Калі ў палітыцы пануюць законы джунгляў, гэта яшчэ не дэмакратыя. Піша Вадзім Вілейта, які браў удзел у назіранні за ўкраінскімі выбарамі.

 Вялікая Айчыннай «Вона»

Вялікая Айчыннай «Вона»

 Намёткі намётавага мястэчка ў Кіеве - супраць фальсіфікацый і за «чэсныя выбары»Вынікі І тура - чэсныя, таму і намёты пакуль не спатрэбіліся.

Намёткі намётавага мястэчка ў Кіеве - супраць фальсіфікацый і за «чэсныя выбары»
Вынікі І тура - чэсныя, таму і намёты пакуль не спатрэбіліся.

 Аб'ява ў метро.

Аб'ява ў метро.

«Ти можеш повернути на Схід і на Захід, Ти можеш повернути — але змучився гребсти». Падчас вандроўкі ў стомленую ад выбарчых баталіяў Украіну ў галаве круціцца песенька яшчэ часоў Аранжавай рэвалюцыі, якая стала прарочай. Паварочвацца Украіна ўмее, але тая паваротлівасць не дае істотных дывідэндаў.

Такія блізкія гістарычна, у палітычным вымярэнні Беларусь і Украіна адрозніваюцца бы неба і зямля. У Беларусі палітыка ўвагнаная ў падполле, амаль адсутнічае. Ва Украіне — узведзеная ў абсалют як самамэта, і ад гэтай овердозы стала бессэнсоўнай і нецікавай.

Палітыка, у Беларусі дэ‑факта забароненая адміністратыўна, ва Украіне — усюды, але для большасці насельніцтва яна непрывабная і недасягальная. Дорага.

Законы джунгляў

Аўтару гэтых радкоў давялося знутры зірнуць, як ішла перадвыбарчая кампанія на берагах Дняпра — у рамках місіі праекта «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка». Як належыць замежным назіральнікам, цікавіліся, ці не ціснула дзяржава на кандыдатаў, ці не было выпадкаў пагрозаў, дыскрымінацыі і г.д.

Пытанне ўкраінцаў нават здзіўляла — яны ўжо і забыліся, што такое бывае. І не толькі ў Львове і Кіеве, але і ў глыбінцы Данецкай і Адэскай абласцей.

Хутчэй наадварот — апытаныя наракалі, што дзяржава не робіць нічога. Ігнаруе відавочныя парушэнні з боку кандыдатаў, выкарыстанне брудных грошай для «тлумлення галавы» электарату, карупцыю ў СМІ і на выбарчых участках.

Калі ў палітыцы пачынаюць панаваць законы джунгляў, гэта яшчэ не дэмакратыя. Выбары тады могуць лічыцца свабоднымі, але не будуць справядлівымі. Бо перамагае не найлепшы, а найбагацейшы кандыдат. Гэта вайна грошай — прычым такіх грошай, якія і не сніліся кандыдатам з шмат якіх краін Еўрапейскага Саюза.

Хто больш закупіць часу на ТБ, хто больш паставіць бігбордаў — той набывае псіхалагічную перавагу над праціўнікамі і пераконвае электарат: я тут самы круты.

А праграма… Ды хто яе чытае?

Ёсць у рэвалюцыі пачатак…

Адной з найважнейшых знаходак нашай назіральніцкай місіі сталі доказы таго, што Віктар Януковіч рыхтуецца да сваёй «рэвалюцыі» — у выпадку, калі на выбарчых участках прайграе.

Не пакладаючыся на пратэстны патэнцыял свайго пераважна правінцыйнага электарату, «сінія» пайшлі на тое, каб будучую «рэвалюцыю» ў сталіцы праплочваць. Як праплочваецца амаль усё падчас гэтых выбараў.

«Праца на выбарах» — нікога не здзіўляюць такія абвесткі на расійскай мове ў кіеўскім метро. Прапануецца «пастаяць на аб’екце» ў пэўныя гадзіны сутак і атрымаць узнагароду — 75 грыўняў (каля 25 тысяч рублёў).

Нашы назіральнікі спрабавалі патаргавацца і атрымаць сотню — аказалася, можна зарабіць і столькі, але стаяць трэба даўжэй. На Хрышчаціку.

Збяднелыя людзі, якія прадаюць свае галасы ля ўчасткаў або ў інтэрнэце; чальцы выбарчых камісіяў, якія перакідваюцца да таго кандыдата, які больш заплаціць; «тэхнічныя» кандыдаты, якія працуюць на аднаго з «галоўных», і ўрэшце — купленыя «рэвалюцыянеры» — такая цана разгулу алігархічнай дэмакратыі ва ўмовах татальнай галечы.

«Вона»

«Электарат Януковіча больш канцэнтраваны і абмежаваны па рэгіёнах Украіны, таму мае горшы патэнцыял росту, — кажа мой калега па місіі, нарвежскі палітолаг і спецыяліст па назіранні прафесар Франк Арэброт. — Юлія Цімашэнка перамагла ў большай колькасці абласцей з вынікам каля 40%, Януковіч жа перамог толькі на ўсходзе, дзе за яго галасавала да 70—75% насельніцтва вобласці (Данецкай, Луганскай)».

З улікам гэтай тэндэнцыі, а таксама галасоў, набраных іншымі кандыдатамі, палітолаг прагназуе Цімашэнцы перамогу ў другім туры.

«Хутчэй за ўсё, гэта выкліча абурэнне ў шэрагах прыхільнікаў Януковіча, і, як прыхільнікі Юшчанкі пяць гадоў таму, яны паспрабуюць узяць уладу праз «майдан», — кажа прафесар Арэброт.

«Як паказалі нашы назіранні, Януковіч быў гатовы да пратэстаў ужо пасля першага тура, але яны не спатрэбіліся, бо ён набраў адносную большасць галасоў, — працягвае нарвежац. — Аднак калі Януковіч прайграе Цімашэнцы 7 лютага, спробы «сіняй рэвалюцыі» непазбежныя».

У адрозненне ад Беларусі, вырашаць, каму дастанецца перамога ў другім туры, будуць усё ж выбаршчыкі — тыя самыя, якія ў пераважнай большасці расчараваліся ў палітыцы, але ўсё ж спадзяюцца на лепшую будучыню і на ўчасткі прыйдуць.

Аднак, як паказваюць настроі ў краіне, галасаваннем барацьба можа не скончыцца. Абодва бакі прадумляюць, як ухапіць за хвост перамогу, калі тая надумаецца выслізнуць.

Бо надта шмат мільярдаў пастаўлена на карту…

Вадзім Вілейта

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0