Даўно не быў на сваёй колісь роднай тэлевізіі. Але ў свае юбілейныя дні мусіў зазірнуць. І што ж я ўбачыў?

Шмат моладзі, шмат новых людзей, сярод іх зрэдку трапляліся і даўнія знаёмыя: ранейшыя дыктары, загадчыкі рэдакцыі, аддзелаў. Але не яны, як я зразумеў, на тэлевізійны клімат уплываюць. Сучасная тэлевізія ў руках іншых людзей. Менавіта яны разам з дзяржаўным ідэолагам акрэслілі аблічча сучаснай тэлевізіі. А гэтае аблічча, як вядома, зусім не беларускае: ні зместам, ні формаю. І найперш, з блакітнага экрана выгнана наша родная мова, а з ёю, лагічна, і наш менталітэт. Нечуваная ў гісторыі народаў практыка! Як яе кваліфікаваць? Згаданая практыка — гэта праява чаго? Нігілізму? Русіфікацыі? Фашызму?

Як бы яе ні кваліфікавалі, а адно зразумела: злачынства перад беларускім народам.

На сваё апраўданне ініцыятары выгнання нашай мовы з блакітнага экрана могуць сказаць: а народ маўчыць, народ згодны з намі. Народ не пратэстуе.

Але ці маўчыць? Ды не пра гэта я хацеў. Пра гэта і так усім відавочна. Уразілі мяне на сучаснай тэлевізіі тэлевізійныя ліфты. Адзіна яны гамоняць на нашай мове. Камфартабельныя, яны прыглушана, з густам абвяшчаюць: «Першы паверх, другі, трэці…»

Мо толькі тут, у ліфце штодня, штохвілінна і пачуеш нашу мову. Што можна сказаць з гэтай нагоды? Тэлевізійнікі — вялікія вынаходнікі. Цікава, а хто ж аўтар гэтага вынаходніцтва? Каму вы павінны быць ¬удзячныя? Але як бы яно там ні было, калі вы хочаце пачуць беларускі дух на сучасным Беларускім тэлебачанні, прасіцеся ў тэлевізійны ліфт.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру