Сьвежым вокам зірнуць на рыторыку і тактыку беларускай апазыцыі: такую прапанову зрабіў палітолягу Нэрыюсу Прэкявічусу часопіс «ARCHE». Поўны тэкст дасьціпнага артыкулу можна прачытаць у нумары часопісу, што выйдзе на наступным тыдні. Мы ж прапануем зь яго тры выцінкі, у якіх аўтар аналізуе:

— перадвыбарныя абяцаньні апазыцыі на ўзоры праграмнага артыкулу Анатоля Лябедзькі;

— падрыхтоўку да выбараў, як яе апісвае Аляксандар Мілінкевіч;

— і першую буйную палітычную акцыю пакангрэсавай апазыцыі — Дня салідарнасьці 16 кастрычніка.

Фантастычныя абяцанкі

Каб перамагчы, апазыцыя мусіць пераканаць грамадзянаў, што будзе кіраваць лепей за цяперашні рэжым. Зь якой жа праграмай выступае беларуская апазыцыя? Погляды Анатоля Лябедзькі былі выкладзеныя перад Кангрэсам дэмакратычных сілаў у артыкуле «Куды ты прыйдзеш, Беларусь». Час зьяўленьня артыкулу і яго зьмест сьведчаць, што ён выступае перадвыбарнай праграмай прынамсі АГП. А з улікам таго, што менавіта А.Лябедзька ўзначаліў Нацыянальны выканаўчы камітэт — мазгавы цэнтар, адказны за выпрацоўку праграмы адзінага кандыдата — яны праектуюцца на цэлую апазыцыю.

Гэты тэкст поўны адмаўленьняў («не існуе забаронаў і абмежаваньняў на мастацтва і культурную спадчыну іншых краінаў»), хоць адмаўленьне адмаўленьня — тыпова абарончая тактыка. Ён пабудаваны на дыхатаміях: «выкарыстаем найлепшае на плянэце, а ня танныя сурагаты». Такія прыёмы падкрэсьліваюць супрацьпастаўленьні. Але яны маюць і пабочны эфэкт — адштурхоўваюць чытачоў, якія ня так драматычна ўспрымаюць цяперашнюю сытуацыю. У выніку яны могуць не прыняць і прапанаванага бачаньня будучыні.

Праблема Лябедзькавага credo яшчэ і ў тым, што аўтар ужывае шмат малавядомых або абстрактных тэрмінаў, якія цяжка спалучыць з эмацыйнымі вобразамі. «Нанатэхналёгіі», «інавацыйная», «капіталізацыя», «іпатэчныя крэдыты» — усё гэта загадкі для паспалітага чытача. Апагеем неэфэктыўнага дыскурсу трэба прызнаць фразу «Банкі маюць агульнапрызнаныя інвэстыцыйныя рэйтынгі». «Мне цяжка рабіць абагульненьні наконт узроўню беларускай аўдыторыі, але я ўпэўнены, што гэты сказ зразумеюць менш як 5% літоўцаў», — піша Прэкявічус. А тыя, хто зразумее, падумаюць, што аўтар, напэўна, меў на ўвазе рэйтынгі крэдытныя.

Іншы недахоп тэксту — у навязваньні клішэ: «Міліцыянэр — памочнік і партнэр грамадзяніна». Клішэ — сродак паразумецца зь незычліва настроенай аўдыторыяй. Але ж клішэ нікога ніколі не падштурхне зьмяніць погляды.

Артыкул перапоўнены абяцаньнямі лепшага жыцьця — яны сустракаюцца нават часьцей, чым у прамовах прэзыдэнта. Аднак А.Лукашэнка спалучае свае абяцанкі зь мінулымі і сучаснымі падзеямі. Мроі ж лідэра апазыцыі падвісаюць у паветры — ён не прапісвае практычных захадаў, якія б ператваралі мрою ў рэальнасьць.

Возьмем заявы: «40% беларусаў звыкла вячэраюць у рэстаранах», «за мяжой адпачывае… 30% беларускіх сем’яў». Яны наўрад ці стасуюцца з тэзісам «рост цэнаў — ня болей за 2% у год», бо нерэальна разьлічваць на такое рэзкае павелічэньне аб’ёмаў спажываньня пры захаваньні стабільных цэнаў. Таксама няпроста спалучыць разьвіцьцё сацыяльных праграмаў і павышэньне пэнсіяў са зьніжэньнем падаткаў — мантрай лібэральнай апазыцыі.

У артыкуле трапляецца нямала фантастычных заяваў, напрыклад, з галіны сельскай гаспадаркі: «Ураджай збожжавых не 25 ц/га, а 100 ц/га». За апошнія 10 гадоў такой прадукцыйнасьці не дасягала ніводная краіна ЭЗ. А Лябедзька падае гэта за рэалістычную мэту.

Усялякая мара мае сэнс у той ступені, у якой яна абапіраецца на рэчаіснасьць. Дапамагае ператварыць мрою ў рэальнасьць толькі зварот да практыкі.

Можна па-рознаму тлумачыць, чаму ў заявах лідэраў апазыцыі зьяўляюцца неабгрунтаваныя мроі і фактычныя недакладнасьці. Прычынай можа быць жаданьне павялічыць палітычную актыўнасьць выбарцаў, распаліўшы ў іх пачуцьцё нацыянальнай годнасьці. Аднак зварот да эмоцый аўдыторыі траціць эфэктыўнасьць, калі разам зь ім не прапануюцца канкрэтныя рашэньні.

Пустыя пагрозы

Гэта былі перадвыбарныя абяцаньні. А што з падрыхтоўкай да працэсу галасаваньня?

Вось чаго чакае кандыдат ад Адзіных дэмакратычных сілаў (аўтар цытуе паводле інтэрнэт-форуму з Аляксандрам Мілінкевічам 8 кастрычніка): «Рэальнага падліку галасоў ня будзе. Цэнтравыбаркам абнародуе лічбы, па якіх акажацца, што выйграў Лукашэнка, прычым у першым туры». Гэтая заява ўзьнімае шматлікія пытаньні. Па-першае, як апазыцыя даведаецца, што вынікі сфальшаваныя? Кандыдат на гэтае пытаньне не адказвае.

Ці магчыма папярэдзіць фальсыфікацыі? Прапанаваныя мэтады нельга назваць удалымі: «Сябры камісіяў… атрымаюць папярэджаньні аб тым, што фальсыфікацыя — гэта парушэньне канстытуцыі, за якое давядзецца несьці крымінальную адказнасьць». Пагрозы, не падмацаваныя рэсурсамі, — пусты гук. Гэта, напэўна, ведае і сам кандыдат. А зрабіць іх рэальнымі можа толькі народная падтрымка, прынамсі, ня меншая за тую, што маюць улады.

Акцэнт на фальсыфікацыях стварае ўражанне, што апазыцыя можа любыя афіцыйныя вынікі абвясьціць несапраўднымі і перайсьці да масавых акцый. Іншымі словамі, мэта апазыцыі — не заваяваць галасы, а мабілізаваць актывістаў: «маем шанец прыйсьці да людзей і сказаць ім праўду, умацаваць іх дух і паменшыць страх». Аднак гэтыя мэты, дарма што ўзаемазьвязаныя, усё ж істотна адрозьніваюцца. Шматкротна паўтораная апазыцыяй упэўненасьць у фальсыфікацыі вынікаў і зварот да публічных акцый пратэсту могуць двойчы пашкодзіць ёй: адахвочваюцца галасаваць апанэнты ўлады — які сэнс, калі ўсё адно сфальшуюць? — а выбарцы, якія вагаюцца, убачаць у апазыцыянэрах парушальнікаў парадку.

Беларускае грамадзтва, як і большасьць іншых, аддае перавагу эвалюцыйным зьменам, а не рэвалюцыям. Сваімі развагамі пра палітычныя перавароты апазыцыйныя лідэры палохаюць тых, хто яшчэ не зрабіў свайго выбару — між тым акурат іх пазыцыя адыгрывае ключавую ролю ў палітычных зьменах. Але каб іх пераканаць, трэба мець што прапанаваць ім. Не рэвалюцыю ж.

Кампанія на практыцы: Дзень салідарнасьці

Дзень салідарнасьці 16 кастрычніка меў прыцягнуць увагу да праблемы «зьніклых» і палітвязьняў. Людзей заклікалі пагасіць сьвятло і запаліць сьвечкі.

Беларусы тут, у пэўным сэнсе, кіруюцца прыкладам лацінаамэрыканцаў. З 1977 і да падзеньня вайсковай дыктатуры ў Аргентыне ў 1983 годзе маткі «зьніклых» левых актывістаў раз на тыдзень зьбіраліся насупраць прэзыдэнцкага палацу і патрабавалі зьвестак пра сваіх дзяцей. Некаторыя з мацярок таксама «зьніклі», але ўрад быў вымушаны абмежаваць рэпрэсіі. Кабетак немагчыма было выдаваць за ворагаў. Дый культурная традыцыя не прымала перасьледу маці. Па-трэцяе, матывы руху мелі афарбоўку гуманістычную, а не палітычную, таму жанчынам спачувала грамадзтва.

У чым розьніца паміж беларускім і аргентынскім выпадкамі? У Беларусі колькасьць «зьніклых» параўнальна невялікая — між тым у Аргентыне людзі «зьнікалі» тысячамі. Розьніца ў маштабе рэпрэсій уплывае на грамадзкі давер да заяваў пра «зьнікненні». Да таго ж, аргентынскія «зьніклыя» паходзілі зь ніжэйшага сярэдняга слою або выказвалі яго інтарэсы, тады як беларускія «зьніклыя» належалі да вузкай групы палітычнай і інтэлектуальнай эліты, таму шырокі люд значна менш схільны атаесамляць сябе зь імі. Урэшце, інфармацыі пра «зьніклых» у Аргентыне патрабавалі амаль выключна іх блізкія сваякі. Датычна палітвязьняў у Беларусі і Аргентыне выяўляюцца прыкладна тыя самыя адрозьненьні.

Расьсеяная атака малымі сіламі

Сапраўды, каб выключыць сьвятло і запаліць сьвечку, ня трэба вялікіх фізычных высілкаў. Аднак гэтае дзеяньне зьвязанае зь візуальнай ідэнтыфікацыяй прыхільнікаў апазыцыі. Чаго людзі ў сытуацыі аўтарытарызму звычайна ўнікаюць. Выйсьці на плошчу ў гурце лягчэй, нягледзячы нават на зьвязаную з гэтым рызыку.

Трэба адзначыць, што варыянты паводзінаў датычна акцыі выразна асымэтрычныя (удзел — бязьдзеяньне), а значыць, улады апынуцца ў прывілеяваным стане: кожнае акно, дзе не гараць сьвечкі, будзе расчытвацца людзьмі як знак падтрымкі ўраду.

Дзень салідарнасьці — у стратэгічным пляне памылка, бо ініцыятары не ўлічылі ні агульнага ўплыву апазыцыі, ні яе слабасьці ў рэгіёнах. Акцыя нагадвае расьсеяную атаку малымі сіламі, замест таго каб сканцэнтраваць іх там, дзе можна было б дасягнуць лякальнай перамогі. Яна можа прывесьці да вынікаў, супрацьлеглых чаканым, — дэманстрацыя слабіны выкліча эфэкт «прычапнога вагону»: людзі схільныя падтрымліваць той бок, які, на выгляд, у большасьці, піша Прэкявічус.

НЭРЫЮС ПРЭКЯВІЧУС — палітоляг Стакгольмскага ўнівэрсытэту Sоdertоrn.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру