Ноччу 1 лютага на вуліцы Старынаўская ў Мінску пры спробе крадзяжу люстэркаў з аўтатранспарту былі затрыманы тры жыхары Салігорска (Мінская вобласць).
Першамайскім РУУС у дачыненні да іх распачата справа на падставе ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса (крадзеж). Цяпер правяраецца датычнасць маладых людзей да аналагічных злачынстваў, учыненых у іншых раёнах горада.
Як паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі,
разукамплектоўшчыкі аўтамашын, асабліва дарагіх марак, актывізаваліся з сярэдзіны мінулага года.
У студзені 2010 года паводле фактаў крадзяжоў з аўтатранспарту ва ўсіх раёнах горада было распачата 668 крымінальных спраў. Гэта больш, чым год таму. Магнітолы станавіліся аб’ектамі злачынных замахаў 146 разоў, люстэркавыя элементы — 273 разы.
Па колькасці распачатых крымінальных спраў лідзіруюць Фрунзенскі (156), Заводскі (122) і Савецкі (90) раёны Мінска. Менш за ўсё крадзяжоў з аўтатранспарту зарэгістравана ў Кастрычніцкім і Партызанскім раёнах.





