Навукова-даследчы цэнтр Мізеса ў снежні 2009 — студзені 2010 правёў сацыялагічнае апытанне з мэтай скласці партрэт грамадзянскай супольнасці Беларусі. Вынікі апытання, у якім паўдзельнічалі 1152 чалавекі, паказалі, што беларусы станоўча ставяцца да існавання грамадзянскай супольнасці, але самі паўдзельнічаць у ёй не спяшаюцца.

На ўзроўні Савецкага Саюза

На пытанне «Грамадзянская супольнасць, як Вы яго разумееце, асабіста для Вас — гэта…» 49% рэспандэнтаў адказала «добра», а 9,4% — «вельмі добра». У той жа час, грамадзянская супольнасць у Беларусі не ўсімі беларусамі ўспрымаецца як самастойная структура — каля 40% апытаных лічыць, што кіруюць ёй улады, але адна траціна апытаных лічыць, што яна «сама сабе кіраўнік».

Узровень яе развіцця большасць апытаных ацаніла на ўзроўні яе ў Савецкім Саюзе, а 26,3% наогул выказаліся за яе адсутнасць. Прычыну неразвітасці 34,5% рэспандэнтаў бачаць у тым, што беларусы рэдка бываюць у краінах Еўрасаюза,

33,3% -у недаверы актывістам няўрадавых арганізацый і 23,1% — у аўтарытарным рэжыме ў краіне.
У той жа час, толькі 14% звязваюць няўрадавыя арганізацыі з палітычнай апазіцыяй, але амаль палова схіляецца што актывісты гэтых арганізацый не разумеюць сапраўдных патрэб грамадства.

Мая хата з краю

Каля 60% апытаных за апошнія 10 год наогул не ўдзельнічалі ні ў адной са сфераў грамадзянскай супольнасці. Сярод найбольш папулярных сфер, у якіх беларусы хацелі б прыняць удзел, аказаліся вандроўкі (17,8%), гуманітарная дапамога (15,7%), праблемы экалогіі (14,7%). Жаданне прасоўваць нацыянальную мову і культуру выказалі 7,5% апытаных, удзельнічаць у нацыяналістычнай арганізацыі — толькі 1,7%.

Тыя, хто адказаў станоўча пра свой удзел у грамадскіх арганізацыях, патлумачылі гэта жаданнем сустрэць новых людзей і завесці сяброў (63,5%), выразіць свае каштоўнасці і інтарэсы і іх рэалізаваць (69,2%) і

для таго, каб дзеці жылі ў незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай краіне (50,4%).
Жаданне змяніць уладу прысутнічае толькі ў 7,4% рэспандэнтаў.

Сярод неабходных умоў для развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, большасць рэспандэнтаў адзначыла правядзенне дэмакратычных выбараў, магчымасць выказваць розныя пункты гледжання на тэлебачанні і радыё, а таксама прыняццё закону аб няўрадавых арганізацыях.


Спансараваць дзейнасць грамадскіх арганізацый пагадзіліся б нямногія — больш як траціна апытаных выбрала адказ «таму што самому не хапае», а вось гатоўнасць аддаваць 10% заробка штомесяц, як Ракфелер, выказала ўсяго 2,6% рэспандэнтаў.

На пытанне «Калі б прыйшлося абіраць паміж удзелам у няўрадавай арганізацыі і палітычнай партыі, што б Вы абралі?» 42,7% пагадзіліся б удзельнічаць у НДА і толькі 22,6% у палітычнай партыі.

Беларусаў не запытваюцца

Былі і пытанні датычныя адносінаў дзяржавы да беларускага народа. Як аказалася, 65,7% людзей не згодныя з тым, што ўлада не запытваецца іх меркавання, 36,2% апытаных лічыць, што ўлада наогул ізалявала сябе ад народа. Больш за палова рэспандэнтаў палічыла, што пры наяўнасці развітай грамадзянскай супольнасці «жыццё было б больш справядлівым», але каля 1/3 часткі апытаных лічаць, што нічога б не змянілася.


Свабода — гэта…

Рэспандэнтам былі прапанаваныя некалькі азначэнняў слова «свабода». Найбольшая частка апытаных пагадзілася з тым, што «Свабода — гэта права і здольнасць свабодна распараджацца сваім жыццём, маёмасцю, несці адказнасць за свой выбар, не парушаючы пры гэтым аналагічных праў іншых людзей." Цалкам свабоднымі сябе лічаць толькі 19,2% апытаных беларусаў, адказ «Хутчэй, так» далі 42,6%, «Хутчэй, не» — 20,9%, цалкам несвабоднымі сябе лічаць 5,6% апытаных і 11,6% не вызначыліся з адказам. Прыкладана такія колькасныя суадносіны адказаў былі і на пытанне, ці лічаць яны Беларусь свабоднай краінай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру