Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў парушэнні сацыяльных стандартаў цяпла ў садках, школах і жылых дамах у Мядзельскім і Маладзечанскім раёнах Мінскай вобласці.

Супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю паведамілі нашаму выданню: у прыбіральні садка, што ў Занарачы, 22 студзеня было 7 градусаў цяпла, у спальні — 9. У іншых памяшканнях троху цяплей. 11 градусаў у раздзявалцы, у групавым пакоі старэйшай групы — 15 градусаў.

Мерзлі ў гэты дзень таксама вучні Занарацкай сярэдняй школы. Напрыклад, у кабінеце біялогіі было 16 градусаў,

а вось у кабінеце геаграфіі ўсяго толькі 5.

У Камітэт дзяржкантролю на нізкую тэмпературу ва ўстановах адукацыі паскардзіліся таксама жыхары Чысці і вёскі Заскавічы Маладзечанскага раёна.

Пакутавалі ад холаду жыхары некаторых кватэр дома №25, што па вуліцы Камуністычнай у Мядзеле.

Тэмпература ў гэтых кватэрах была ад 11 да 14 градусаў.

Рэвізоры дзяржкантролю звязваюць такую сітуацыю з неапраўдана зацягнутым капітальным рамонтам гэтага дома.

Работы па капрамонце вядуцца ад жніўня 2008 года. Нягледзячы на надыход зімы, тут не завершаны рамонт балконаў і шыфернага даху. З‑за нізкай тэмпературы на вуліцы ў васьмі кватэрах прамерзлі балконныя рамы. У санвузлах усіх кватэр разбітыя стаякі сістэм каналізацыі і вентыляцыі, што павялічвае страту цяпла.

Па ўсіх фактах Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці накіраваў у Мінаблвыканкам пісьмо з прапановай неадкладна выправіць становішча, а вінаватых у дрэнным забеспячэнні людзей камунальнымі паслугамі прыцягнуць да адказнасці.

Сіноптыкі прагназуюць у лютым яшчэ адно паніжэнне тэмпературы. Закончыць рамонт дома ў Мядзеле на працягу месяца не паспеюць.

Дзіцячы садок, школа і фельчарска‑акушэрскі пункт у Занарачы ацяпляюць катлы, якія паляцца толькі сухімі дравамі, а іх не заўсёды хапае.

А гэта значыць, у лютаўскія моцныя маразы студзеньская сітуацыя можа паўтарыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?