Юрыст Юры Чавусаў: Пры першай жа крымінальнай справе па гэтых артыкулах — крымінальныя справы супраць падазроных асобаў у эўрапейскіх судах. Толькі гэтак можна стрымаць ператварэньне Беларусі ў таталітарную дзяржаву.

Папраўкі ў Крымінальны й Крымінальна-працэсуальны кодэкс, прынятыя 25 лістапада ў першым чытаньні на пасяджэньні палаты прадстаўнікоў, уводзяць крымінальную адказнасьць за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі» і «заклікі да дзеяньняў на шкоду Беларусі». Гэтак у савецкі час іншадумцаў каралі за «антысавецкую агітацыю». Юрысты і праваабаронцы бачаць у сьпешна прынятым акце спробу запалохаць грамадзтва.

Законапраект прыйшоў на разгляд ад Лукашэнкі 23 лістапада з пазнакай «тэрміновы», а ўжо 25 лістапада яго рэклямаваў дэпутатам кіраўнік КДБ Сьцяпан Сухарэнка. «Уражвае цынізм, зь якім усё гэта робіцца: улада нават не спрабуе хаваць, што ўсё адбываецца ў сувязі з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі», — кажа праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Што дадалося? Артыкул 193-1 «Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці»: за ўдзел у ліквідаваных ці прыпыненых арганізацыях пагражае штраф, альбо арышт да 6 месяцаў, альбо пазбаўленьне волі да 2 гадоў. Той, хто выйдзе з такой арганізацыі й данясе на яе «органам», вызваляецца ад адказнасьці.

Юрыст Валянцін Стэфановіч (ліквідаваны «Праваабарончы цэнтар «Вясна») кажа, што ад гэтага артыкулу пацерпіць актыўная моладзь — найперш сябры незарэгістраваных «Маладога фронту» й «Зубра». Ёсьць пагроза і праваабаронцам ды іншым прадстаўнікам ліквідаваных арганізацый: яны пазбаўляюцца ідэнтыфікацыі й могуць дзейнічаць толькі як фізычныя асобы.

Юрыст Юры Чавусаў займаецца абаронай незарэгістраваных грамадзкіх арганізацый: «Мы цяпер робім усё, каб распачаць працэс масавай рэгістрацыі беларускіх арганізацый за мяжой. Гэта не вырашае праблемы цалкам, але дазваляе прынамсі ідэнтыфікаваць сябе зь легальнай арганізацыяй. Калі нехта кажа, што ён сябра Беларускага Шуманаўскага таварыства, зарэгістраванага ў Польшчы, то ніхто ня можа прымусіць яго адмовіцца ад гэтага: статут арганізацыі ў Польшчы дазваляе прымаць беларускіх грамадзян. І павінна быць рэакцыя міжнароднай супольнасьці, бо гэта — стварэньне таталітарнай дзяржавы з палітычнымі артыкуламі ў Крымінальным кодэксе. Адказ мусіць быць адэкватным: пры першай жа крымінальнай справе па гэтых артыкулах — крымінальныя справы супраць падазроных асобаў у эўрапейскіх судах. Прыцягненьня да адказнасьці ад імя незарэгістраваных арганізацый не было нават у Савецкім Саюзе — была «антысавецкая агітацыя». Але дзейнічалі нефармальныя згуртаваньні, аб’яднаньні накшталт «Талакі». Апошні раз на тэрыторыі Беларусі крымінальны перасьлед за незарэгістраваную грамадзкую інцыятыву быў у 1930-я гады на тэрыторыі Польшчы — за дзейнасьць ад імя Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі».

У арт.293 арышт да 6 месяцаў альбо пазбаўленьне волі да 2 гадоў прадугледжваецца за «навучаньне ці іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаваньне такіх дзеяньняў».

Арышт да 6 месяцаў або пазбаўленьне волі да 2 гадоў замацаванае і ў арт.342 за «навучаньне ці іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзянскі парадак, а таксама фінасаваньне ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці». У інтэрвію агенцтву Reuters кіраўнік КДБ назваў міжнародных фундатараў такой дзейнасьці: «Гэта амэрыканскія Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі, Міжнародны рэспубліканскі інстытут, разьмешчаныя ў Польшчы Ўсходнеэўрапейскі дэмакратычны цэнтар, фонд імя Сьцяпана Батуры, польска-амэрыканскі Інстытут дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе».

Чавусаў кажа, што першых крымінальных спраў варта чакаць менавіта па гэтых артыкулах: «Цяпер уся адукацыйная дзейнасьць, у тым ліку і навучаньне назіральнікаў за выбарамі, будзе жорстка спыняцца. Калі мы сёньня навучаем назіральнікаў у зарэгістраваным офісе партыйнай арганізацыі — гэта законная дзейнасьць. Уладам даводзіцца шукаць нейкія прычыны: пажарнікаў выклікаць і г.д. Цяпер гэта будзе крымінальны артыкул! Да таго ж, у Законе пра экстрэмізм даецца вельмі шырокае тлумачэньне экстрэмісцкай дзейнасьці. Цяпер у палаце прадстаўнікоў ляжыць дакумэнт, які прадугледжвае да 25 гадоў пазбаўленьня волі за такую дзейнасьць».

Заклікі да замежных дзяржаў, замежнай ці міжнароднай арганізацыі «зьдзейсьніць дзеяньні на шкоду вонкавай бясьпецы Беларусі, яе сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, а таксама распаўсюджваньне матэрыялаў, якія зьмяшчаюць такія заклікі», пацягнуць за сабой арышт ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Распаўсюджваньне такіх заклікаў праз СМІ павялічвае кару — пазбаўленьне волі ад 2 да 5 гадоў.

«Ноў-хаў беларускага рэжыму» назваў А.Гулак новы артыкул Крымінальнага кодэксу — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусі». Арыштам да 6 месяцаў альбо пазбаўленьнем волі да 2 гадоў будзе карацца «перадача замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі заведама хлусьлівых зьвестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае ці міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусі, прававое становішча грамадзян Рэспублікі Беларусі ці яе органаў улады».

На думку А.Гулака, гэты артыкул накіраваны найперш супраць праваабаронцаў: «Значыць, цяпер мы ня зможам падаваць у міжнародныя арганізацыі нашы даклады, калі будуць фальсыфікацыі на выбарах, бо гэта будуць называць хлусьлівымі зьвесткамі». Яго падтрымлівае Валянцін Стэфановіч: «Улады не прызнаюць фактаў катаваньняў, фактаў перасьледу ў Беларусі — значыць, іх нельга будзе перадаваць у камісію ААН, у ПАРЭ, у «Міжнародную амністыю». Пад гэты артыкул можа трапіць любы палітык, які заявіць, што падчас выбараў былі парушэньні». Па гэтым артыкуле могуць праходзіць нават звычайныя грамадзяне Беларусі, якія дадуць інтэрвію ці камэнтар замежным мас-мэдыям.

Ю.Чавусаў, аднак, зьвяртае ўвагу на тое, што згодна зь сёньняшнім заканадаўствам усе правапарушэньні, учыненыя па-за межамі Беларусі, перасьледуюцца нашымі праваахоўнымі органамі толькі ў тым разе, калі ўчынак лічыцца злачынствам і ў той краіне, дзе ён зьдзейсьнены: «Выказваньні, зробленыя па-за межамі Беларусі, ня ёсьць падставай для крымінальнага перасьледу. Прынамсі, паводле цяперашняга заканадаўства. Іншая рэч, што могуць быць унесеныя зьмены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс».

Акрамя пералічаных новаўвядзеньняў, цяпер прадугледжваецца затрыманьне тэрмінам да 10 дзён асоб, якіх падазраюць у тэрарызьме ці зьдзяйсьненьні асабліва злоснага хуліганства.

«Рэжым здымае маску. Больш няма прыцягненьня па эканамічных пытаньнях, іншых правапарушэньняў ня трэба шукаць — ёсьць чыста палітычныя артыкулы! Першая мэта — запалохаць, другая — спыніць дзейнасьць праваабарончых арганізацый, трэцяя — далейшая інфармацыйная ізаляцыя беларускага грамадзтва», — перасьцерагае Ю.Чавусаў.

Разгляд законапраекту ў другім чытаньні назначаны на 1—2 сьнежня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру