Наступіла пара года, калі ад раніцы трэба паліць святло ў хаце. З паўдня — цямнее. Настрою ніякага няма. Псіхолагі завуць гэта сезонным эмацыйным разладам (SAD). Як яго перамагаць?

Паводле статыстыкі, да гэтай хваробы схільныя 6% амерыканцаў, 8% канадцаў, 10% брытанцаў і 20% жыхароў скандынаўскіх краін, піша Wall Street Journal. Чым далей ад экватара, тым больш людзей пакутуюць на SAD.

Беларусь не выключэнне — паглядзіце на твары пасажыраў у метро раніцай. Людзі ўжо стомленыя, а дзень і пачацца не паспеў. Сімптомы: дэпрэсія, млявасць, раздражняльнасць. Калі ў вас рэзка падвысіўся апетыт і вы прагнеце вугляводных прадуктаў, гэта таксама адна з прыкметаў SAD.

Выклікае SAD, найхутчэй, памяншэнне светлавога часу сутак увосень і ўзімку. Скарачэнне дня парушае біялагічныя гадзіны, якія адказваюць за адчуванне часу. Або цемра руйнуе працэсы ў мозгу, якія адказваюць за настрой. А меншая колькасць сонечных промняў абвастрае недахоп вітаміна D.

Але гэтыя тэорыі не тлумачаць, чаму пік сімптомаў назіраецца ў студзені і лютым, калі дзень ужо расце. Ці чаму SAD больш моцна праяўляецца ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, ці чаму жанчыны пакутуюць ад яго ўтрая часцей за мужчынаў. Пры гэтым, да прыкладу, сярод насельніцтва Ісландыі гэтага захворвання амаль няма.

Самае папулярнае лячэнне — святлотэрапія.

Трэба пасядзець перад яркай лямпай 15—20 хвілін у дзень, раяць навукоўцы з Калумбійскага ўніверсітэта (ЗША). Гэта дапамагае пазбавіцца 80% сімптомаў. Вынікі маюць быць праз тры дні, хоць лячэнне варта працягваць мінімум тры тыдні.

Антыдэпрэсанты. Калі святло не дапамагае, можна паспрабаваць пігулкі. Але ўсё ж святлолячэнне нясе ў сабе менш пабочных эфектаў.

Вітамін D. Ён выпрацоўваецца арганізмам падчас уздзеяння на скуру сонечных прамянёў, узімку яго колькасць рэзка памяншаецца. Загар у салярыі дапамагае арганізму выпрацоўваць вітамін D і падняць настрой за кошт стымуляцыі эндарфінаў. Аднак такі загар нясе сур’ёзную рызыку — рака скуры, пашкоджанняў сятчаткі вачэй, ранняга старэння.

Практыкаванні на свежым паветры. Для тых, у каго няма часу бегаць уранку, можна замяніць паездку на працу шпацырам да офіса пешкі. Яшчэ адзін варыянт — дыета з адмовай ад спажывання вугляводных прадуктаў. Больш гародніны і лёгкая ежа дапамогуць наладзіць выкіды інсуліну, што таксама паляпшае настрой.

Калі гэтыя варыянты для вас занадта простыя, заўсёды можна паспрабаваць тэхналагічныя навінкі.

Сімулятары світанку. Светлавы будзільнік стварае павольнае світанне ў вашым пакоі. Паступова святло становіцца ярчэйшым і падрыхтоўвае арганізм да абуджэння. Пасля такога будзільніка ўставаць прасцей і прыемней.

Іянізатары. Пасля навальніцы паветра зараджанае малекуламі кіслароду з дадатковымі электронамі ці адмоўнымі іонамі, якія станоўча ўплываюць на настрой. На рынку ёсць некалькі мадэлей генератараў іонаў. Некаторыя выглядаюць як бранзалеты, іх можна насіць на руцэ. Іншыя — паставіць ў пакойчыку і яны перыядычна будуць выкідаць у паветра іоны, якія палепшаць атмасферу, напрыклад, на працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?