Інтэрнэт-дзённікі цяпер вядуць палітыкі, як у Еўропе, так і ў Расіі. А хто з беларускіх палітыкаў мае свае блогі ў інтэрнэце?
Вядома, што самай папулярнай блогерскай платформай сярод беларусаў з’яўляецца livejournal.com. Тут знаходзіцца большасць старонак беларускіх палітыкаў у інтэрнэце.
Напэўна, адным з першых засвойваць Жывы Журнал пачаў Алесь Міхалевіч.Палітык мае платны рахунак, што дазваляе яму мець больш за тысячу сяброў. У блогу Міхалевіч не толькі каментуе важныя на ягоны погляд падзеі, інфармуе аб сваёй дзейнасці, але і апісвае сваю паездку ў Маскву ці дзеліцца навіной пра нараджэнне другой дачкі. Аднаўляе свой дзённік Алесь досыць старанна.
Мае дзённік і цяперашні старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ягоны ЖЖ называецца righthinker – той, хто мае правыя погляды. На аватарцы ў Янукевіча эмблема лонданскага футбольнага клуба «Арсенал», заўзятарам якога старшыня БНФ з'яўляецца.
Назваць блог Янукевіча палітычным цяжка. Тут і пра самыя цікавыя футбольныя матчы, якія ён бачыў жыўцом, пра Еўрабачанне. Нават тэстаў Янукевіч не пазбягае. Але піша ў ЖЖ Аляксей рэдка.
У намесніка старшыні Руху “За Свабоду” Юрася Губарэвіча ЖЖ таксама платны, але сяброў не так многа, як у Міхалевіча. Затое можна даведацца, што Юрась бываў у 21-й краіне свету. Дзённік Губарэвіча досыць іранічны. Часта ён піша пра апанентаў у апазіцыі. Пра прыватнае радзей.
Барысаўскі лідэр апазіцыі Сяргей Салаш піша ў дзённік часта, пра ўсё, што хвалюе. У іншых жж каментароў пакідае таксама багата.
Увогуле гэты блог будзе дакладна цікавы нават людзям вельмі далёкім ад палітыкі.
Толькі чатыры допісы ў Жывым дзённіку сустаршыні БХД Аляксея Шэіна. Палітык піша пра свае ўражанні ад фільму «Аватар», а таксама пра неабходнасць масавага выдання Бібліі па-беларуску.
Не надта актыўнічае ў ЖЖ і сябар АГП Аляксандр Дабравольскі. Асноўная частка ягоных апошніх пастоў прысвечаная арыштаванаму бізнесмену Андрэю Бандарэнку.
Маюць блогі дарадца Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец, Алесь Зарэмбюк з Мастоў.
Некалькі допісаў у сваім Жывым Журнале змяшчаў былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка.
А вось прадстаўнікі афіцыйных уладаў заводзіць блогі ў інтэрнэце не спяшаюцца. Тут адзіным выключэннем можа быць былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава.
Ёсць жывыя — ва ўсіх сэнсах гэтага слова — дзённікі ў палітрэкрутаў Франака Вячоркі, Івана Шылы, Змітра Хведарука.
А вось імпульсіўны лідэр «Маладых дэмакратаў» (моладзевая арганізацыя АГП) Міхаіл Пашкевіч аддае перавагу twitter-у.
Прыемнага чытва.