Міністэрства інфармацыі Беларусі падвяло вынікі выдавецкай дзейнасці за мінулы год.

Летась было выдадзена 12885 кніжных найменняў агульным накладам 22,8 млн асобнікаў, што крыху меней чым у 2008. Намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак змяншэнне тлумачыць тым, што самае буйное выдавецтва краіны «Харвест» (прадстаўнік расійскага «АСТ») колькасць выдаваемых кніг скараціла ажно ў чатыры разы.

Беларускамоўныя кнігі ў 2009 склалі 1884 пазіцыі з накладам 5,26 млн асобнікаў. Большасць з іх выйшла ў прыватных выдавецтвах.

Астатняя частка прыходзіцца на выданні на рускай і іншых замежных мовах.

Што тычыцца кніжных лідэраў, то імі застаюцца вучэбная і вучэбна-метадычная (39%), а таксама мастацкая (35%) літаратура.

Ігар Лапцёнак агучыў і некаторыя сумы грошай, выдаткаваных для дзяржаўных выдавецтваў.

3 млрд беларускіх рублёў пайшлі на выданне вучэбнай і больш за 2.5 млрд — на так званую сацыяльна значную літаратуру.

Калі мінулы год, у тым ліку і выдавецкі, праходзіў пад знакам 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі, то сёлетні будзе прысвечаны чарговай гадавіне перамогі ў той вайне. А гэта значыць, што зноў будуць масава выдавацца ваенныя альбомы, кнігі пра вайну і ветэранаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?