У студзені недабор падатковых даходаў у бюджэт краіны склаў 200 млрд. рублёў. Пра гэта заявіў міністр фінансаў Андрэй Харкавец 4 лютага ў Мінску на пасяджэнні калегіі Мінфіна.

«У посткрызісны перыяд напружанасць у эканоміцы і фінансах дзяржавы захоўваецца», — заявіў ён.

Як мяркуе міністр, пра гэта сведчаць вынікі студзеня 2010 года. У рэспубліканскі бюджэт без уліку даходаў фондаў паступіла 2 трлн. рублёў, што адпавядае ўзроўню красавіка мінулага года.

«У параўнанні з планавай дынамікай даходаў бюджэт ужо недабірае каля 200 млрд. рублёў.

Праваленыя паступленні па ПДВ, акцызах, падатковых даходах ад знешнеэканамічнай дзейнасці, — канстатаваў кіраўнік Мінфіна.

— Калі па знешнеэканамічнай дзейнасці яшчэ можна знайсці тлумачэнне, то вынікі па ПДВ і акцызах — следства недастатковых тэмпаў росту ў эканоміцы».

Паводле словаў Харкаўца, гэта з’яўляецца «трывожным сігналам» па ўсіх узроўнях бюджэтнай сістэмы.

«Сёння павінен быць праведзены аналіз фарміравання падатковай базы з ацэнкамі, дзе мы адстаем і прапановамі па выпраўленні сітуацыі», — падкрэсліў Харкавец.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру