што Абама не возіць сваіх гасцей у бібліятэку Кангрэса, а Мядзведзеў — у Румянцаўскі музей.

26 студзеня падаўся ў Нацыянальную бібліятэку, каб папрацаваць з даведачнымі выданнямі. На подступах — хлопцы ў чорным.

Галоўны ўваход у бібліятэку зачынены. За трэцімі дзвярыма «рама» і два столікі абапал. Шмон. Паказвай, што ў сумцы, даставай усё металёвае, што ў кішэнях.

У вестыбюлі поўна вайскоўцаў (рота ганаровай варты) і група маладых турменаў. Ніводнай дзяўчыны, адны хлопцы! Збіліся, не раўнуючы, як ягняты, у купку. Усе ў аднолькавых касцюмах, у аднолькавых цюбецейках, са сцяжкамі ў руках. Будуць вітаць свайго башы. І нашага «бацьку». Іхняя экіпіроўка змусіла мяне згадаць Паўночную Карэю: і там на здымках розных урачыстых пасяджэнняў на людзях аднолькавыя касцюмы.

Пад пільным кантролем прабіраюся ў залу даведачнай літаратуры. Пачынаю працаваць. Праз колькі хвалін заходзіць «лоб» і паведамляе, што нікому да асобага распараджэння нельга выходзіць з залы. Нават па натуральнай патрэбе, як я зразумеў.

Праседзеўшы гадзіны дзве, вырваўся ў буфет. Не паспеў дапіць гарбату, як у буфет уваходзіць іншы «лоб» і кажа: або выходзьце зараз,

або сядзіце і стойце ў чарзе, пакуль вам не дазволяць выйсці.

Чарга знікае. Дажоўваючы бутэрброд, спрабую вярнуцца ў залу даведачнай літаратуры. Ажно не! Можна ісці толькі ў адваротны бок.

…Хто б гэта растлумачыў Лукашэнку на пальцах, што Абама не возіць сваіх гасцей у бібліятэку Кангрэса, а Мядзведзеў — у Румянцаўскі музей. Што для прыёму ўсякіх начальнікаў і правадыроў маюцца рэзідэнцыі ў Вайсковым завулку, у Заслаўі (там Брэжнеў прымаў Пампіду), у Віскулях нарэшце?

Мо міністр Павел Латушка асмеліцца сказаць свайму шэфу, што ў бібліятэкі іншае функцыянальнае прызначэнне?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?