posterКніга Ілая (The Book of Eli)
ЗША, 2010, каляровы, 117 хв.

Рэжысёры: Альберт Х’юз, Ален Х’юз
Ролі выконваюць: Дэнзэл Вашынгтан, Гэры Олдмэн, Міла Каніс, Рэй Стывенсан, Джэніфер Білс
Жанр: Постапакаліпсічны баявік
Адзнака: 6,5 (з 10)

Пасля вайны і катастрофы па выпаленай зямлі ідзе на Захад самотны вандроўнік (Дэнзел Вашынгтан). Ён мусіць данесці да людзей забытую Кнігу. Але людзі здзічэлі, дарогі небяспечныя. А галоўны мясцовы нягоднік (Гэры Олдмэн) палюе на Кнігу — дзеля большай улады…

Фільм братоў Х’юз — асцярожная казань, замаскаваная пад постапакаліптычны баявік. (Некаторыя сцвярджаюць, што гэта найлепшы постапакаліпсічны фільм з часоў «Шального Макса».) Кніга, як вы ўжо здагадаліся, — Біблія. А казань разгортваецца ў коміксава-попельным свеце. У гэтым свеце — хеўры байкераў, канібалы, дзікія каты — і барацьба за ваду. Нацягнуты лук, старыя машыны, лязо нажа, бойкі — як спектаклі ў схаладнелым тэатры ценяў. (А ў фінале зацятых чыпсаедаў чакае такі ж аблом, як галоўнага нягодніка.)

Самая важная інтрыга — праўда забароненай Кнігі. У спаленым свеце нечакана гучаць словы малітвы. Гэта выклікае ў зла раз'юшанасць: Гары Олдмэн крычыць і кульгае (!).

Дэнзел Вашынгтан упарта прыстасоўвае калісьці сыгранага Малькальма Ікса да ролі хрысціянскага прапаведніка.

Вынікі яшчэ не вельмі ўпэўненыя. Але сама спроба падобнае кантрабанды цікавая. І быццам бы нетлумачальныя павароты сюжэту — надзвычай празрыстыя.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?