Вэтэраны Монтэ-Касіна

Асобная тэма: вяртаньне некаторых вэтэранаў Монтэ-Касіна на радзіму ў Беларусь. Ацалець у ГУЛАГу, атрымаць выратаваньне бы ў казцы—выдатную форму з арлом, людзкія ўмовы і стаўленьне, зварот “пан”, трапіць на вайну, але ў Італію, дзе квітнеюць апэльсінавыя сады, дзе расьце вінаград, аліўкі. Нарэшце апынуцца ў Англіі… Аднак жа некаторыя ня здолелі ўжыцца ў тую рэчаіснасьць, ня радавала яна іх, настальгія душыла. І вось пачалі вяртацца дахаты. Ці паехаў бы сапраўдны паляк, былы андэрсаўскі, у СССР, у БССР? Вельмі вялікае пытаньне. Ён бы і ў ПНР наўрад ці рызыкнуў бы вяртацца.

А тут жа ўлік і кантроль, як вучылі правадыры пралетараў: ты ўхіліўся ад прысуду, пабыў год-два ў лягеры, а ў цябе ж усе стандартныя 25 былі, вось давай назад — выконвай свой абавязак перад сацыялістычнай радзімай. Цябе ж ніхто не рэабілітаваў, ты скарыстаўся сытуацыяй, уцёк да польскага генэрала служыць, ну дык мы цябе навучым — як гуляць з савецкай уладай. Ня ведаю, наколькі пераканаўчая мая такая рэканструкцыя падзей і матывацый. Але зразумела, што для савецкай улады гэты наіўны вэтэран з Англіі застаўся вінны па-ранейшаму. Сапраўды, каб хаця б рэабілітацыя была, але ж ён не дадумаўся з Лёндану зьвяртацца ў Маскву па нейкую рэабілітацыю, уперад, як вярнуцца, скажам, у Стоўбцы ці Глыбокае.

А як паўторна схапілі, ды ў лягер, ды адчуў раптам, як яго настальгія згубіла, тады за польскасьць схопішся як за саломіну выратавальную, за апошні свой капітал — я ж паляк, я ж з арміі Андэрса, я ж ваяваў з фашыстамі, чаму мяне за краты назад?! Польскасьць у гэтым разе — хісткая глеба, купіна, якая дазваляе вытрываць у нялюдзкіх, падступных умовах. Бо чым магла быць у гэтым разе беларускасьць? Нічым. Праўда, мне вось распавядаў сябра пра вэтэрана гэтай арміі, які вярнуўся на сваю Лідчыну, счакаўшы, у 1970-я, і выйграў. Не заўсёды варта быць сярод першых, атрымліваецца.

Беларус, сэрцам паляк

Па-свойму ўнікальная ў гэтым сэнсе гісторыя Аляксандра Шакеля, афіцэра арміі Андэрса, які вярнуўся на радзіму ў Івянец толькі ў 1999-м. Ён прыяждаў у Беларусь, калі краіна ўжо была незалежнай, прыяжджаў да жонкі. Нарэшце вырашыў вяртацца зусім, жонку пасьля інсульту спаралізавала, яна пажыла яшчэ пару гадоў і памерла. А гэта ж ён прыехаў паміраць, так ён тлумачыць іншым мэту вяртаньня, але жыве… Калі яму споўніліся 102 гады, з Англіі перасталі пераводзіць пэнсыю, палічылі, што гэта ашуканства, такога ня можа быць. Але ўрэшце пэнсыю вярнулі. Грамадзянства ў вэтэрана ангельскае, але пра яго не забываецца польская амбасада, польскія ўлады, яму нават званьне чарговае надалі — каб ушанаваць заслугі афіцэрскія. Журналісту з Польшчы, які прыехаў, каб яго сфатаграфаваць, Аляксандар Шакель сказаў: я беларус, але сэрцам — паляк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?