«Мы зацікаўлены, каб расійскія [нафтавыя] кампаніі працавалі на беларускім рынку, — паведаміў журналістам у Гомелі Сяргей Сідорскі. — І зробім усё для таго, каб дзейнічала пагадненне, якое падпісалі ў Маскве». Прэм’ер-міністр растлумачыў, што згодна з пагадненнем расійскія і беларускія кампаніі будуць мець права завезці нафту са 100-працэнтнай пошлінай на беларускі рынак, перапрацаваць яе на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах рэспублікі і вывезці нафтапрадукты назад у Расію. У гэтай сітуацыі Сяргей Сідорскі адзначыў неабходнасць пралічыць эканоміку названага механізма. «Тут магчыма некаторае мікшыраванне пры перапрацоўцы, бо акрамя бензіну, дызпаліва, мы маем і іншыя кампаненты хіміі. Трэба знайсці магчымасць, якая дасць бізнесу дадатковы даход у названай сферы», — адзначыў ён. Пры гэтым усе даходы давальніцкага рэжыму будуць пералічацца ў бюджэт Расіі. «Такія гарантыі мы далі», — дадаў прэм’ер.

Беларускі бок таксама прапанаваў расійскім калегам, каб «Роснефть» і «Газпромнефть» (яна валодае доляй Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода) разгледзелі перспектывы работы на беларускім рынку. Яны маглі б зарэгістраваць сваю даччыную кампанію ў Беларусі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і весці празрыстую перапрацоўку нафты, якая паступае з Расіі са 100-працэнтнай пошлінай з далейшай пастаўкай нафтапрадуктаў у Расію, удакладніў Сяргей Сідорскі.

Паводле інфармацыі прэм’ер-міністра, прэзідэнт Расіі даручыў правесці разлікі па выказанай беларускім бокам прапанове. «Думаю, што ў бліжэйшы час мы атрымаем адказ, галоўнае, каб беларускія і расійскія кампаніі працавалі празрыста», — адзначыў кіраўнік урада.

Сяргей Сідорскі плануе сустрэцца са старшынёй урада Расіі Уладзімірам Пуціным 16 сакавіка ў Брэсце. За апошнія 5 дзён яны двойчы размаўлялі праз тэлефон. У Гомелі Сідорскі таксама заявіў пра зацікаўленасць беларускага ўрада ў прыватызацыі нафтаперапрацоўчага завода «Нафтан» у Наваполацку.

У студзені аб'ём вытворчасці нафтахіміі скараціўся на 8% праз перабоі з пастаўкамі расійскай нафты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?