Бескарыслівасць

Ужо 19 гадоў. Так, ужо 19 гадоў як я пазнаёміўся з Леанідам Дзейкам, дэпуатам Вярхоўнага Савета БССР гістарычнага ХІІ склікання. І неўзабаве будзе 19 гадоў як мы з Леанідам Іванавічам запісаліся ў сябры адноўленай сацыял‑дэмакратычнай партыі.

Колькі людзей прыйшло у партыю і сышло з яе, не знайшоўшы ў ёй магчымасці здзейсніць кар’еру, палепшыць свой матэрыяльны стан, колькі сышло дзеля боязі, страху, — бадай, не падлічыць ніхто. Колькі засталося нас, удзельнікаў Устаноўчага з’езду, у партыі? Гэта сказаць лёгка.

Леанід Іванавіч быў удзельнікам гістарычных падзей і сутворцам гістарычных актаў.

Самыя значныя, векапомныя з іх — Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР (27 ліпеня 1990 г.), Закон аб наданні гэтай Дэкларацыі статусу канстытуцыйнага акту, Закон аб забеспячэнні эканамічнай і палітычнай самастойнасці Беларускай ССР (25 жніўня 1991 г.), пастановы аб пераменаванні Беларускай ССР у Рэспубліку Беларусь і ўстанаўленні нацыянальнай сімволікі ў якасці дзяржаўнай (19 верасня 1991 г.).

Пра Леніда Іванавіча ў яго родным Клецку ходзяць чуткі. Людзі кажуць, што дэпутат Дзейка выбіў сабе у прэм’ера Кебіча дзве ці то тры кватэры ў Менску ды яшчэ адну ў Нясвіжы.

Я ведаў шмат дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання. Многія з іх сапраўды няблага ўладкаваліся. Ці то яны ў апазіцыі, ці то пры цяперашняй уладзе. Леанід Іванавіч з тых, каго называюць непрабіўным.

Не прабіў сабе ні кватэры ў Менску, ні пасады ў якой‑небудзь прыўладнай канторы. І пенсія будзе ў яго, я ўпэўнены, недэпутацкая.

Такая ў нас дзяржава. Такое, на жаль, незалежнае грамадства, што чалавек, які ані разу не здрадзіў дэмакратычным і нацыянальным каштоўнасцям, які актыўна супрацьстаяў наступу дыктатуры і пацярпеў за гэта, вымушаны жыць больш чым сціпла.

З 1997 года Леанід Іванавіч выконвае абавязкі прэс‑сакратара Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі. Нядаўна адзін наш малады таварыш напісаў у сваім артыкуле, што адной з адзнак жыцця партыі з’яўляецца яе сайт. Вось гэты сайт і вядзе Леанід Дзейка цягам апошніх ці не дзесяці гадоў. Можна сказаць, вядзе за дзякуй.

На сваіх землякоў з Клецкага раёна Леанід Іванавіч не крыўдуе. Нават радуецца за іх. Радуецца, што незалежная думка ў Клецку не памірае. Радуецца, што, нягледзячы на шалёную русіфікацыю, жыве ў ягоных землякоў творчы нацыянальны дух. Радаваўся і радуецца кожнаму новаму выступленню ў друку свайго цёзкі Леаніда Галубовіча. Не забуду, як аднаго разу Леанід Іванавіч, нічога не кажучы, паклаў мне на стол ксеракопію клецкай раённай газеты з вершам Ігара Канановіча. І такім чынам адкрыў мне яшчэ адно цікавае імя.

Юбіляраў прынята не толькі віншаваць, юбілярам прынята выказваць свае зычэнні. Жадаючы Леаніду Дзейку добрага здароўя, я жадаю яму, каб у жыцці ягоным было як найменш прыкрасцяў і больш радасці. І яшчэ жадаю, каб моладзь бачыла ў асобе Леаніда Іванавіча прыклад бескарыслівага служэння ідэі дэмакратычнай Беларусі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру