11 студзеня — Міжнародны дзень «дзякуй».

Слова «дзякуй» — адно зь першых, здавалася б, ня вельмі функцыянальных словаў, якому бацькі вучаць сваіх дзяцей. Яшчэ і называюць гэтае слова «чароўным», настойваючы «а што трэба сказаць?». «Дзякуй» — гэта не толькі слова ветлівасьці, не проста элемэнт этыкету, у якасьці якога мы паўтараем «дзякуй» не аднойчы за дзень.

Сказаць «дзякуй» за нешта сапраўды істотнае нашмат цяжэй, бо гэта пераносіць чалавека ў звышнатуральнае вымярэньне.

Падзякаваць — гэта значыць прыняць ад іншага нешта; прыняць — гэта значыць, паставіць сябе ніжэй за іншага чалавека, у нечым, нават прынізіць сябе. Сказаць «дзякуй», гэта тое самае, што сказаць «прабач», слова, якое таксама мы можам казаць па сто разоў на дні: «Прабачце, Вы б не маглі прабіць квіток?» — «Дзякуй». Штодзённыя дыялёгі, звычайныя нормы ветлівасьці; але калі даходзіць да істотнага, словы гэтыя стаяць у горле, і патрэбныя высілкі, каб іх прамовіць, нават калі ўнутры сэрца поўніцца ўдзячнасьцю ці раскаяньнем.

Падзяка, удзячнасьць — для хрысьціянаў гэта цэнтар усяго багаслоўя і богаслужэньня. Асноўнае таемства з самай хрысьціянскай старажытнасьці называецца «эўхарыстыяй», «прынясеньнем падзякі», «даваньнем добрага» ці «добрым дарам», калі літаральна. У Царкве няма нічога вышэйшага за пакаяньне і эўхарыстыю: «прабач», «дзякуй».

Расейскае слова «Спасибо», мяркуецца, паходзіць ад пажаданьня збаўленьня — «Спаси Бог!» Цяпер у асяродку расейскамоўнага царкоўнага народу модна казаць «Спаси Господи», наколькі я ведаю, у традыцыйных пратэстанцкіх беларускіх асяродках — сярод баптыстаў і пяцідзесятнікаў, не прынята казаць «Спасибо», але яны кажуць «Благодарю». Сярод жа беларускамоўных — пачаткоўцаў дый нават са стажам — часта распаўсюджаная граматычная калька: «дзякую Вас» часам кажуць яны, па аналёгіі ставячы назоўнік ці займеньнік у вінавальным склоне, замест слушнага беларускага «дзякую Вам», у давальным. А што наконт роду? Слова «дзякуй» у беларускай мове ўжываюць у мужчынскім родзе, але шырока распаўсюджана сярод носьбітаў мовы казаць «вялікае дзякуй», што, відаць, таксама паходзіць з калькі з мовы расейскай «большое спасибо» ў сярэднім родзе. Што тычыцца этымалёгіі нашага слова «дзякуй», то яно сугучнае з большасьцю навакольных народаў, і нават сягае да thanks‑danke (год таму у жж блогеры абмяркоўвалі гэтае пытаньне).

11 студзеня — Міжнародны дзень «дзякуй», але ён не настолькі вядомы як амэрыканскі «Дзень падзякі» і наўрад стане такім самым культавым. Але вучыцца казаць «дзякуй», а таксама рабіць добрае, падзякі не чакаючы, мы можам кожны дзень.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?