Для галоўнага трэнера мінскага «Юнацтва» і зборнай Украіны Міхаіла Захарава прызначэнне на пасаду галоўнага трэнера хакейнай зборнай стала «велізарнай нечаканасцю». Аб гэтым ён заявіў на прэс‑канферэнцыі ў Мінску 19 лістапада.

«З другога боку, я рады гэтаму прызначэнню», — сказаў Захараў. Паводле слоў трэнера, 90% хакеістаў, якія выступаюць у зборнай, з’яўляюцца выхаванцамі «Юнацтва», з якімі ён непасрэдна працаваў. «Да Алімпіяды мы будзем працаваць разам увогуле 14 дзён. Я перагаварыў з усімі хлопцамі. Яны задаволеныя выбарам, зробленым нашымі кіраўнікамі. Задачы будуць ставіцца максімальныя», — адзначыў Захараў.

Пад максімальнымі задачамі ён разумее «найперш выхад у васьмёрку мацнейшых» на Алімпіядзе ў Ванкуверы,

бо «група цяжкая». «Потым трэба думаць, там усё адна гульня будзе вырашаць, і на гэтую гульню трэба выходзіць. Канешне, трэба гуляць з усімі, але на рэчы трэба глядзець рэальна», — падкрэсліў Захараў.

На думку трэнера, алімпійскі хакейны турнір будзе самым моцным за ўсю гісторыю.

На просьбу пракаментаваць пастаўленую Федэрацыяй хакея задачу выступіць у Ванкуверы не горш, чым на Алімпіядзе 2002 года ў Солт‑Лэйк‑Сіці, калі каманда заняла чацвёртае месца, Захараў адзначыў: «Заяўляць можна што хочаце. Але трэба аналізаваць. Колькі гульцоў НХЛ будзе ў нас і ў сапернікаў? Колькі нашых абаронцаў маюць гульнёвую практыку? Добра, што ў нас ёсць варатары».

Трэнер падкрэсліў, што члены зборнай, якія выступаюць у мінскім «Дынама», павінны мець больш гульнёвай практыкі. «Для чаго тады мы гэтую каманду рабілі? Усім трэба зразумець, што гэта грошы дзяржаўныя, а не спонсарскія. Гэтая каманда стваралася пад Алімпійскія гульні», — сказаў ён.

Захараў сам напісаў заяву з просьбай разгледзець яго кандыдатуру на пасаду галоўнага трэнера зборнай і аднёс у прыёмную Міністэрства спорту і турызму.

«Матывацыяй для напісання заявы было тое, што ўсе да аднаго гульца мяне падтрымалі, усе гатовыя са мной працаваць. Усё‑такі сітуацыя была складаная. Змена трэнерскага корпусу, мяркую, была няправільнай, таму гульцы павінны ведаць чалавека, з якім яны будуць далей працаваць», — сказаў Захараў. Пры гэтым ён адзначыў, што, узначаліўшы зборную, пайшоў на рызыку. У 2005 годзе пад яго кіраўніцтвам каманда не змагла трапіць на алімпійскі турнір у Турыне. Паводле слоў Захарава, прычынай гэтаму сталі перш за ўсё яго памылкі і недахоп вопыту.

Захараў ухіліўся ад прамога адказу на пытанне, ці павіншаваў яго з прызначэннем прэзідэнт НАК Аляксандр Лукашэнка, аднак адзначыў, што яго «павіншавалі ўсе, акрамя федэрацыі».

Новы галоўны трэнер «на 90%» вызначыўся з асістэнтамі. Імі павінны стаць галоўны трэнер мінскага «Дынама» Аляксандр Андрыеўскі і галоўны трэнер ніжнякамскага «Нафтахіміка» Уладзімір Крыкуноў. Акрамя таго, Захараў разлічвае дамовіцца з Дэйвам Льюісам, які быў асістэнтам у ранейшага настаўніка зборнай Глена Хэнлана.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0