Сёння ў Варшаве адбываецца найбольшая ў краінах Усходняй Еўропы дабрачынная акцыя — Вялікі Аркестр Святочнай Дапамогі.
Беларусам ужо не рэдкасць прачытаць у газетных рубрыках, кшталту, ''Добрае сэрца'', аб тым, што нейкае дзіця патрабуе неадкладнага якаснага медыцынскага ўмяшальніцтва, тут жа будзе пададзеная неабходная сума і нумар рахунку, куды можна пералічыць грошы. Пераважна гаворка ідзе пра тое, што аперацыя, або іншыя медыцынскія захады будуць зробленыя ў Германіі, Італіі, часам нават Расіі. А між іншым, нашыя дактары нічым не горшыя за сваіх заходніх калегаў. Часцей за ўсё ў складаных выпадках у Беларусі медыцына не дапаможа праз адсутнасць абсталявання, якаснай медыцынскай тэхнікі. Мінск яшчэ
Вялікі Аркестр Святочнай Дапамогі нясе іншы ўзор грамадскай дабрачыннасці. Фонд, заснаваны папулярным радыёвядучым Ежым Овсякам у 1993 годзе, збірае грошы менавіта каб дапамагчы дзіцячым бальніцам краіны, купляючы для іх патрэбнае, але дарагое абсталяванне, якое не па кішэні было б лакальным уладам. Карысць ад такой акцыі несувымерна большая ад ''адраснай дапамогі'' праз газету або тэлебачанне, бо дазваляе і іншым, тым, хто не трапіў на старонкі такой рубрыкі, вылечыцца, і да таго ж у сваёй уласнай краіне.
Фінал Аркестру, што праходзіць штогод у другую нядзелю студзеня, — гэта вялікая і маляўнічая імпрэза. Кожны, хто напаткае валанцёраў з спецыяльна апячатанымі скрыначкамі, можа выказаць сваю салідарнасць і ахвяраваць для фонду няхай і невялікую суму.
За гэта атрымліваеш спецыяльную налепку у форме сэрца з лагатыпам свята. Рэдка можна спаткаць у такі дзень паляка, які не мае недзе ў сябе на паліто або на торбе такой налепкі. Увечары ва ўсіх гарадах Польшчы, а нават за яе межамі, праходзяць уласна ''Аркестры'' — дабрачынныя канцэрты вядомых выканаўцаў, што транслююцца тэлебачаннем. Даход з гэтых канцэртаў цалкам ідзе ў Фонд дапамогі. За мінулы год акцыя сабрала 14 мільёнаў даляраў, а за ўвесь час дзейнасці — каля 110 мільёнаў. Іх прызначылі на пакупку абсталявання дла больш за 700 дзіцячых клінік краю. Не ва ўлік ідуць выратаваныя жыцці.
Нешта падобнае карысна было б зрабіць і ў Беларусі, не толькі дзеля развіцця медыцыны, а проста, для ўмацавання нашай грамадзянскай еднасці.