З сярэдзіны студзеня ўсе камунальныя службы, якія займаюцца прыбіраннем снегу, павінны адмовіцца ад солі з пяском.

Менавіта гэтага патрабуе новая пастанова Міністэрства аховы здароўя аб утрыманні тэрыторыяў населеных пунктаў, прынятая яшчэ 30 снежня.

Адзін з аўтараў новых патрабаванняў лекар‑гігіеніст Павел Сідаровіч паведаміў , што пры распрацоўцы дакументу спецыялісты карысталіся расійскім досведам: падобная забарона дзейнічае, да прыкладу, у Маскве.

У расійскай сталіцы сёння са снегам і галалёдзіцай змагаюцца з дапамогай хларыдна‑фасфатнага дадатку.

«Калі ўзяць саму соль, то яна раз’ядае не толькі абутак, але і аўтамабільныя пакрышкі ды забруджвае зямлю. А што азначае засаленне глебы? Гэта і зялёнае покрыва пачынае цярпець з цягам часу. Летась нават Міністэрства прыродных рэсурсаў засяродзіла ўвагу менавіта па нармаванні ўтрымання солі ў глебе, што ў нас не рэгламентаванае».

Паводле слоў медыка, соль не толькі забруджвае глебу, але і раз’ядае абутак ды псуе аўтапакрышкі. Да таго ж, на думку спецыяліста, у камунальнікаў застаецца свабода дзеянняў: ўжыванне менавіта хларыдна‑фасфатнага дадатку не з’яўляецца абавязковым. Калі камунальнікі прапануюць сваю замену саляна‑пясочнай сумесі і калі тая вытрывае ўсе праверкі, можна будзе выкарыстоўваць і альтэрнатыўны прэпарат.

Павел Сідаровіч: «Калі людзі закупілі калісьці даўно дарожна‑тратуарную сумесь, да прыкладу, і калі выяўлена, што яна шкодзіць чалавеку і навакольнаму асяроддзю, то, вядома ж, нельга яе ўжываць. Уявіце, чалавеку псуе абутак, праядае падэшвы. Вільгаць паступае ў абутак, чалавек прастуджваецца больш — і што, гэта нармальна? Давайце, каб усе ў дзіравых тапках хадзілі! Галоўнае — для чаго? Для людзей, для народу, так? Нашая ж прамысловасць да гэтага не адаптаваная, да гэтых соляў. І атрымліваецца, што падрываем здароўе людзей, калі соллю пасыпаем».

Аднак, нягледзячы на прынятую пастанову, камунальныя службы па ўсёй краіне працягваюць змагацца са снегам і лёдам соллю і пяском.

Камунальнікі тлумачаць, што планы па прыбіранні снегу на 2009‑2010 гады былі прынятыя яшчэ да новаўвядзення, і пра замену сумесі новымі прэпаратамі гаворкі ў іх не вялося. Да таго ж, у ЖЭСаў папросту няма грошай на новыя сродкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?