Эпіцэнтр масавых забойстваў сярэдзіны ХХ стагоддзя ляжыць у Беларусі, Украіне, Польшчы і балтыйскіх дзяржавах — на тэрыторыі, якую і Гітлер, і Сталін хацелі расчысціць для рэалізацыі эканамічных праектаў. Піша гісторык Цімаці Снайдэр.

Еўропа ў 1942. Жоўтым і цёмна зялёным колерам пазначаныя тэрыторыі Нямеччыны і яе саюзнікаў. Светла-зялёным - акупаваныя тэрыторыі. Чорныя квадраты - нямецкія месцы масавых знішчэнняў у 1930-1940-я. Белыя - савецкія. Пазначана не ўсё, бо ўкраінскі голад 1932-33, як і расстрэлы яўрэяў ва Усходняй Еўропе, цяжка абазначыць на мапе.

Еўропа ў 1942. Жоўтым і цёмна зялёным колерам пазначаныя тэрыторыі Нямеччыны і яе саюзнікаў. Светла-зялёным - акупаваныя тэрыторыі. Чорныя квадраты - нямецкія месцы масавых знішчэнняў у 1930-1940-я. Белыя - савецкія. Пазначана не ўсё, бо ўкраінскі голад 1932-33, як і расстрэлы яўрэяў ва Усходняй Еўропе, цяжка абазначыць на мапе.

Хоць Еўропа квітнее, смерць займае розум яе пісьменнікаў і палітыкаў. Масавыя забойствы цывільнага насельніцтва Еўропы на працягу 1930–1940 гадоў — нагода для сённяшніх заблытаных гутарак аб гістарычнай памяці і крытэрый любой агульнаеўрапейскай этыкі. Бюракратычныя апараты нацысцкай Германіі і Савецкага Саюза ператварылі асобныя жыцці ў масавую смерць, асобных людзей — у квоты прызначаных на вынішчэнне. Саветы хавалі сляды масавых забойстваў у цёмных лясах і фальсіфікавалі звесткі па раёнах, дзе марылі людзей голадам. Немцы прымушалі зняволеных выкопваць целы забітых яўрэяў і паліць на гіганцкіх вогнішчах. Гісторыкі мусяць у меру сваіх магчымасцей праліць святло на цені гэтых людзей і палічыць іх. Гэта яшчэ не зроблена. Аўшвіц, які лічыцца на Захадзе сімвалам масавых забойстваў, — на самай справе ўвасабляе толькі малую іх частку.

Тое, што мы сёння ведаем пра Аўшвіц, скажае разуменне Халакосту. Пра Аўшвіц вядома таму, што нехта ў ім выжыў. А выжыў таму, што Аўшвіц — апрача таго што быў фабрыкай смерці — быў яшчэ і лагерам прымусовай працы. Пра яго пакінулі сведчанні заходнееўрапейскія яўрэі, іх перш за ўсё звозілі ў Аўшвіц. Пасля вайны яны маглі свабодна пісаць і публікавацца, у адрозненні ад усходнееўрапейскіх, якія апынуліся за жалезнай заслонай. На Захадзе згадкі пра Халакост увайшлі (хоць і павольна) у гістарыяграфію і грамадскую свядомасць.

Гісторыя, напісаная тымі, хто выжыў, — самым вядомым узорам яе з’яўляецца спадчына Прыма Леві — адлюстроўвае падзеі неадэкватна. Вядомы «Дзённік Ганны Франк» апісвае асіміляваныя яўрэйскія супольнасці — галандскую і нямецкую, — трагедыя якіх, пры ўсім яе жаху, была толькі маленькай часткай Халакосту. Да апісаных там 1943–44 гадоў, калі адбывалася знішчэнне заходнееўрапейскіх яўрэяў, Халакост быў амаль завершаны. Дзве траціны яўрэяў — ахвяраў другой сусветнай — былі мёртвыя да канца 1942 года. Большасць іх, польскія і савецкія яўрэі — былі расстраляны над ямамі смерці або задушаныя чадным газам з рухавікоў унутранага згарання ў газавых камерах Трэблінкі, Бельзака і Сабібора ў акупаванай Польшчы.

Аўшвіц як сімвал Халакосту выключае тых, хто быў у эпіцэнтры гэтых гістарычных падзей.

Найбольшая група ахвяр Халакосту — артадаксальныя ідышамоўныя яўрэі Польшчы, ці Ostjuden, як іх зняважліва называлі па-нямецку, — былі культурна чужыя для заходніх еўрапейцаў, у тым ліку для заходнееўрапейскіх яўрэяў. У памяці Халакосту яны да сёння маргіналізуюцца.
Фабрыка смерці ў Аўшвіцы-Біркенау была пабудавана на землях, якія сёння належаць Польшчы, хоць у той час уваходзілі ў склад Трэцяга Рэйху. Цяперашнія наведнікі Аўшвіца звязваюць яго з Польшчай, хоць там загінула няшмат польскіх яўрэяў і амаль ніхто з яўрэяў савецкіх. У гэтым мемарыяльным сімвале бракуе дзвюх найбольшых груп ахвяр.

Адэкватнае бачанне Халакосту паставіла б у цэнтр яго гісторыі аперацыю «Рэйнхард» — знішчэнне польскіх яўрэяў у 1942 годзе. Польская яўрэйская супольнасць была найбуйнейшай у свеце, а Варшава — найважнейшым яўрэйскім горадам. Гэтую супольнасць знішчалі ў Трэблінцы, Бельзаку і Сабіборы. У гэтых трох лагерах было забіта паўтара мільёна яўрэяў, 780 863 загінулі толькі ў адной Трэблінцы. Выжыла ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек. Бельзак, трэцяе паводле значэння пасля Аўшвіца і Трэблінкі месца масавых забойстваў у гісторыі Халакоста, застаецца амаль невядомым. На гэтай фабрыцы смерці загінулі 434 508 яўрэяў, а ў жывых засталіся толькі двое ці трое. Яшчэ каля мільёна польскіх яўрэяў былі закатаваныя ў Хэлмне, Майданку, Аўшвіцы, а яшчэ большую колькасць расстралялі падчас акцый ва ўсходняй палове тагачасных польскіх тэрыторый.

Ад куль загінула не менш яўрэяў, чым ад газу. Але іх расстрэльвалі ва ўсходніх раёнах, якія ў балючай памяці засталіся размытымі.

Масавыя расстрэлы ва ўсходняй Польшчы і Савецкім Саюзе з’яўляюцца другім паводле значэння складнікам Халакосту. Пачаліся яны з расстрэлаў яўрэйскіх мужчын эсэсаўскімі айнзацгрупамі ў чэрвені 1941 года, у ліпені пашырыліся на яўрэйскіх жанчын і дзяцей, а ў жніўні і верасні таго ж года прывялі да поўнага вынішчэння тамтэйшых яўрэйскіх супольнасцей. На канец 1941 года немцы (разам з мясцовымі памагатымі і румынскімі войскамі) знішчылі ў Савецкім Саюзе і балтыйскіх краінах мільён яўрэяў. Гэтая лічба роўная колькасці ўсіх яўрэяў, што загінулі ў Аўшвіцы на працягу ўсёй вайны.
Да канца 1942 года немцы расстралялі (зноў-такі пры немалым спрыянні мясцовых жыхароў) на падкантрольных савецкіх землях яшчэ 700 тысяч яўрэяў, і мясцовыя яўрэйскія супольнасці перасталі існаваць.

Сярод савецкіх яўрэяў пра гэта маглі расказаць сведкі і летапісцы — такія, як Васіль Гросман. Аднак яму і іншым забаранілі прадстаўляць Халакост як выразна яўрэйскую падзею. Трэблінку Гросман убачыў як журналіст разам з Чырвонай Арміяй у верасні 1944 года. Мабыць, ведаючы, што немцы рабілі з яўрэямі ў яго роднай Украіне, Гросман мог уявіць, што здарылася тут. Зрэшты, ён напісаў невялікую кніжку, у якой назваў Трэблінку «пеклам», і змясціў яе ў цэнтры не толькі вайны, а і ўсяго стагоддзя. Але Сталін жадаў бачыць у масавым знішчэнні яўрэяў пакуты «грамадзян». Гросман дапамагаў у складанні «Чорнай кнігі» нямецкіх злачынстваў супраць савецкіх яўрэяў, якую савецкая прапаганда пазней забараніла. Калі, ілжыва сцвярджаў Сталін, нейкая група і пацярпела ад немцаў асабліва, дык гэта былі расейцы. Так сталінізм не даў убачыць гітлераўскія масавыя забойствы ў належнай перспектыве.

З 5,7 мільёна знішчаных яўрэяў каля 3 мільёнаў былі грамадзянамі Польшчы, яшчэ каля мільёна — грамадзянамі даваеннага СССР; разам гэта 70% ад агульнай колькасці.
(Пасля польскіх і савецкіх найбольшымі групамі закатаваных яўрэяў былі румынскія, венгерскія і чэхаславацкія. З улікам гэтага ўсходнееўрапейскі характар Халакосту робіцца яшчэ больш выразным.)

Аднак нават гэты скарэктаваны вобраз Халакосту дае няпоўнае разуменне маштабу нямецкай палітыкі масавага вынішчэння ў Еўропе.

«Канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання» было толькі адным са знішчальных праектаў, якія нацысты планавалі ажыццявіць пасля пераможнай вайны супраць Савецкага Саюза. Калі б усё здарылася так, як разлічвалі Гітлер, Гімлер і Герынг, узімку 1941–1942 гадоў нямецкія войскі ажыццявілі б у Савецкім Саюзе «План голада» («Hungerplan»). Пасля вывазу ў Германію ўкраінскай і паўднёварасійскай сельскагаспадарчай прадукцыі, у Беларусі і паўночнай Расіі павінны былі б памерці з голаду каля 30 мільёнаў чалавек. «Hungerplan», у сваю чаргу, быў прэлюдыяй да «Generalplan Ost» — плана каланізацыі заходняй часткі Савецкага Саюза, які прадугледжваў знішчэнне каля 50 мільёнаў чалавек.

Немцам удалося правесці ў жыццё палітыку, падобную да гэтых планаў. Яны выселілі паўмільёна палякаў-неяўрэяў з анексаваных Рэйхам зямель. Нецярплівы Гімлер загадаў пачаць ажыццяўленне першай стадыі «Generalplan Ost» ва ўсходняй Польшчы — загінулі дзесяць тысяч польскіх дзяцей і былі выселены сто тысяч дарослых.

Вермахт мэтанакіравана замарыў голадам каля мільёна чалавек падчас блакады Ленінграда і яшчэ пад сто тысяч чалавек ва ўкраінскіх гарадах. Каля трох мільёнаў палонных савецкіх салдат загінулі ад голаду і хвароб у нямецкіх лагерах. Іх знішчылі наўмысна.
Калі б не было Халакосту, гэтыя падзеі сёння згадвалі б як настрашнейшае ваеннае злачынства найноўшай гісторыі.
Пад маркай антыпартызанскіх акцый немцы забілі амаль тры чвэрці мільёна чалавек — каля 350 тысяч толькі ў Беларусі,
меншую, але параўнальную колькасць у Польшчы і Югаславіі. Немцы забілі каля ста тысяч палякаў падчас здушэння Варшаўскага паўстання 1944 года. Калі б Халакосту не было, гэтыя «меры ў адказ» сёння таксама разглядалі б у шэрагу найбольшых ваенных злачынстваў у гісторыі. Але іх — як і заморванне голадам савецкіх ваеннапалонных — амаль не згадваюць за межамі краін, якіх гэта непасрэдна датычылася. Акупацыйная палітыка прыводзіла да смерці неяўрэйскага мірнага насельніцтва і іншымі спосабамі, напрыклад праз нялюдскую працу ў канцэнтрацыйных лагерах. Зноў-такі, сярод ахвяр былі пераважна жыхары Польшчы і Савецкага Саюза.

Падчас масавых знішчэнняў немцы забілі больш як дзесяць мільёнаў мірных грамадзян — яўрэі складалі прыкладна палову з іх. І яўрэі, і неяўрэі паходзілі пераважна з адной часткі Еўропы. Праект вынішчэння яўрэяў быў у цэлым ажыццёўлены; праект вынішчэння славянскага насельніцтва выкананы толькі часткова.

Аўшвіц быў толькі ўступам да Халакосту, Халакост — толькі намёкам на канчатковыя намеры Гітлера. Гросманавы раманы «Усё цячэ» і «Жыццё і лёс» смела апісваюць як нацысцкі, так і савецкі тэрор ды нагадваюць нам, што

нават поўная характарыстыка нямецкай палітыкі масавых забойстваў — гэта няпоўная гісторыя злачынстваў, што адбываліся ў Еўропе ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Бо такая характарыстыка абмінае дзяржаву, пра знішчэнне якой Гітлер дбаў найперш, і якая ў сярэдзіне стагоддзя таксама масава знішчала еўрапейцаў, — Савецкі Саюз. За ўвесь сталінскі перыяд, ад 1928 да 1953 года, савецкая палітыка знішчыла, паводле прыблізных ацэнак, звыш пяці мільёнаў еўрапейцаў.
Калі глядзець на агульную колькасць знішчаных таталітарнымі дзяржавамі ў сярэдзіне XX стагоддзя еўрапейцаў, варта памятаць пра тры амаль аднолькавыя памерам групы: знішчаных немцамі яўрэяў, знішчаных немцамі неяўрэяў і знішчаных савецкай дзяржавай савецкіх грамадзян. Пры гэтым нямецкі рэжым, як правіла, забіваў мірных жыхароў, што не былі нямецкімі грамадзянамі, тады як савецкі рэжым забіваў уласных грамадзянаў.

Савецкія рэпрэсіі атаясамліваюць з ГУЛАГам, як рэпрэсіі нацысцкія зводзяць да Аўшвіца. Але ГУЛАГ, пры ўсім жаху рабскай працы, не быў сістэмай масавага забойства. Як і пра Аўшвіц, нам нешта вядома пра ГУЛАГ таму, што ён быў сістэмай працоўных лагераў, але не скопішчам фабрык смерці. Праз ГУЛАГ прайшло каля 30 мільёнаў чалавек, амаль тры мільёны з іх там засталіся. Але пераважная большасць вярнуліся жывымі.

Аднак як Аўшвіц адцягвае ўвагу ад яшчэ большых жахаў Трэблінкі, так ГУЛАГ адцягвае нашу ўвагу ад савецкай палітыкі, што мэтанакіравана нішчыла людзей голадам і кулямі.

У забойчай палітыцы сталінізму найважнейшымі былі два моманты — калектывізацыйныя голады 1930–1933 гадоў і Вялікі Тэрор 1937–1938 года. Застаецца незразумелым, ці наўмысным быў казахскі голад 1930–1932 гадоў, калі загінула больш за мільён казахаў. Устаноўлена, што Сталін узімку 1932–1933 гадоў мэтанакіравана марыў голадам савецкіх украінцаў.
Дакументы ўтрымліваюць шэраг загадаў, датаваных кастрычнікам-снежнем 1932 года, з відавочнымі зламыснымі намерамі забіць. У выніку загінулі больш як тры мільёны жыхароў Савецкай Украіны.

Тое, што мы можам прачытаць пра Вялікі Тэрор, таксама адцягвае ўвагу ад яго ўнутранай сутнасці. І «Цемра апоўдні» Артура Кестлера і «Абвінавачваны» Аляксандра Вайсберга засяроджваюць увагу на маленькай групе сталінскіх ахвяр — гарадскіх камуністычных кіраўніках, адукаваных людзях, часам вядомых на Захадзе. Тады як чысткі эліты кампартыі, спецслужбаў і военачальнікаў забралі не больш як 47 737 жыццяў.

Найбуйнейшая акцыя Вялікага Тэрору, аперацыя 00447, была накіравана супраць «кулакоў», г. зн. сялян, якія ўжо зведалі ўціск падчас калектывізацыі. Гэтая аперацыя забрала 386 798 жыццяў. З некалькіх нацыянальных меншасцей, якія разам складалі менш як два працэнты ад савецкага насельніцтва, паходзіць больш як трэць закатаваных у Вялікім Тэроры. Так, у акцыі, скіраванай супраць этнічных палякаў, што былі грамадзянамі Савецкага Саюза, быў расстраляны 111 091 чалавек. З 681 692 пакараных смерцю ў 1937 і 1938 гадах нібыта за палітычныя злачынствы аперацыі супраць кулакоў і «нацдэмаў» забралі 633 955 жыццяў — больш як 90%. Гэтыя людзі былі ўпотайкі расстраляныя, пахаваныя ў ямах і забытыя.

Акцэнт на Аўшвіцы і ГУЛАГу прымяншае колькасць забітых еўрапейцаў, а таксама перасоўвае геаграфічны эпіцэнтр забойстваў у Трэці Рэйх і на расійскі Усход. Калі засяродзімся на Аўшвіцы і ГУЛАГу, то не заўважым, што паміж 1933 і 1944 гадамі амаль 12 мільёнаў ахвяр нацысцкай і савецкай палітыкі загінулі ў рэгіёне Еўропы, які прыблізна супадае з сённяшнімі землямі Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. Масавыя забойствы адбываліся ў асноўным у тых частках Еўропы, што ляжаць між Германіяй і Расіяй, а не ў саміх Германіі і Расіі.

Геаграфічны, маральны і палітычны цэнтр масавых еўрапейскіх забойстваў ляжыць ва Усходняй Еўропе, перш за ўсё ў Беларусі, Украіне, Польшчы і балтыйскіх дзяржавах — краінах, што пацярпелі ад шматгадовай злачыннай палітыкі абодвух рэжымаў.
Народы Украіны і Беларусі — перш за ўсё яўрэі, але не толькі яны — пацярпелі найбольш, бо гэтыя землі і належалі да Савецкага Саюза ў страшныя трыццатыя гады, і перажылі найстрашнейшыя нямецкія рэпрэсіі ў саракавых гадах. Калі Еўропа была, кажучы словамі Марка Мазовера, змрочным кантынентам, то Украіна і Беларусь — сэрцам змроку.

Пакуты немцаў ад палітыкі Гітлера і ваеннага ліхалецця хоць і жахлівыя паводле сваіх маштабаў, але не з’яўляюцца цэнтрам гісторыі масавых забойстваў. Нават калі ўлічыць этнічных немцаў, што загінулі падчас уцёкаў ад Чырвонай Арміі, выгнання з Польшчы і Чэхаславакіі ў 1945–1947 гадах, а таксама ад бамбардзіровак у Германіі, агульная колькасць нямецкіх мірных жыхароў, што загінулі ад дзяржаўнай улады, застанецца параўнальна малой.

Сярод нямецкіх грамадзян галоўнымі ахвярамі непасрэднай палітыкі забойства былі 70 тысяч пацыентаў, у дачыненні да якіх была ўжыта «эўтаназія», а таксама 165 тысяч нямецкіх яўрэяў. Галоўныя нямецкія ахвяры Сталіна — гэта жанчыны, якіх гвалцілі чырвонаармейцы, а таксама салдаты, што знаходзіліся ў палоне ў Савецкім Саюзе. У савецкай няволі ад голаду і хвароб памерлі каля 363 тысячы нямецкіх ваеннапалонных, а таксама пад 200 тысяч венграў. У часы, калі нямецкі супраціў Гітлеру прыцягвае да сябе ўвагу СМІ, варта згадаць, што некаторыя з удзельнікаў замаху на Гітлера ў ліпені 1944 года былі цэнтральнымі фігурантамі палітыкі масавага знішчэння — Артур Небе, які камандаваў айнзацгрупай B на беларускіх палях смерці падчас першай хвалі Халакосту ў 1941 годзе, або начальнік кватармайстарскай службы вермахта Эдуард Вагнер, які радасна пісаў жонцы пра неабходнасць пазбавіць ежы ленінградцаў.

Цяжка не згадаць Ганну Ахматаву: «Любит, любит кровушку русская земля». Аднак расійскае пакутніцтва і гераізм, якія сёння гучна ўслаўляюцца ў пуцінскай Расіі, варта супаставіць з больш шырокім гістарычным фонам.

Расейцы, як і іншыя савецкія грамадзяне, сапраўды былі ахвярамі сталінскай палітыкі, але для іх імавернасць загінуць была намнога меншая, чым для савецкіх украінцаў, савецкіх палякаў ці прадстаўнікоў іншых нацыянальных меншасцей.
У часы Другой сусветнай вайны некаторыя тэрарыстычныя дзеянні былі пашыраны на ўсходнюю Польшу і балтыйскія дзяржавы, паглынутыя Савецкім Саюзам. У найбольш вядомым выпадку 22 тысячы польскіх грамадзян у 1940 годзе былі расстраляны ў Катыні і чатырох іншых месцах; яшчэ дзясяткі тысяч палякаў і прыбалтаў памерлі падчас дэпартацый у Казахстан і Сібір. У час вайны шмат савецкіх расейцаў загінулі ад нямецкіх рук, але прапарцыйна іх было значна менш, чым беларусаў і ўкраінцаў, не гаворачы ўжо пра яўрэяў. Колькасць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва Савецкага Саюза ацэньваецца ў пятнаццаць мільёнаў чалавек.
У Расіі падчас вайны ад рук немцаў загінуў прыкладна кожны дваццаць пяты мірны жыхар, тады як ва Украіне (ці Польшчы) — кожны дзесяты, а ў Беларусі — кожны пяты.

Беларусь і Украіна большую частку вайны былі акупаваныя, і праз іх землі нямецкія і савецкія арміі прайшлі двойчы — пры наступе і адступленні. Што да ўласна Расіі, то нямецкія войскі захапілі малую яе частку, дый ненадоўга. Нават калі ўзяць пад увагу блакаду Ленінграда і знішчэнне Сталінграда, цана, заплачаная расійскімі мірнымі жыхарамі, была значна меншая за цану, якую заплацілі беларусы, украінцы і яўрэі. Перабольшаныя расійскія ацэнкі колькасці смерцяў вынікаюць з залічэння Беларусі і Украіны да Расіі, а беларусаў і ўкраінцаў — да расіян; гэта зводзіцца да імперыялізму пакутніцтва, дзе прэтэнзіі на землі імпліцытна выказваюцца праз экспліцытныя прэтэнзіі на ахвяр. Мабыць, акурат такой будзе пазіцыя новай гістарычнай камісіі, заснаванай прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым і закліканай процістаяць «фальсіфікацыі» расійскай мінуўшчыны. Паводле законаў, прыняцце якіх абмяркоўваецца сёння ў Расіі, сцверджанні, падобныя да тых, што ўтрымліваюцца ў гэтым абзацы, стануць крымінальным злачынствам.

Украінскія палітыкі ў процівагу расійскай манапалізацыі супольных пакут і заходнееўрапейскім стэрэатыпам наконт украінцаў як памагатым падчас Халакосту вылучаюць уласны пакутніцкі наратыў пра тое, што Сталін наўмысна закатаваў голадам мільёны ўкраінцаў. Прэзідэнт Віктар Юшчанка робіць сваёй краіне крайне мядзведжую паслугу, гаворачы пра дзесяць мільёнаў смерцяў, — такім чынам ён перабольшвае колькасць загінуўшых украінцаў утрая; але неабвержнай ісцінай з’яўляецца тое, што ўкраінскі голад 1932–1933 гадоў быў вынікам мэтаскіраваных палітычных рашэнняў і каштаваў каля трох мільёнаў жыццяў. За выключэннем Халакосту, голад у часе калектывізацыі быў найбуйнейшай палітычнай катастрофай еўрапейскага XX стагоддзя. Нягледзячы на гэта, калектывізацыя не страціла свайго месца ключавога складніка савецкай мадэлі развіцця, і яе праз нейкі час скапіяваў камуністычны рэжым Кітая, з тым прадугледжаным вынікам, што «вялікі скачок» Мао прывёў да галоднай смерці дзесяткаў мільёнаў кітайцаў.

Зацікаўленасць ва Украіне як крыніцы прадуктаў харчавання была супольнай для Гітлера і Сталіна. Абодва хацелі кантраляваць і эксплуатаваць украінскую жытніцу, абодва інспіравалі палітычны голад: Сталін — у пэўнай краіне, Гітлер — у гарадах і лагерах ваеннапалонных. Некаторыя з украінскіх ваеннапалонных, што цярпелі голад у гэтых лагерах у 1941 годзе, перад гэтым перажылі голад 1933 года. Дарэчы, нямецкая палітыка голаду часткова адказная за ўяўленні, нібыта ўкраінцы з гатоўнасцю падтрымлівалі Халакост. Найбольш сумнавядомымі ўкраінскімі калабарантамі былі ахоўнікі ў Трэблінцы, Бельзаку і Сабіборы. Рэдка згадваюць аб тым, што немцы завербавалі першыя такія кадры з ліку палонных савецкіх салдат, што знаходзіліся ў іх жа лагерах для ваеннапалонных. Яны ўратавалі некаторую колькасць людзей ад голаду — аднаго вялікага злачынства на ўсходзе, — каб зрабіць з іх калабарантаў у другім злачынстве — Халакосце.

Гісторыя Польшчы — крыніца пастаяннай блытаніны. У 1939–1941 гадах Польшчу акупавала яе не адна, а абедзве таталітарныя дзяржавы. Нацысцкая Германія і Савецкі Саюз, у той час хаўруснікі, захапілі яе землі і знішчылі значную частку інтэлігенцыі. Польская сталіца ў часы Другой сусветнай была месцам не аднаго, а двух вялікіх паўстанняў супраць нямецкай улады — паўстання яўрэяў ў Варшаўскім гета ў 1943 годзе, пасля якога гета зраўнавалі з зямлёй, і Варшаўскага паўстання ў 1944 годзе, пасля якога была знішчана астатняя частка горада. У нямецкіх газетах гэтыя два ключавыя прыклады супраціву і масавага забойства пераблыталі ў жніўні 1994, 1999 і 2004 гадоў — ва ўсе нядаўнія юбілейныя гадавіны Варшаўскага паўстання.

Калі нейкая еўрапейская краіна падаецца недарэчнай у сённяшняй Еўропе і затрыманай у іншым гістарычным часе, дык гэта Беларусь пад дыктатурай Аляксандра Лукашэнкі. Аднак Лукашэнка, хоць ён лічыць за лепшае ігнараваць месцы савецкіх забойстваў у сваёй краіне, загадваючы будаваць магістраль праз месца масавых пахаванняў у Курапатах, у нейкім сэнсе памятае гісторыю Еўропы лепш за сваіх крытыкаў.
Нямецкія войскі ў 1941–1944 гадах, морачы голадам савецкіх ваеннапалонных, душачы газам яўрэяў, расстрэльваючы мірных жыхароў падчас антыпартызанскіх акцый, ператварылі Беларусь у мясцовасць з найвышэйшай смяротнасцю ў свеце. Палова жыхароў Савецкай Беларусі на працягу другой сусветнай вайны былі забітыя ці гвалтам выселеныя; нічога падобнага нельга сказаць ні пра адну іншую еўрапейскую краіну.

Беларуская памяць гэтага досведу, якую песціць сённяшні дыктатарскі рэжым, дапамагае растлумачыць падазронае стаўленне да ініцыятыў, што паходзяць з Захаду. Аднак заходнія еўрапейцы маглі б са здзіўленнем даведацца, што

Беларусь адначасова была цэнтрам масавых забойстваў і аператыўнай базай антынацысцкіх партызан, якія сапраўды ўнеслі прыметны ўклад у перамогу саюзнікаў. Уражвае, што такая краіна можа быць цалкам выцесненая з еўрапейскай памяці. Адсутнасць Беларусі ў абмеркаваннях мінулага — гэта найбольш яўнае сведчанне розніцы паміж памяццю і гісторыяй.
Непакоіць адсутнасць у гэтых абмеркаваннях і эканомікі. Памяць адкідае любыя сведчанні таго, што можа надаць забойствам ганебную рацыянальнасць. І нацысцкая Германія, і Савецкі Саюз шукалі шляхоў да эканамічнай самадастатковасці. Германія прагнула знайсці раўнавагу паміж прамысловым развіццём і сельскагаспадарчай утопіяй на Усходзе, СССР імкнуўся пераадолець аграрную адсталасць хуткай індустрыялізацыяй і урбанізацыяй. Абодва рэжымы намагаліся дасягнуць эканамічнай аўтаркіі ў рамках вялікай імперыі, у якой абодва прагнулі кантраляваць Усходнюю Еўропу. Абодва лічылі польскую дзяржаву гістарычнай памылкай; абодва не бачылі альтэрнатывы Украіне і яе ўрадлівым глебам. Ворагамі сваіх планаў яны вызначылі розныя групы насельніцтва, хоць з нямецкім планам знішчыць усіх дашчэнту яўрэяў не параўнаецца ніводная савецкая палітыка.
І ў саветаў, і ў нацыстаў ідэалогія, якая ўзаконьвала масавую смерць, была перадумовай эканамічнага развіцця. У святле недахопу рэсурсаў, асабліва харчавання, абодва рэжымы паядналі масавае забойства з эканамічным планаваннем.
Зрабілі яны гэта спосабамі, якія сёння падаюцца нам жахлівымі, але якія ў часы свайго ажыццяўлення былі дастаткова пераканаўчымі, каб матываваць вялікую колькасць прыхільнікаў. Сёння ежы ўжо хапае, прынамсі на Захадзе. Але ў XXI стагоддзі нас напаткае нястача пітной вады, чыстага паветра і таннай энергіі. Змены клімату могуць выклікаць новую пагрозу голаду.

Калі гісторыя масавых забойстваў і нясе ў сабе нейкі агульны палітычны ўрок, то ён заключаецца ў неабходнасці асцерагацца таго, што можна назваць прывілеяваным развіццём, г. зн. спроб розных дзяржаў ажыццявіць форму эканамічнай экспансіі, якая прызначае ахвяр і матывуе дабрабыт смяротнасцю. Нельга выключаць, што знішчэнне адной групы прынясе выгаду іншай. Гэтую версію палітыкі Еўропа ўжо бачыла і можа яшчэ ўбачыць. Адзіным дастаковым адказам будзе этычная адданасць асобнаму чалавеку, паводле якой чалавек важны менавіта пакуль ён жывы.

Сённяшняя Еўропа вылучаецца спалучэннем дабрабыту з сацыяльнай справядлівасцю і правамі чалавека. Таму яна сёння, больш за нейкую іншую частку свету, ўстойлівая перад такімі бессардэчна інструментальнымі пошукамі эканамічнага росту. Але памяць зрабіла некалькі дзіўных адступленняў ад гісторыі акурат тады, калі гісторыя патрэбная як ніколі. Нядаўняя мінуўшчына Еўропы можа нагадваць недалёкую будучыню астатняга свету.
Каб гэта перадухіліць, трэба пазбавіцца памылак у падліках.

Публікуецца з скарачэннямі.

* * *

Цімаці Снайдэр

(Timothy Snyder, нар. 1969) амерыканскі гісторык. Доктар гістарычных навук. Выкладае ў Ельскім універсітэце (ЗША). Аўтар шматлікіх публікацыяў і манаграфіяў, прысьвечаных гісторыі Усходняй Еўропы.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?