Партыя правяла адмысловую прэс-канферэнцыю, напачатку якой Анатоль Лябедзька заявіў, што «Мы хацелі б пачаць новы год з асвятлення нашых планаў і пастаўленых задач».

У 2010 годзе АГП будзе настойваць на аб’яднанні апазіцыі – гэты трэнд павінен быць галоўным паводле лідэраў партыі. Таксама АГП збіраецца змагацца за тое, каб перайсці бар’ер у 25-30% грамадзян, гатовых падтрымліваць праціўніка Лукашэнкі. Як выказаўся Анатоль Лябедзька, «мы павінны выйсці з гэтага дэамкратычнага гета».

Асноўнымі тэмамі працы ў 2010 годзе для АГП застануцца развіццё прадпрымальніцтва, прасоўванне антыкрызіснай платформы і моладзевая тэматыка. Да іх плануецца дадаць адукацыю і ахову здароўя. АГП таксама распрацавала новую кампанію пад назвай «Не ўкрадзі», што павінна пашыраць сярод грамадства эканамічную граматнасць, а таксама сачыць за абаронай правоў інвестараў і акцыянераў.

Гаворачы пра ўдзел партыі ў мясцовых выбарах, А.Лябедзька заявіў пра намер вылучыць ад 150 да 300 кандыдатаў, а таксама праводзіць так званыя «кропкавыя праймерыз».

Галоўнымі мерапрыемствамі для АГП у новым годзе мае стаць з’езд, які пройдзе 21 сакавіка, і канферэнцыі, прысвечаныя беларуска-расійскім адносінам і «Усходняму партнёрству».

На 20-23 студзеня запланаваны ўдзел аднаго з лідэраў АГП Яраслава Раманчука ў канферэнцыі, што арганізаваная ўрадам Расіі. Мяркуецца, што на ёй Я.Раманчук прадставіць крамлёўскім колам альтэрнатыўнае афіцыйнаму бачанне беларуска-расійскіх адносінаў.

Ацэньваючы новы сыравінны канфлікт паміж Масквой і Мінскам, А.Лябёдзька адзначыў, што АГП лічыць неабходным перазагрузіць адносіны Масквы і Мінска і менавіта гэтаму будзе прысвечаны выступ Я.Раманчука ў расійскай сталіцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?