Жыў-быў зайка. Ваўкі яго злякалі, лісы ганялі, пугачы — палохалі. Сядзіць зайчык пад кусцікам, дрыжыць.

Толькі надакучыла зайку баяцца.

Ад зорачкі, што ціха гаварыла і днём, і ўначы — даведаўся ён пра Цара цароў, Караля каралёў.

«Паскачу я да Цара цароў, Караля каралёў — думае зайка. — Ён мне дапаможа. Выратуе.»

Але страшна зайку: небяспечны шлях.

Паскакаў зайчык лясамі цёмнымі, ярамі непралазнымі.

З-за дрэва крывога кінулася на яго ліса:

– Заяц-заяц! Я цябе з’ем!

– Не еж мяне, ліска рудая! Я бягу да Цара цароў, Караля каралёў, каб яму пакланіцца.

– Да Цара цароў? — думае пра сябе ліска хітрая: «Калі гэты Цар моцны, то можна яго падмануць дый выпрасіць, што захочаш, а калі слабы — пазнушчацца. Усё мне — на карысць і радасць.»

– Ну, дык бяжы, зайчык, пакланіся, — кажа хітрая млосным голасам. Вачыма ліслівымі — зырк! — і потым раскажаш!

Паскакаў зайчык далей. А лес яшчэ цямнейшы. Бураломы яшчэ страшнейшыя.

Ля дуба гнілога сцапаў зайку воўк. Зубамі ляскае, вочы галодныя:

– Ага, заечына! Я цябе з’ем! Нават костак не застанецца!

– Не з’ядай мяне, ваўчына шэранькі! Я бягу да Цара цароў, Караля каралёў, каб яму пакланіцца.

– Гы!.. а ён смачны? Заяц, гэта, — кажа воўк шэры і бруха гладзіць, — дазнайся, дзе Цар і мяне да яго прывядзі. Каб, ам! яму пакланіцца.

Скача зайчык балотамі багністымі, палянамі спаленымі.

Даскакаў амаль.

І тут — бух! — схапіў яго мядзведзь люты. На шматкі парваць, дзеля забавы звярынай. Улю-лю!

– Не забівай мяне, мядзведзю люты! — узмаліўся зайка. — Я бягу да Цара цароў, да Караля каралёў, пакланіцца яму.

– Цароў я яшчэ не драў кіпцюрамі… Ха-ха!

І загадаў мядзведзь зайцу, каб той усё выведаў пра Цара цароў.

Дабяжаў-такі зайка. І тут боязна яму стала: «Я маленькі зайчык. А Цар цароў — у палацы, з аховаю. У аховы, відаць, алябарды і шаблі, а на ланцугах — сабакі драпежныя.»

Толькі бачыць зайка, няма на месцы, што зорка паказвала — палацу ніякага.

Сняжынкі віюцца, падаюць, анёлы пляшуць, радуюцца:

– Не бойся, зайка! Збаўца Свету нарадзіўся. У небе — радасць, а на зямлі — супакой усяму жывому, хто добрае волі.

Стаіць, асветлены, хлявок ціхі. Зайчык у хлеў зазірае, вушамі варушыць, здзіўляецца па-заечы:

– А чаму Цар цароў, Кароль каралёў не ў палацы каменным, не ў калысцы пазалочанай, а ў стаенцы, на сене?

– Таму, што палац — Божы Свет, а сапраўднае Царства там, дзе дабрыня і спагада. Кіска мурканнем Хрыста сагравае, кароўка — сена сваё падкладае, Юзаф і Марыя любоўю атуляюць.

– А чаму Цар цароў, Кароль каралёў — дзіцятка бездапаможнае?

– Таму, што Бог ёсць любоў. І ўцелавіўся, каб збавіць кожнага — ад найслабейшага і да самага моцнага. У кожную хвілю — па смерці, і ад нараджэння.

– А чаму ахова Цара цароў, Караля каралёў — пастушкі і ягняткі, валы дый асляняткі?

– Таму што шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо суцешаныя будуць.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну.

Узрадаваўся зайка, вушкамі залопаў, ножкамі заскокаў. Падбег зайчык, пакланіўся Немаўляці

Кажа яму анёлак на развітанне:

– Не бойся, зайчык, не бойся! А злым і падступным пакуль не кажы нічога, каб шкоды Немаўляці не нарабілі.

Пабег зайка дадому.

– Не бойцеся, звяры! Не бойцеся!

Радаваліся вавёркі і матылькі. Хаваліся ваўкі і мядзведзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?