posterФантазіум доктара Парнаса (The Imaginarium of Doctor Parnassus)
Вялікабрытанія — Канада — Францыя, 2009, каляровы, 123 хв.
Рэжысёр: Тэры Гіліям
Ролі выконваюць: Хіт Лэджэр, Джоні Дэп, Джуд Лоу, Колін Фарэл, Крыстафэр Пламэр, Лілі Коўл, Эндру Гарфілд
Жанр: Феерыя
Адзнака: 5,5 (з 10)

Колішні індыйскі манах доктар Парнас пайшоў у заклад з чортам. Цяпер ён вандруе па Лондану і дае дзіўнае прадстаўленне. Кожны, хто пройдзе праз люстэрка, трапіць у свет сваіх мараў. Але за паслугі д’ябал патрабуе дачку доктара — Валянціну.

Пасмяротны фільм Хіта Лэджэра, які сыграў шматкроць павешанага махляра Тоні. Калі актор загінуў ягоную ролю дапоўнілі Джоні Дэп, Джуд Лоу і Колін Фарэл, што карціну расквеціла. Фантазіум — феерыя старых сноў, здранцвелыя дэкарацыі мараў, забытая сярэднявечная казка.

Цуды доктара Парнаса — старамодна-наіўныя, як забавы кінаказачніка Мяльеса. Страшныя кардонавыя дрэвы, тэатральная бутафорыя, мядузы ў нябёсах, краіна пламбіраў. Дыяменты і аграмадныя пацеркі, люстэркі і канфеці. Гратэскна-шыкоўныя Гіліямскія сцэнкі з паліцэйскімі ў спадніцах і ўкраінскай (!) мамашай-бандыткай.

Усё гэта прадумана эклектычна, дакампутарна, здранцвела ў стагоддзях, паабнасілася — як і сам стары доктар. Толькі бяда ў іншым. Доктар Парнас — майстар гісторый. Але ніводную гісторыю ён расказаць не здольны. Ён блытаецца, п’е і ўсё забывае. Сюжэт кульгае, стамляецца — дый рассыпаецца на атракцыёны з тэатральнаю машынэрыяй, што касуе выбар паміж злом і дабром.

Фільм здольны як зачараваць, так і занудзіць.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру