Цырымонія ўручэння прэмій павінна была прайсці 14 лютага, у Дзень святога Валянціна, у сталічным гатэлі Crownе Plaza. Аднак увечары 4 лютага стала вядома, што адміністрацыя гатэля скасавала дагавор на арэнду залы.
«Найбліжэйшым часам мы пададзім заяўкі на выдзяленне памяшкання для ўручэння прэмій у іншыя месцы.
Але мы не цешым сябе ілюзіямі.
За тры гады арганізацыя атрымала больш за сто адмоў у выдзяленні памяшканняў для правядзення нашых мерапрыемстваў. Зусім нядаўна больш як дзесяць устаноў адукацыйна‑культурнага кірунку адмовілі нам у выдзяленні памяшкання для правядзення ўстаноўчага з’езда», — адзначыў Дашкевіч.
«Мы не верым у выпадковасці.
Дамова была заключаная ў законным парадку, мы як кліенты не парушылі ніякіх умоў.
Мы лічым, што ў працэс ажыццяўлення дамовы ўключыліся трэція асобы, і адмова ў арэндзе мае палітычны падтэкст. Мы будзем вымушаны звярнуцца з адпаведным лістом да кіраўніцтва InterContinental Hotels Group, уладальніка сеткі гатэляў Crowne Plaza па ўсім свеце. Акрамя таго, мы маем намер падаць іск у дачыненні да Crowne Plaza у гаспадарчы суд Мінска», — заявіў Дашкевіч.
Паводле яго слоў,
напярэдадні 14 лютага будзе аб’яўлены спіс пераможцаў, а ўзнагароды ім, хутчэй за ўсё, будуць перададзены ў прыватным парадку.
Адмова ў выдзяленні памяшкання наносіць шкоду не толькі іміджу гатэля Сrowne Plaza Minsk, але і іміджу Беларусі, паколькі відавочна, што вядзенне бізнесу ў краіне не ажыццяўляецца па празрыстых правілах і схемах, заявіў Дашкевіч.





