У Нацыянальным банку няма адназначнага тлумачэння прычын тэндэнцыі падзення ў Беларусі попыту насельніцтва на залатыя мерныя зліткі.

Пра гэта заявіў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс‑сакратар галоўнага банка краіны Анатоль Драздоў.

«Дакладнага тлумачэння такой тэндэнцыі няма, паколькі апытанне сярод пакупнікоў не праводзілася.

Меркаваць можна аб недахопе ў грамадзян свабодных сродкаў, або наяўнасці іншага, больш прывабнага аб’екта для інвестыцый», — сказаў прадстаўнік Нацбанка.

Паводле звестак галоўнага банка краіны, аб’ём прададзеных насельніцтву ў студзені—лістападзе 2009 года залатых мерных зліткаў склаў 1.074,4 кг (40.098 штук). Гэта на 42% менш, чым за аналагічны леташні перыяд.

Залатыя мерныя зліткі насельніцтву прадае Нацбанк праз свае галоўныя ўпраўленні і аддзяленні (са жніўня 2001 года) і шэраг камерцыйных банкаў. За гэты час агульная вага прададзеных зліткаў склала каля 6.107 кг, выкупленых назад — 827 кг. Зліткі выраблены з золата найвышэйшай пробы (999) наміналам 1, 5, 10, 20, 50, 100, 250, 500 грамаў і 1 кг. Цяпер у наяўнасці ёсць зліткі ўсіх наміналаў. Аперацыі з імі ажыццяўляюць усе галоўныя ўпраўленні Нацбанка па абласцях і Мінску, а таксама аддзяленні ў Бабруйску, Барысаве, Маладзечне, Мазыры, Драгічыне, Баранавічах, Пінску, Жлобіне, Лідзе, Оршы і Полацку.

Пра кошт золата ў мерных злітках для фізічных і юрыдычных асобаў можна даведацца на сайце Нацыянальнага банка Беларусі nbrb.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?