Спашукальнік вучонай ступені будзе пазбаўляцца на пяць гадоў права абароны новай дысертацыі не толькі ў выпадку выяўлення плагіяту, але і пры выяўленні фальсіфікацыі або падлогу ў любых прадстаўленых матэрыялах.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, такое палажэнне прадугледжана ва ўказе № 556 ад 17 лістапада, які ўнёс змены і дапаўненні ў палажэнне аб прысуджэнні вучоных ступеняў і прысваенні вучоных званняў у Беларусі.

Дакументам вызначаны шэраг мер, накіраваных на павышэнне якасці экспертызы дысертацый на пачатковых этапах іх разгляду.

Прадугледжаны працэдуры, накіраваныя на забеспячэнне абароны інтарэсаў спашукальнікаў і аб'ектыўнасці пры прыняцці адмоўных рашэнняў у савеце па абароне дысертацый. Спашукальнікі вучоных ступеняў набылі права выкарыстоўваць у кандыдацкіх дысертацыях матэрыялы іх магістэрскіх работ.

Акрамя таго, ва ўказе дыферэнцыяваныя патрабаванні да спашукальнікаў вучонага звання дацэнта з улікам таго, працуюць яны ў ВНУ або ў навуковых арганізацыях,

а таксама прадугледжана прыраўноўванне звання старшага навуковага супрацоўніка да звання дацэнта з выдачай адпаведнага атэстата.

У мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў абавязковае апублікаванне ў газеце аб'явы аб абароне дысертацыі заменена на размяшчэнне такой аб'явы на афіцыйным сайце ВАК.

«Рэалізацыя ўказа забяспечыць удасканаленне прававога рэгулявання ў сферы атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных работнікаў вышэйшай кваліфікацыі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?