На кінастудыі «Беларусьфільм» плануецца зняць карціну са статусам «нацыянальнага фільма».

Пра гэта заявіў 14 снежня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка.

Паводле яго слоў, ужо адабраны шэсць тэм, галоўным чынам гістарычнага характару, якія могуць скласці аснову «нацыянальнага фільма».

У іх ліку — ідэя зрабіць экранізацыю аднаго з найбуйнейшых твораў Уладзіміра Караткевіча і сцэнарый, прысвечаны жыцці Ефрасінні Полацкай
.

Як паведаміў Рылатка, да канца 2010 года плануецца зацвердзіць сцэнарый «нацыянальнага фільма». Ён адзначыў, што для здымкаў карціны спатрэбяцца значныя сродкі.

Паводле слоў першага намесніка міністра, у законе ёсць пэўныя патрабаванні да такога праекта. Па‑першае, гэта павінен быць маштабны фільм, які адлюстроўваў бы найбольш важныя падзеі нацыянальнай гісторыі. Па‑другое, ён павінен быць створаны беларускімі вытворцамі — рэжысёрам і акцёрамі. Як адзначыў Рылатка, калі на «Беларусьфільме» пачалі здымаць карціну «Анастасія Слуцкая» (2003), спадзяваліся, што яна стане

«нацыянальным фільмам», аднак «з‑за розных прычын» усё ж гэты праект не зусім адпавядае статусу «нацыянальнага».

Галоўны рэдактар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Наталля Сцяжко падкрэсліла, што ў «нацыянальным фільме» павінны паспяхова спалучацца і сцэнарый, і рэжысёр, і сродкі, і магчымасці кінастудыі. Паводле яе слоў, гэты праект знаходзіцца пад патранажам прэзідэнта, і, перш чым прапанаваць кіраўніку дзяржавы штосьці на зацвярджэнне, на «Беларусьфільме» павінны быць упэўненыя да канца, што «гэта сапраўды будзе нацыянальны праект».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?