалькі дзён.

Як паведамлялася раней, на мінулым тыдні РУП «Белфармацыя» накіравала ў канцэрн «Белбіяфарм» ліст з просьбай павялічыць вытворчасць шэрагу супрацьгрыпозных сродкаў у сувязі з павышаным попытам на гэтыя прэпараты. Прадстаўнікі канцэрна запэўнівалі, што фармацэўтычная прамысловасць гатова поўнасцю задаволіць гэты запыт.

Як паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства аховы здароўя, цяпер «назіраецца значнае памяншэнне патоку пакупнікоў у аптэках краіны».

Па стане на 11 лістапада, паводле інфармацыі міністэрства, на аптэчных складах былі ў наяўнасці такія супрацьвірусныя прэпараты, як «Арпетол», «Рэмантадзін», аксалінавая мазь.

Алена Спасюк, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0