Міхаіл Барзыкін разам Юрыем Шаўчуком на "Маршы нязгодных", 2008г.

У музыцы «Телевизор» спалучае электроніку і традыцыйныя хады расійскага рока, у словах — моцна намешаны сацыяльны пратэст, які падмацоўваецца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй лідэра гурта Міхаіла Барзыкіна.

У далёкім 1986-м за незалітаваную цэнзурай песню «Выйсці з-пад кантролю», якую гурт выканаў на канцэрце, «Телевизор» трапіў ва ўсе магчымыя забаронныя спісы.

У сучаснай Расіі зноў вялікая няласка з боку ўладатрымцаў і татальнае знікненне з тэлеэфіру: пасля ўдзелу ў апазіцыйным «Маршы нязгодных», дзе Барзыкін стаў поплеч з Юрыем Шаўчуком, а таксама праз прысутнасць на акцыі «Газпрамбайтэр», якая была накіраваная супраць пабудовы газпрамаўскага хмарачоса ў гістарычным цэнтры Санкт-Пецярбургу. Сёння спяваючы свой стары хіт «Твой тата-фашыст», Міхаіл Барзыкін прысвячае яго Пуціну з Мядзьведзевым.

«Наша Ніва»: Міхаіл, як на вашую думку, ці ёсць раскол сярод расійскіх рокераў у пытанні, як трэба ставіцца да цяперашняй расійскай улады?

Міхаіл Барзыкін: Ёсць сімптомы расколу. Колькі гадоў таму Крэмль выклікаў да сябе вядучых рокераў краіны, каб дамовіцца аб пэўнай супрацы. У выніку гэтай размовы яны (улада і рок-музыкі) адзін аднаго не чапаюць, даюць адно адному дыхаць. То бок, як на многіх рок-музыкаў дык выгаднае супрацоўніцтва.

«НН»: Цяпер шмат хто лічыць, што рок сёння — гэта ўсяго-толькі яшчэ адзін кірунак музыкі і ён больш не павінны займаць жорсткую пратэстную пазіцыю. Вы згодны?

МК: Па-першае, ніхто нікому нічога не можа навязваць. Няма панятку «павінны» стасоўна творцы. Проста рок — гэта варыянт гарадскога рамансу і ў галоўная ўмова яго існавання — каб ён быў жывы. Рок-музыка павінна неяк адлюстроўваць, што адбываецца ў свеце, як і любое мастацтва. Гэтаксама рок-музыка павінна закранаць розныя тэмы, у тым ліку і сацыяльны пратэст. Гэта, можа, не адзіная яе задача, але цуранне тэмаў пратэсту — занятак няшчыры, гэта спроба даць дзерака, ухіліцца ад рэчаіснасці. Калі ж рок-музыка гэтак уцякае, дык мне такая творчасць ня вельмі цікавая.

Пры дэтальным аглядзе, можна сказаць, што нават Бетховен адлюстроўваў сваё стагоддзе з яго норавамі і ладам жыцця.

«НН»: А не баіцеся, што з вамі адбудзецца тое самае, што і з Шаўчуком, калі ён выправіўся пры канцы 90-х у крыжовы паход супраць папсы? Не баіцеся зрабіцца ваяўнічым месіяшам?

МБ: У мяне тыя выступы таксама выклікалі ўсмешку. Тады я за Шаўчуком не пайшоў. Хаця ідэя змагання з пошласцю ў мастацтве старажытная, як свет. І слушная. Іншая рэч, калі з машынай шоў-бізнэсу пачынаюць змагацца людзі, якія самі паходзяць з яе нетраў. Я ж знаходжуся на ўзбочыне шоў-бізнэса і мне здаецца, што на мяне гэта не пашыраецца. Да таго ж, спадзяюся, не згубіў самаіронію. І паводле маіх песняў можна зразумець, што я сябе дасканаласцю не лічу. Наадварот — заўсёды хачу пасмяяцца з гуру. Чалавек істота недасканалая, яна заўжды сумняецца, і таму ў мяне няма рэлігіі, якую я бы хацеў накінуць іншых людзям. Няма жадання маніпуляваць людзьмі. Мне гэта нецікава і гэта не мая мэта.

«НН»: Дык якая ў вас мэта?

МК: Мая задача — выбудаваць сябе. Духоўна. Паспрабаваць максімальна пазбыцца страху, напрыклад. Дзеля гэтага існуе шмат методык. У тым ліку выйсці на «Марш нязгодных» пад дручкі АМАПу. Можна быць бясконца мудрым чалавекам, седзячы ўдома перад тэлевізарам. Але гэта цяплічная мудрасць. Чалавек усё ж славіцца справамі, а не словамі. Таму для капання ў самі сябе, для разумення сябе, і для тварэння ў сябе, трэба рабіць нешта па-за межамі сябе, займацца нечым, у тым ліку і творчасцю. Вось гэтая духоўнае будаўніцтва і ёсць матывацыяй маіх заняткаў рок-музыкай.

«НН»: З часоў СССР вы не былі ў Беларусі, а якой вам уяўляецца сучасная Беларусь?

МБ: Шмат чуў аб усякіх цудах беларускага ладу жыцця. Існуюць нейкія стэрэатыпы, якія да мяне даходзяць, пра Беларусь, што мае маленькае таталітарнае грамадства, пры гэтым увечары ў вас на вулках можна вольна шпацыраваць і не баяцца хуліганаў, на вуліцах чыста, прадукты не падрабляюць, затораў няма — машыны прыпаркаваныя там дзе трэба. Менш мітусні і свабоды менш. Мне цяжка гэта ўсё спалучаць, і менавіта таму вельмі хочацца глянуць на ўласныя вочы.

«НН»: Што бы вы хацелі тут убачыць?

МБ: Як людзі сябе адчуваюць, у гэтым глухім запаведніку сацыялізму. Хочацца ўбачыць, паразмаўляць з людзьмі, паглядзець як усё пабудавана з сярэдзіны. Але, канешне, і эканамічная і палітычная сітуацыя таксама цікавая. А гэтага можна дасягнуць, думаю, пасля дачыненняў з недурнымі людзьмі з Мінску. Каб скласці ўражанне, каб пастанавіць для сябе, што ж насамрэч тут адбываецца.

«НН»: Дзякуй, Міхаіл, інтэрв’ю, ласкава запрашаем у Беларусь!

МБ: Дзякуй. Чакайце.

6 лютага. R-Club (Сурганава, 26). Гурт «Тэлевізар». Праграма будзе змяшаная: як песні з новага «Дэжавю», так і старыя кампазіцыі з альбомаў розных гадоў. Пачатак а 19.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру