На маё пярэчаньне, што ў Быкава няма антырасейскіх выказваньняў, а ёсьць антыімпэрскія, рэдактар пасьля невялічкай паўзы запярэчыў: «Сёньня гэта адно і тое ж!»Адказвае Валянцін Тарас.

Прачытаўшы заўвагі крытыка Сямёна Букчына на рэцэнзію аб кнізе вершаў Зелімхі Яндарбі «Сэрца майго сьвятыня» ў перакладзе Рыгора Барадуліна, адчуў сябе скрушным і зьнішчаным. Ня тонам, зьедлівым, саркастычным, зьдзекліва паблажлівым: гэткі тон — звычайная манера Букчына, ён жа тутэйшы Ювэнал, інакш ня можа. Скрушыла эрудыцыя Сямёна Ўладзімеравіча, яго глыбокія літаратуразнаўчыя і гістарычныя веды. Напрыклад, я, невук, ня ведаў, што вялікі расейскі паэт Лермантаў «быў чалавекам ваеннай імпэрыі, належаў да дваранства, касты… якая была прызначана па сваім паходжаньні для вайсковай службы і вайны…» Відаць, гэтыя зьвесткі Сямён Уладзімеравіч знайшоў зусім нядаўна, мабыць, гэта вынік яго літаратуразнаўчых дасьледаваньняў апошняга часу.

Віншую! У сваю чаргу хачу праінфармаваць Букчына, што і ў цяперашнім расейскім войску ёсьць шмат людзей імпэрыі, якія хоць і не дваране, а нашчадкі тых, хто ўсіх дваран пад корань выразаў, аднак служаць імпэрскай ідэі, у імя якой гатовы на ўсё. Як палкоўнік Буданаў, які ў прыпадку апантанай любові да вялікай Расеі голымі рукамі задушыў чачэнскую дзяўчыну. Цяпер, пэўна, зайздросьціць афіцэрам Каўкаскай вайны XIX ст., якім ня трэба было азірацца на нейкія там Хэльсынскія пагадненьні.

Але ня толькі эрудыцыя ўразіла мяне, а яшчэ і тое, як ён змог не сказаць ні слова пра асноўны, галоўны зьмест рэцэнзіі, якую выстаўляе лухтой, пра тое, дзеля чаго рэцэнзія была напісана. У тых, хто яе не чытаў, можа скласьціся ўражаньне, што напісана яна не на кнігу вершаў Яндарбі, а на «Казацкую калыханку» Лермантава, дзеля таго каб «выкрыць Міхаіла Юр’евіча як вялікадзяржаўнага шавініста». Праўда, Сямён Уладзімеравіч, аддамо яму належнае, стараецца быць аб’ектыўным, таму не замоўчвае, што я, «каб хоць трохі апраўдаць паручніка Лермантава», прыводжу ягоны верш пра «нямытую Расею, зямлю рабоў, зямлю паноў». Аднак аб’ектыўнасьць Сямёна Ўладзімеравіча абмежаваная, відаць, яна ў яго ў дэфіцыце, бо інакш ён прывёў бы і такое маё выказваньне: «…трэба памятаць, што ў Лермантава гучыць спачуваньне горцам Каўказу, захапленьне іхняй мужнасьцью, павага да іхняга пачуцьця годнасьці і гонару, да іхняга вальналюбства». Можна пашкадаваць, што я не падмацаваў, не праілюстраваў гэтыя свае словы тымі ж цытатамі зь Лермантава, якія прыводзіць Букчын, дарэмна ён думае, што акрамя яго ніхто ня памятае лермантаўскія «Валерык», «Ізмаіл-Бея», іншыя каўкаскія паэмы паэта. Але што б тады рабіў крытык, калі б я прывёў гэтыя цытаты, чым бараніў бы ад мяне гонар мундзіра паручніка Лермантава? Зразумела, чаму Букчын такі ашчадны ў цытаваньні маіх выказваньняў: ён адкідвае ўсё тое, на што спаслацца ніяк ня можа, бо гэта разбурае ягоныя абінавачваньні, быццам я выстаўляю Лераманатава вялікадзяржаўным расейскім шавіністам. Абвінавачвае, учапіўшыся за два радкі з больш шырока цытаванай мною «Казацкай калыханкі», каб стварыць уражаньне, што я цытую адно гэтыя два радкі: «Злы чачэн паўзе на бераг, / Точыць свой кінжал». І крытык кпіць, укладаючы мне ў вусны дакор Лермантаву: «Як жа гэта вы схібілі, Міхаіл Юр’евіч, а цяпер вось зь песьні слова ня выкінеш». Дасьціпна, нічога ня скажаш. Але яшчэ больш дасьціпна кпіць Букчын з маёй фразы аб тым, што нікому ніколі не прыходзіла ў галаву, што «злы чачэн» караскаецца на свой родны бераг, які адабралі ў яго «загартаваныя рускія воіны», апаэтызаваныя Лермантавым. Слова «караскаецца» дужа насьмяшыла Букчына. «Альпінісцкі» падыход да аналізу мастацкага твору! Сапраўды, навошта я ўжыў гэтае «караскаецца», а не пакінуў «паўзе»? Ды, зрэшты, дарэмна я каюся, бо, каб я і пакінуў «паўзе», гэта ўсё роўна не ўратавала б мяне ад бізуна нашага Ювэнала — у такім выпадку ён ня менш дасьціпна назваў бы мой падыход «пластунскім» і даў бы мне лупца з тым жа гневам. Не магу толькі ўцяміць, чым я так угнявіў Букчына? Няўжо тым, што, цытуючы «Казацкую калыханку», не апусьціў радкі пра «злога чачэна»? Але ж і даказваць ня трэба, што ніякага вялікадзяржаўнага шавінізму ў гэтых радках няма, няма ніякай варожасьці да чачэнцаў: Лермантаў адлюстраваў тое, што стагодзьдзямі жыло ў сьвядомасьці расейскага народу і жыло не ў палітычным мысьленьні (якія палітычныя погляды ў непісьменнай казачкі лермантаўскіх часоў!), а ў побытавым, жыло як данасьць: у вачах той казачкі горац быў ворагам, «злым чачэнам». І разам з тым яна, маючы дачыненьні з чачэнцамі ў «заміраных» паселішчах, на базары ці яшчэ дзе, магла сказаць пра іх тое самае, што гаворыць пра чаркесаў стары вэтэран, пэрсанаж Глеба Ўсьпенскага, якога цытуе Букчын. Такое можна пачуць і сёньня, і ня толькі пра чаркесаў ды чачэнцаў, але і пра іншых «іншародцаў». Але калі часу зьявіцца трошкі болей, то паспрабую сабраць гурт. Хаця пакуль мэты такой перад сабой ня стаўлю.

З букчыноўскай філіпікі вынікае, што ні ў якім разе нельга прыводзіць радкі Лермантава пра «злога чачэна», бо гэта кідае цень на паэта, характарызуе яго як шавініста. Калі ты гэтыя радкі прыводзіш, то робіш антырасейскі выпад, абражаеш Расею, яе вялікую літаратуру. І тут не магу не згадаць сваю мінулагоднюю размову па тэлефоне з рэдактарам маскоўскага выдавецтва «Вагрыюс», якое плянавала выдаць апошнюю кнігу Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому» ў маім перакладзе на расейскую мову. Рэдактар сказаў, што кнігу выдадуць пры ўмове, што я здыму зь перакладу антырасейскія выказваньні аўтара. Панаракаў: «Нам, расейцам, вельмі балюча і крыўдна слухаць такое». На маё пярэчаньне, што ў Быкава няма антырасейскіх выказваньняў, а ёсьць антыімпэрскія, рэдактар пасьля невялічкай паўзы адказаў: «Сёньня гэта адно і тое ж!» Над тэкстам філіпікі Букчына здавалася, што гэта той маскоўскі рэдактар чытае мне натацыю…

І, нарэшце, галоўнае, пра што хачу сказаць, дзеля чаго ўзяўся пісаць адказ Букчыну: я абавязаны абараніць ад пыхлівай пагарды паэзію Зелімхі Яндарбі, памяць аб ім, забітым летась у Катары расейскімі спэцслужбамі. Нагадаю яшчэ раз, што мая рэцэнзія была напісана на ягоную кнігу вершаў, а не на «Казацкую калыханку» Лермантава. «Калыханка» спатрэбілася мне толькі як экскурс у гісторыю, бо размова аб кнізе Яндарбі вядзецца ў кантэксьце размовы пра цяперашнюю чачэнскую вайну, якая ў вельмі многім ёсьць працягам той вайны за Каўказ, у якой удзельнічаў паручнік Лермантаў. Які са шчымлівам сумам прадчуваў, што і хлопчыку, над калыскай якога сьпявае маці, давядзецца, калі падрасьце, працягваць справу бацькі, ваяваць з чачэнцамі: «Сам узнаешь, будет время, / Бранное житье: / Смело вденешь ногу в стремя / И возьмешь ружье». Матывы паэзіі Яндарбі — своеасаблівы перазоў з паэзіяй Лермантава, Букчын мог бы гэта ўбачыць, калі б хоць адным вокам зірнуў на ягоныя вершы. Але што Букчыну нейкі чачэнскі вершатворца! Калі чаго і варты, дык толькі іроніі. Маўляў, як гэта так, Валянцін Яфімавіч, «любіш вялікага паэта Расеі, але яшчэ больш уласнаму сэрцу гавораць «рытмы сэрца Яндарбі». Адкуль вы ведаеце, Сямён Уладзімеравіч, што больш? Але спрачацца з вамі ня буду. Бо спрачацца, які паэт гаворыць табе больш, а які менш, хто лепшы, а хто горшы, — тое самае, што спрачацца, якая кветка цябе больш цешыць — ружа ці сьціплы рамонак? Гэта розныя кветкі, у кожнай свая прыгажосьць, свае асаблівасьці, свая ніша ў прыродзе. Як у кожнага паэта ў паэзіі, незалежна ад таго, вялікі ён ці проста паэт. Дзіўна, што вы, аўтар таленавітых, праніклівых кніг аб літаратарах, пра гэта забылі. Яшчэ больш дзіўна, што вы гэткі пыхлівы ў дачыненьні да паэта, які загінуў у барацьбе за сваю Радзіму, да ахвяры ганебнай чачэнскай вайны. Як бы вы ні ставіліся да палітычных поглядаў Яндарбі, да ягонага сэпаратызму, нельга так пра нябожчыкаў, непрыгожа.

Дык якая муха раптам вас укусіла праз амаль што пяць месяцаў пасьля публікацыі маёй рэцэнзіі? Адкуль прыляцела? Ці не з таго ж мастацкага выдавецтва «Вагрыюс»? А мо з рэдакцыі праханаўскай імпэрскай газэты «Завтра»? З горыччу думаю, што не зьдзівіўся б, калі б ваша філіпка была перадрукавана той газэтай.

Вось што здараецца, Сямён Уладзімеравіч, калі расейскі патрыятызм, расейскі мэнталітэт лічыць адзіна дастойным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0