23 снежня ў шведскім горадзе Гэвле вандалы спалілі гіганцкага саламянага казла — сімвал Новага года.

Паводле тамтэйшых прымхаў, гэтая істота, якая па‑шведску называецца «julbock», у нябачным абліччы, спраўджае, ці ўсё гатова да свята, а ў сваім бачным выглядзе прывозіць дзецям падарункі.

Засмучэнне жыхароў горада выклікана, зрэшты, не тым, што скульптура згарэла, а тым, што яе падпалілі заўчасна. Трэба зазначыць, што гэта ўжо далёка не першы выпадак вандалізму. Усталёўваць на цэнтральнай плошчы саламяную скульптуру ў Гэвле пачалі з 1966 года, але з тых часоў не дажывалі да Раства 24 казлы! То бок прыкладна ў палове выпадкаў. Рытуальную жывёлу не толькі падпальвалі — з яе скідвалі салому, умацаваную на цвёрдым каркасе, і ў літаральным сэнсе збівалі з ног.

Варта толькі здзіўляцца ўпартасці жыхароў Гэвле, якія год за годам ўзводзяць такую нетрывалую скульптуру. У 2006‑2007 гадах казла апрацоўвалі супрацьпажарнай прапіткаю, аднак ад гэтай задумы прыйшлося адмовіцца: хімія мяняла колер саломы, і, па словах мясцовых старажылаў, жывёліна «цягнула, хутчэй, на карычневага сабаку».

Зрэшты, трэба аддаць належнае вандалам — яны не шануць і больш даўгавечныя збудаванні. Летась на Каляды дзікуны пашкодзілі слынны Стоунхендж, мегалітычную спаруду каменнага веку. Пры дапамозе малатка і адвёрткі злачынцы адлушчылі ад цэнтральнага Пятачнага каменя аскабалак, парушыўшы цэласнасць помніка ўзростам у 5 тыс. гадоў!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?