На пасяджэнні Святога Сіноду БПЦ, якое адбылося 15 снежня 2009 г., Камісія па кананізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы прадставіла рапарт аб святых, якія нарадзіліся, жылі, неслі служэнне на тэрыторыі Беларусі, аднак скончылі сваё жыццё ў іншых епархіях Рускай Праваслаўнай Царквы, якімі і былі кананізаваныя.

Сінод разгледзіў пытанне аб магчымасці ўключэння гэтых святых у склад Сабору Беларускіх святых і прыняў рашэнне далучыць да Сабору наступных пакутнікаў і вызнаўцаў:

1) Свяціцель Ціхан (Бялавін), Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1914‑1917 гг. кіраваў Віленскай епархіяй, у склад якой часткова ўваходзіла тэрыторыя цяперашніх Наваградскай, Гарадзенскай і Полацкай епархій. Памяць 25 сакавіка /7 красавіка, 26 верасня/9 кастрычніка, 5/18 лістапада.

2) Свяціцель Агафангел (Праабражэнскі), мітрапаліт Яраслаўскі. У 1910‑1913 гадах кіраваў Віленскай епархіяй. Памяць 3/16 кастрычніка.

3) Святарнапакутнік Пётр (Палянскі), мітрапаліт Круціцкі. Працаваў у 1896 — 1906 гг. на пасадзе суглядальніка Жыровіцкай духоўнай вучэльні Слонімскага павету (Наваградская епархія). Расстраляны ў 1937 г. Памяць 27 верасня/10 кастрычніка.

4) Святарнапакутнік Ціхан (Ніканораў), архіепіскап Варонежскі. У 1899‑1902 гг. — епіскап Полацкі і Віцебскі. Памяць 27 снежня/9 студзеня.

5) Святарнапакутнік Аляксандар (Пятроўскі), епіскап Харкаўскі. У 1906‑1910 гг. быў скарбнікам Свята‑Ўспенскага Жыровіцкага манастыра. Арыштаваны ў 1938 г. Спачыў у 1940 г. у турэмным шпіталі. Памяць 11/24 траўня.

6) Святарнапакутнік Гермаген (Далганоў), епіскап Табольскі. Знаходзіўся ў 1912‑1915 гг. у ссылцы ў Свята‑Ўспенскім Жыровіцкім манастыры. Закатаваны бальшавікамі ў 1918 г. Памяць 16/29 чэрвеня.

7) Святарнапакутнік Ёна (Лазараў), епіскап. У 1900 г. скарбнік і рызнічны Полацкага архіярэйскага дому. У 1926 г. быў рукаўскладзены на епіскапа Невельскага, вікарыя Віцебскай епархіі. З абставінаў, якія не залежалі ад яго, не змог распачаць выкананне абавязкаў. З 1926 па 1937 гг. знаходзіўся на спачыне. Расстраляны ў 1937 г. Памяць 8/21 кастрычніка.

8) Святар‑пакутнік Яраслаў (Савіцкі), протаіярэй. У 1905‑1911 гг. — настаяцель храма Архангела Міхаіла с. Перавалока Слонімскага павету (Наваградская епархія). Расстраляны ў 1937 г. Памяць 25 лістапада/8 снежня.

9) Святар‑пакутнік Аляксандар (Саульскі), іярэй. Пасля заканчэння Магілёўскай духоўнай семінарыі служыў на прыходах Магілёўскай епархіі — у прыватнасці ў с. Мхінічы Чэрыкаўскага ўезду. Пасля рэвалюцыі служыў у г. Ціхвін Ноўгарадскай епархіі. Быў арыштаваны ў 1935 г. і ўвязнены на 5 год у Дальлаг НКУС. У 1938 г. расстраляны. Памяць 19 траўня/1 чэрвеня.

10) Святар‑пакутнік Афанас (Кіслоў), іярэй. У 1910‑1929 гг. служыў на прыходах цяперашняй Віцебскай епархіі: у 1910‑1916 гг. — дыяканам у царкве в. Сіроціна Віцебскага ўезду; у 1918‑1924 гг. — дыяканам у царкве в. Хвашно Гарадоцкага павету. Расстраляны ў 1937 г. Памяць 10/23 жніўня.

11) Святар‑пакутнік Ёсіф (Счаняновіч), дыякан. Нарадзіўся ў 1886 г. у мястэчку Жыровічы Слонімскага павету (Наваградскай епархіі). Там жа пражываў да 1901 г. Скончыў Жыровіцкую Духоўную вучэльню. Расстраляны ў 1937 г. Памяць 9/22 лістапада.

12) Прападобнапакутнік Анатоль (Бацвіннікаў), іераманах. Нарадзіўся ў в. Капані Магілёўскай губерніі (цяпер Чавускі раён). У 15‑гадовым узросце з бацькамі перасяліўся ў Сібір. Быў паслушнікам Мікола‑Цярэбінскага манастыра Цвярской епархіі, дзе прыняў пострыг і ускладанне рук на святарны сан. Пасля закрыцця манастыра служыў на прыходах Цвярской епархіі. У 1937 г. быў арыштаваны за «антысавецкую агітацыю і контррэвалюцыйную дзейнасць». Вінаватым сябе не прызнаў. Расстраляны 13 лістапада 1937 г. Памяць 31 кастрычніка/13 лістапада.

13) Прападобнапакутнік Галакціён (Урбановіч‑Новікаў), іераманах. Нарадзіўся ў 1870 г. у в. Пудзіна Лідскага павету (Наваградская епархіі). Расстраляны ў 1937 г. Памяцб 720 снежня.

14) Пакутнік Дзмітры Ўласенкаў. Нарадзіўся ў 1880 г. у в. Расасна Дубровенскага павету (Віцебская епархіі). У пач. ХХ ст. быў псаломшчыкам, а ў 1931‑1934 гг. — членам царкоўнай рады у гэтай вёсцы. Арыштаваны ў 1937 г. Памёр у 1942 г. у Карлагу НКУС. Памяць 22 красавіка/5 траўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?