Міністэрства выставіла адразу некалькі прэтэнзій да арганізацыі — датычна сяброўскага пасведчання, статусу Цэнтра прававой абароны СМІ і наогул мэтаў і задач БАЖ.

Загад падпісаў 13 студзеня намеснік міністра Аляксандр Сіманаў. Копія загаду накіраваная Міністэрству інфармацыі.

Па‑першае, Мінюст лічыць, што на пасведчанні ГА «БАЖ» нібыта неправамерна змешчаны надпісы «Прэса» і «Press», у той час як БАЖ не з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі.

Мінюст спасылаецца на інцыдэнт з затрыманнем на шклозаводзе «Нёман» журналіста А. Дзянісава, які ў лістападзе 2009 г. «ажыццяўляў відэарэпартаж» на тэрыторыі завода, пры гэтым «прадставіўся як журналіст і прад’явіў пасведчанне ГА «БАЖ».

«Такія ж пасведчанні выдадзены і іншым членам ГА «БАЖ««, — падкрэслівае Мінюст. Міністэрства ўпэўненае, што такім чынам арганізацыя парушыла закон «Аб СМІ», а гэтыя дзеянні прывялі да «неабгрунтаванага прысваення членамі дадзенай арганізацыі паўнамоцтваў журналіста сродку масавай інфармацыі…»

Акрамя таго, Мінюст лічыць, што дзейнасць Цэнтра прававой абароны СМІ пры ГА «БАЖ» «не прадугледжана статутам» арганізацыі. «Больш за тое, задачы дадзенага фарміравання, выкладзеныя ў палажэнні аб ім, выходзяць за межы статутных задач ГА «БАЖ««, — лічыць Мінюст.

«Апрача пералічанага, на сайце змешчана інфармацыя аб мэтах дзейнасці ГА «БАЖ«, якія не адпавядаюць статутным», — заканчвае пералік сваіх прэтэнзій Мінюст.

Міністэрства абавязвае кіраўніцтва БАЖ на працягу месяца забраць усе выдадзеныя раней пасведчанні згаданага ўзору і «забяспечыць… далейшую немагчымасць карыстання імі»; ліквідаваць астатнія «парушэнні» і «выпрацаваць меры, накіраваныя на недапушчэнне ў далейшым парушэнняў патрабаванняў заканадаўства і статута арганізацыі», а таксама «прадаставіць Міністэрству юстыцыі доказы выканання пералічаных вышэй патрабаванняў».

Папярэджанне можа быць абскарджана на працягу месяца ў Вярхоўны Суд РБ.

Кіраўнікі БАЖ заяўляюць, што абавязкова будуць абскарджваць папярэджанне, якое лічаць неабгрунтаваным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?