На конкурс «Мiстэр свету» ад нашай краiны вылучаны прафесiйны спартсмен, любiмая мадэль Івана Айплатава з «нетыпова беларускай» знешнасцю.

Выбранне самага прыгожага мужчыны свету адбываецца рэгулярна, пачынаючы з 1996 года. Заснавальнiкам гэтага конкурсу з’яўляецца добра вядомая ў свеце прыгажосцi Джулiя Морлi (ёй жа належаць правы i на конкурс «Мiс свету»). I хоць «Мiстэра свету» называюць удвая радзей, чым чарговую «Мiс», але менш прэстыжным спаборнiцтва ад гэтага не становiцца: пераможца ў дадатак да тытула самага жаданага прыгажуна ў свеце атрымлiвае прыз у 50 тысяч даляраў, а таксама пуцёўку ў вялiкi мадэльны бiзнэс — кантракт з вядучымi агенцтвамi…

Нават дзiўна, што Беларусь i беларусы так доўга не звярталi ўвагi на гэты конкурс. Зрэшты, сёлета ўсё змянiлася. Наша краiна ў лiку 80 iншых удзельнiкаў дэлегуе на злёт прыгажуноў, спартсменаў i разумнiкаў, што адбудзецца ў сакавiку ў Сеуле (Карэя) свайго прадстаўнiка.

Мiнчанiну Мiхаiлу Баранаву 21 год, ён вучыцца ва Унiверсiтэце фiзкультуры, прафесiйна займаецца дзюдо i вось ужо 3 гады як працуе ў Нацыянальнай школе прыгажосцi.

Зрэшты, на пытанне, што для яго важнейшае, хлопец без ваганняў адказвае: безумоўна, спорт, а мадэльная кар’ера — гэта, хутчэй, хобi. I ў дадзеным выпадку гэта выдатна, бо конкурс «Мiстэр свету» iстотна адрознiваецца ад iншых конкурсаў прыгажосцi — у прэтэндэнтаў павiнна быць вельмi сур’ёзная спартыўная падрыхтоўка, бо сярод выпрабаванняў iх чакаюць фiзiчныя спаборнiцтвы, у тым лiку па экстрэмальных вiдах спорту (напрыклад, па рафтынгу). Але прынамсi нашаму «мiстару» няма чаго баяцца, у яго за плячыма не толькi больш як 10 гадоў заняткаў спортам, але i пастаяннае ўдасканаленне навыкаў пад строгiм бацькавым кiраўнiцтвам. А бацька, таксама Мiхаiл Баранаў — мiж iншым, заслужаны майстар спорту, двухразовы чэмпiён свету па самба, заслужаны трэнер СССР i Беларусi!

Рэзоннае пытанне — як жа спартсмен i сын спартсмена ўвогуле трапiў у мадэльны свет? «Выпадкова, — аджартоўваецца Мiхаiл‑малодшы, — iшоў аднойчы па вулiцы каля Нацыянальнай школы прыгажосцi, убачыў аб’яву пра чарговы набор, зайшоў i сказаў: «Вазьмiце мяне ў мадэлi». Зрабiлi пару здымкаў… i ўзялi!».

Хлопца можна ўбачыць на рэкламных шчытах школы прыгажосцi

а летась адбыўся i яго вялiкi дэбют на Маскоўскiм тыднi моды, на паказе Івана Айплатава.

— Насамрэч, адкрыю вам сакрэт, новых хлопцаў мы шукаем найперш менавiта ва Унiверсiтэце фiзкультуры, — дадае дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосцi Вольга Сярожнiкава, — бо адно з галоўных патрабаванняў да мужчын‑мадэляў — добрая фiзiчная форма… Але пры адборы на конкурс «Мiстар свету» вызначальную ролю мае ўсё ж знешнасць, бо гэта конкурс прыгажосцi, а не Алiмпiяда. У Мiхаiла знешнасць, мы лiчым, якраз конкурсная — мяркуючы па папярэднiх пераможцах (iспанец Хуан Гарсiя Пасцiга, бразiлец Густава Джанэцi), запатрабаваны гэткi экзатычны тып мужчын.

Таму мы адмовiлiся ад выбару тыпова беларускага хлопца — са светлымi вачыма i валасамi, i пастаралiся падабраць канкурэнтаздольнага ўдзельнiка.

Думаю, Мiхаiл пастаiць i за сябе, i за нашу краiну. Трэба толькi падцягнуць англiйскi i адрасцiць валасы крыху, каб вобраз быў не такi брутальны.

— Як вы паставiлiся да таго, што сына абралi ўдзельнiкам конкурсу прыгажосцi — гэта мужчынская ўвогуле справа? — пацiкавiлiся мы ў бацькi i трэнера, — пацiкавiлiся мы ў бацькi i трэнера.

— Ну, калi конкурс называецца «Мiстар», а не «Мiс», то гэта мужчынская справа, — разважае Мiхаiл‑старэйшы. — Таму я паставiўся нармальна, бо лiчу сына гэтага вартым: мужнасцi яму не займаць, пастаяць за сябе i сваю каханую дзяўчыну ён таксама зможа, а яшчэ ў яго ёсць такая не самая папулярная сёння ўласцiвасць, як прыстойнасць. Таму сорамна за яго не будзе нi мне як бацьку, нi краiне. Я, са свайго боку, як спартсмен, якому давялося выступаць яшчэ за Савецкi Саюз, стараюся патлумачыць сыну, што калi едзеш на спаборнiцтва — яго трэба выйграць, а не паўдзельнiчаць «для галачкi».

У смокiнгах i без алкаголю

З чаго ўвогуле складаецца сiстэма адбору фiналiстаў на конкурсе «Мiстэр свету»? «Нам самiм пакуль што гэта не вельмi зразумела, будзем арыентавацца на конкурсы, якiя былi ў мiнулы i пазамiнулы раз, — адказвае Вольга Сярожнiкава. —

Ведаем, што будзе шмат спаборнiцтваў — перацягванне каната, плаванне, гонкi на каноэ i г.д., таксама канкурсанты будуць шмат падарожнiчаць па краiне i ўдзельнiчаць у розных акцыях».

У фiнале, прызначаным на 27 сакавiка, не абыдзецца i без дэфiле — праўда, не ў купальнiках (на жаль i ах, гэта выключна жаночая доля), а ў смокiнгах i адмысловых тэатралiзаваных яркiх касцюмах. Прычым, што адметна, калi ў жаночых конкурсах прыгажосцi дзяўчаты рыхтуюць свае ўборы самi, то ў мужчынскiм аб гэтым паклапацiлiся арганiзатары. Яны ж пазбавiлi мужчын ад конкурсу талентаў — дэкламаваць, спяваць або танчыць на сцэне канкурсантаў не прымушаюць. Затое iм давядзецца дэманстраваць сiлу, стойкасць, кемлiвасць i ўменне знаходзiць выйсце з самых складаных сiтуацый.

— А як жа патрабаваннi да знешнасцi, параметраў канкурсантаў — няўжо iх увогуле не iснуе? — прывучаныя славутымi «90‑60‑90» да стандартызацыi прыгажосцi, мы вырашылi, што Вольга Сярожнiкава проста забылася расказаць пра гэты аспект. Але яна агаломшыла:

— Нiякiх параметраў у мужчынскiх конкурсах прыгажосцi не iснуе! Класiчная прыгажосць, высокi рост — ад 178 i больш (у Мiхаiла Баранава — 185), але дакладных абмежаванняў па росце, аб’ёму талii цi грудной клеткi нiхто не прад’яўляе.

Карэя для беларусаў — экзотыка, але i Беларусь для карэйцаў таксама. Таму наш удзельнiк абавязкова павязе з сабой нацыянальныя сувенiры — вырабы з лёну, якiя высока цэняцца ва ўсiм свеце, фiгуркi зуброў, нейкiя драўляныя дробязi. А вось на алкаголь на конкурсе «Мiстар свету» накладзена строгае вета — яго ўдзельнiкам катэгарычна нельга нi ўжываць, нi прывозiць як падарунак.

Мiхаiл Баранаў: «Прыгажосць для мужчыны — не галоўнае!»

— Цi лёгка прыгожаму хлопцу будаваць стасункi з дзяўчатамi?

— Ёсць свае цяжкасцi, але мы спраўляемся. З маёй дзяўчынай — яна гiмнастка — сустракаемся ўжо два гады, i яна, дзякаваць Богу, мяне ва ўсiм падтрымлiвае. А ў мужчыне, лiчу, галоўнае — не прыгажосць, а розум, сумленнасць i надзейнасць, каб на яго можна было абаперцiся ў цяжкую хвiлiну.

— Што даводзiцца рабiць, каб падтрымлiваць сябе ў форме — наведваць лазню, хадзiць на спа‑працэдуры?

— Лазню наведваю, гэта ўваходзiць у комплекс трэнiровак па дзюдо, а вось манiкюр‑педыкюр не раблю, бо калi атрымаць нават нязначнае пашкоджанне на дыване, могуць быць непрыемныя наступствы. Дый за скуру, за знешнасць увогуле — дзякуй тату з мамай, а не нейкiм там касметычным працэдурам.

— Адзiн з конкурсаў — кулiнарны. Цi часта вы бываеце на кухнi?

— Па меры неабходнасцi: калi трэба штосьцi прыгатаваць, я гэта змагу, але не захапляюся гатоўкай.

Дарэчы, паралельна з вучобай ва Унiверсiтэце фiзкультуры хлопец атрымлiвае другую вышэйшую адукацыю — у сферы турызму, i марыць заснаваць свой бiзнэс, напрыклад, адкрыць сетку гасцiнiц.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру