poster

Камуністы Пецярбургу і Ленінградскай вобласці заклікаюць выдаць міжнародны ордэр на арышт рэжысёра Джэймса Кэмерана. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт камуністаў.

Камуністы заяўляюць, што планета Пандора, што ў стужцы «Аватар», «была адкрытая і палітая крывёю савецкіх касманаўтаў. У Стругацкіх камунары засвойвалі непакорную Пандору для дабра чалавецтва, рэалізуючы мары К.Маркса і Ф.Энгельса. Кэмеран скраў з аналаў савецкай фантастыкі дзясяткі вобразаў насельнікаў Пандоры, саму атмасферу планеты, нарэшце, ейныя каардынаты ў Сусвеце і паслаў у космас зухаватага дэсантніка — забойцу і прыгнятальніка Ірака, Югаславіі, Афганістана, Гаіці і Самалі».

Піцерскія камуністы праяўляюць надзвычайную пільнасць у трактоўцы шаманскіх вобразаў. «Біёлаг-нацыст Сігурні Уівэр яскрава дэманструе мэты амерыканскай медычнай рэформы, што праводзіцца адміністрацыяй Абамы… Венесуэла захоплена, Чавес забіты, орды «джы-ай» вырваліся па-за межы Сонечнай сістэмы».

«Усіх нас Кэмеран прагне адправіць на планету монстраў і пасля захапіць багацці Сібіры, — падсумоўвае сакратарка Кіраўскага раённага камітэту Любоў Калашніцына. — Месца Кэмерана — на нарах у турме.»

Два гады таму піцерскія камуністы патрабавалі байкатаваць фільм пра Індыяну Джонса. А ў 2009 годзе абвінавацілі Крэмль у катаванні ўвязненых іншапланетнікаў: пасланцам з Альфа Цэнтаўры, маўляў, не даюць чытаць творы Маркса і Леніна.

Пра рэакцыю Кэмерана і Інтэрпола на апошнюю заяву камуністаў не паведамляецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?