Указ прэзідэнта аб мерах па ўдасканальванні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет скіраваны найперш на блакаванне апазіцыйных веб‑рэсурсаў падчас правядзення выбараў.

Такую думку выказаў намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец.

Паводле яго слоў, ва ўказе ў тым выглядзе, як пра яго паведамляе прэс‑служба прэзідэнта, наогул няма сэнсу. «Ва ўказе ўтрымліваецца шэраг патрабаванняў да дзяржаўных органаў зрабіць інфармацыю аб іх дзейнасці больш даступнай у сетцы інтэрнет. Гэта, на маю думку, дэзінфармацыя. Тыя, хто хацелі гэта рабіць, — гэта рабілі. Але тыя, хто ўтойвалі інфармацыю, могуць гэта рабіць і далей», — зазначыў Бастунец.

«Што тычыцца аховы аўтарскіх правоў,

то на гэта ў Беларусі ёсць закон аб ахове аўтарскіх і сумежных правоў, і неабавязкова было прымаць асобны ўказ,

які рэгулюе правы аўтараў у інтэрнеце. Абавязак ставіць гіперспасылкі на крыніцу інфармацыі, замацаваная зараз ва ўказе, таксама трапляе пад закон аб ахове аўтарскіх і сумежных правоў. Адзінае, што перашкаджае ахове аўтарскіх правоў, — гэта высокі кошт дзяржаўных пошлін за судовыя працэсы», — мяркуе Бастунец.

Указам замацоўваецца абавязак суб’ектаў гаспадарання, якія рэалізуюць на тэрыторыі Беларусі тавары (работы, паслугі) з выкарыстаннем сеткі інтэрнет, з 1 ліпеня 2010 года ажыццяўляць гэтую дзейнасць з выкарыстаннем інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет, размешчаных на тэрыторыі рэспублікі. «Гэта такая ж фікцыя, як і патрабаванне да дзяржорганаў зрабіць інфармацыю аб іх дзейнасці больш даступнай. Напрыклад, сайты знаёмстваў, з ліцэнзаваннем гэтай дзейнасці, поўнасцю «пераехалі» на расійскія серверы», — заявіў Бастунец.

На яго думку, самым важным з’яўляецца тое, што ўказ, згодна з распаўсюджанай інфармацыяй, «у мэтах арганізацыі бяспекі грамадзян і дзяржавы» вызначае, што пастаўшчыкі інтэрнет‑паслуг павінны ажыццяўляць ідэнтыфікацыю абаненцкіх прыстасаванняў карыстальнікаў інтэрнет‑паслуг, весці ўлік і захоўваць звесткі пра такія прыстасаванні і аказаныя інтэрнет‑паслугі.

«Гэта дае магчымасць прасочвання трафіку, аказання інтэрнет‑паслуг, вызначэння карыстальнікаў, якія рэгулярна заходзяць на пэўныя сайты, напрыклад апазіцыйныя. Размова ідзе пра кантроль над інфармацыяй у інтэрнеце», — зазначае Бастунец.

Аднак, паводле яго слоў, дэталёвыя высновы пра магчымыя наступствы ўказа можна будзе зрабіць толькі пасля апублікавання поўнага тэксту дакумента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?