Беларусь пакуль не можа атрымаць ад Еўрасаюза фінансавую дапамогу ў памеры 290 млн даляраў. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Міжнароднага валютнага фонду, які апублікаваны па выніках трэцяга агляду выканання беларускім урадам праграмы stand‑by.

Першапачаткова чакалася, што Беларусь атрымае гэтыя сродкі яшчэ ў чацвёртым квартале 2009 года.

У дакладзе МВФ адзначаецца, што затрымка з выдзяленнем сродкаў выклікана судовым рашэннем у ЕС, згодна з якім усе просьбы аб макрафінансаванні павінны разглядацца новай, а не адыходзячай Еўракамісіяй (чакаецца, што яе склад будзе зацверджаны 9 лютага). Гэта, у сваю чаргу, затрымае разгляд камісіяй пытання аб выдзяленні макрафінансавай дапамогі. Затым крэдыт павінен быць абмеркаваны і зацверджаны Еўрапарламентам.

«Існуе пэўная рызыка таго, што выдзяленне гэтай сумы не адбудзецца ў перыяд дзеяння праграмы (супрацоўніцтва Беларусі і МВФ па праграме stand‑by разлічана да канца сакавіка 2010 года), а ў такім выпадку яно будзе залежаць ад наяўнасці новага механізму МВФ або дастатковых гарантый заключэння дамоўленасці аб такім механізме», — гаворыцца ў дакладзе.

У дакуменце таксама адзначаецца, што ў святле гэтай затрымкі з фінансаваннем улады Беларусі заявілі пра сваю гатоўнасць «прыняць меры, якія знізяць патрэбу ў знешнім фінансаванні прыблізна на 300 млн даляраў за 2010 год у цэлым». Гэтыя меры могуць уключаць, у прыватнасці, некаторае зніжэнне бюджэтных расходаў.

«Надзвычайныя меры, у выпадку неабходнасці, будуць абмяркоўвацца і ўзгадняцца з персаналам МВФ падчас чацвёртага агляду (ён праходзіць з 3 па 16 лютага).

Прыняцце гэтых мер забяспечыць далейшае выкананне задач праграмы, хаця колькасныя мэтавыя паказчыкі на канец сакавіка 2010 года, магчыма, прыйдзецца перагледзець, паколькі гэтыя меры падзейнічаюць праз некаторы час», — гаворыцца ў дакладзе.

Акрамя таго, адзначаюць эксперты МВФ, беларускія ўлады працягваюць шукаць альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання для кампенсацыі любога недастатковага паступлення фінансавання ад ЕС і абмежавання неабходнасці ў надзвычайных мерах.

Нагадаем, 27 студзеня кіраўнік Нацыянальнага банка Пятро Пракаповіч заявіў, што новыя ўмовы паставак расійскай нафты ў Беларусь пацягнуць дадатковыя валютныя расходы, што ставіць задачу дадатковага прыцягнення знешніх рэсурсаў, у тым ліку МВФ.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру