Гутарка з дацкім пісьменнікам і рэпарцёрам Енсам Ховсгаардам.

Ці можна назваць Данію бардэлем Еўропы?

Не ўсёй Еўропы, а толькі паўночнай, бо прастытуцыя дазволеная і ў іншых краінах кантынента. Але пасля таго, як у Нарвегіі і Швецыі забаранілі прастытуцыю, то тамтэйшыя дзяўчаты злятаюцца ў Данію. Кожны ў нас можа знайсці прастытутку на любы густ. У адным з масавых таблоідаў штодзённа змяшчаецца 5‑6 старонак аб’яваў пра сэксуальныя паслугі. Кліент атрымлівае прапанову разам з коштамі.

А чаму дацкі ўрад не змагаецца з прастытуцыяй?

Нашыя палітыкі лічаць, што кожны чалавек мае права на свабоду і асалоду ад жыцця. «Калі хтосьці можа гэтага дасягнуць толькі ў бардэлі, то мы павінны разумець іх» — так яны кажуць. — Прэч з забаронамі і абмежаваннямі». Палітыкі таксама карыстаюцца паслугамі прастытутак, таму нельга чакаць, што яны рэзка памяняліся і заявілі, што сэкспрамысловасць — амаральная. Палітыкі не змагаюцца з прастытуцыяй, бо барацьба не нясе палітычных дывідэндаў — прастытуткі і суценёры рэдка галасуюць.

Нядаўна я зняў фільм пра румынскую 16‑гадовую дзяўчыну, якую прымусілі займацца прастытуцыяй. Я купіў яе за 1,5 тыс. еўра. Суценёр, які мне яе прадаў, сказаў: «Можаш рабіць з ёй усё, што хочаш». Фільм быў паказаны па тэлебачанні. Пасля паказу ў студыі разгарэлася дыскусія. Сярод гасцей была міністр юстыцыі. Яе вельмі ўзрушыў мой фільм, яна нават заплакала, але на маё пытанне «Што рабіць з прастытуцыяй?» адказала: «Нічога. Гэта самая старажытная жаночая прафесія». Міністр не заўважыла, што румынская дзяўчына была прастытуткай не паводле ўласнага жадання, а паводле прымусу.

А што Вы, дарэчы, зрабілі са «сваёй» румынскай прастытуткай?

Я пераканаў яе, каб яна звярнулася ў паліцыю і пра ўсё распавяла. Я дапамог ёй знайсці прытулак у спецыяльным сацыяльным цэнтры, але яе суценёр хутка даведаўся, дзе тая знаходзіцца. Ён выкраў яе і зноў прымусіў працаваць на вуліцы. І толькі пасля таго, як дзяўчына яго напалохала, што я разам са сваімі калегамі‑журналістамі прыеду яе вызваляць, ён яе адпусціў. Яна знайшла працу ў гатэлі, выйшла замуж.

Ці праўда, што інваліды ў вашай краіне атрымліваюць фінансавую дапамогу ад мясцовых уладаў, калі ім захочацца скарыстацца паслугамі прастытуткі?

Крызіс прымусіў ашчаджаць. Сёння ўжо муніцыпалітэт не фінансуе сэкс‑паслугаў для інвалідаў, але сацыяльныя працаўнікі абавязаныя дапамагчы інваліду знайсці прастытутку, якая будзе гатовая яго абслужыць. Але сёння такая асоба павінна цалкам аплаціць паслугі прастытуткі.

На шчасце, мясцовыя ўлады пачынаюць разумець, што прастытуткі часта маюць за сабой жахлівае мінулае, некаторых з іх прымушалі працаваць на вуліцы. Чыноўнікі пачынаюць бачыць у прастытутках людзей і ўсё часцей задаюць сабе пытанне, ці маральна гэта — шукаць для іх кліентаў. Але, на жаль, па‑за межы дыскусіі гэта праблема не выйшла.

Вы саромеецеся сваёй краіны?

Вельмі часта. Прастытуцыя — гэта не адзіная сарамлівая тэма ў Даніі. Але за яе мне асабліва сорамна. Больш за 2 млн. жанчын і дзяцей штогод трапляе ў кіпцюры гандляроў жывым таварам. Мне вельмі сорамна, што Данія бярэ ў гэтым удзел.

Чаму тады на працягу 30 гадоў Данія ўзначальвае спіс самых шчаслівых краін свету?

Статыстыкай проста маніпуляваць. Датчане самі сябе пераконваюць, што яны самыя шчаслівыя. Калі ад калыскі чуеш, што жывеш у самай шчаслівай краіне свету, то пачынаеш у гэта верыць. Але гэта няпраўда. Датчане п’юць, кураць, глытаюць антыдэпрэсіўныя лекі, масава разводзяцца. На вуліцах бачыш сумных, маўклівых людзей. Мы пагаджаемся з прапагандай шчасця, бо нам гэта на руку.

Найлепшыя гады Даніі — у мінулым. Гэта час паміж 1950 і 1970‑мі, калі краіна з сялянскай стала высокаразвітай дзяржавай. Тады сапраўды было чым пахваліцца: сістэма адукацыі, ахова здароўя, дзіцячыя садкі, дамы сацыяльнай апекі. Усё было на вышэйшым узроўні. Датчане хочуць верыць, што нічога не змянілася. Але гэта хлусня. Я бываю шмат дзе і бачу, што ў Фінляндыі дзеці вучацца лепей, у Італіі — найлепшая сістэма аховы здароўя для старых. Мы не самыя шчаслівыя на свеце, мы гэта сабе ўбіваем у галаву. Праўда забіла б нас..

Сапраўды шчаслівых людзей я сустрэў у Польшчы ў 2005‑м. Я здымаў фільм пра дацкіх фермераў, якія атручваюць польскую зямлю хімікатамі. Я б у такое надвор’е нават сабаку не выгнаў бы на двор. Мне давялося праязджаць праз нейкую вёску, калі наша машына сапсавалася. Абсалютна чужыя людзі запрасілі мяне ў хату, прапанавалі начлег, накармілі. У Даніі такая шчырасць немагчымая.

Магчыма мы і гасцінныя, але датчане спакайнейшы народ. Вы працуеце 37 гадзін у тыдзень, маеце 6 тыдняў адпачынку, ахова здароўя на высокім узроўні. Шмат палякаў не можа пра гэта і марыць.

На працягу 100 гадоў сацыял‑дэмакратычная партыя і прафсаюзы змагаліся за тое, каб стварыць для датчан як мага лепшыя ўмовы працы. Ім гэта ўдалося. Але за сем апошніх гадоў кіравання правых усё гэта знішчана.

Наш 37‑гадзінны тыдзень працы — гэта прывілей на паперы. Калі хочаш зрабіць кар’еру, дасягнуць поспеху, ты мусіш працаваць 50‑60 гадзін на тыдзень. І пры гэтым ты заўсёды павінен быць дасягальны праз тэлефон і кампутар. Сем’і ў выніку распадаюцца, дзеці выхоўваюцца дрэнна, бо бацькі ўвесь час працуюць. Уплыў прафсаюзаў на рынак працы змяншаецца. Павялічваецца беспрацоўе, людзі сядзяць у даўгах, не маюць грошай, каб сплаціць крэдыт. Цяперашні ўрад такі ж ліберальны, як і ўрад Маргарэт Тэтчэр. Лібералізм не давядзе нашае грамадства да добрага.

Я заўважыў, што датчане не могуць жыць без алкаголю, цыгарэт і нездаровай ежы. Ці менавіта гэта робіць іх шчаслівымі?

У нашай культуры замацавалася тэорыя, што каб быць добра пачувацца, то трэба ўцячы ад рэчаіснасці. Адзін са шляхоў — праз стымулятары. Дастаткова заліць некалькі карлсбергаў, заесці гэта чыпсамі і скурыць пачак цыгарэт. Гэта адзіны шлях, каб датчанін адчуў сябе шчаслівым. Мы адзін з самых пітушчых народаў на свеце. Мы засталіся закамплексаванымі сялянамі з вёскі, якія для таго, каб даказаць сваю выключнасць, мусяць піць. А мы не выключныя. Шведы — здаравейшыя, нарвежцы — багацейшыя, немцы — лепш зарганізаваныя. А нас, да таго ж, няшмат, і мы ўвесь час даказваем сабе: мы робім цудоўную мэблю, граем няблага ў футбол. Але каб сапраўды ў гэта паверыць, часам патрэбная пляшка.

Каб зразумець важнасць алкаголю для датчаніна, распавяду гісторыю. Штогод у садку маёй дачкі адбываецца летняя імпрэза для дзяцей і бацькоў. Звычайна прыходзіць каля сотні бацькоў, мы разам вячэраем, дарослыя п’юць піва альбо віно. Сёлета алкаголь прыносіць забаранілі. Бо была пагроза, што бацькі, вяртаючыся дамоў на падпітку, маглі недаглядзець дзяцей. І ведаеш, што сталася? Прыйшла толькі палова бацькоў. Я не рабіў палявых даследванняў, але здагадваюся, якая прычына гэтай з’явы. Датчанін ведае, што каб было прыемна, павінен быць алкаголь. Бо што гэта за прыемнасць сядзець сярод дзятвы і не можаш супакоіць сябе кілішкам віна? Але ў той жа час датчан нельга назваць алкашамі. Гэта Вы, палякі і расіяне, ляжыце з пустой бутэлькай пад плотам. У нас такой праблемы няма.

Ты жартуеш?

Трохі так, а трохі і не. Нам здаецца, што мы кантралюем нашу залежнасць. Вы — не. Вы ва Усходняй Еўропе будзеце піць, пакуль не пабачыце дно ў бутэльцы, а потым захрапіце за сталом. Мы так не напіваемся.

А чаму Данія лідэр па разводах? У кожнага чацвёртага дзіцяці ў вашай краіне разведзеныя бацькі.

Сям’я — гэта бізнэсплан: жонка, дзеці, але таксама і добры тэлевізар, два аўтамабілі ў гаражы, адпачынак улетку, зімой лыжы ў Швейцарыі. Гэта ўсё грошы. На гэта трэба працаваць па 60 гадзін у тыдзень. Дзеці сядзяць у садках ад 7 раніцы да 18.00 вечара. Бацькі чужыя адзін для аднаго, яны практычна не бачацца. Дзеці нараджаюцца, бо гэта частка бізнэсплану, але каб гэты план давесці да канца — не хапае сіл. Сям’я не задавальняе, бо датчанін заўсёды да чагосці імкнецца. Яму нават на сябе няма часу. І людзі разводзяцца.

Магчыма, фінансавы крызіс дапаможа датчанам. Магчыма скончыцца спаборніцтва за тэлевізары, дамы і машыны. Крызіс прымусіць людзей асэнсаваць, што ў жыцці самае важнае.

Нядаўна падчас адной з дэманстрацый дацкі паліцыянт назваў цёмнаскурага дэманстранта «perker», то бок «бамжара». Пазней ён казаў, што меў на ўвазе «perler» — пярліна, але гэтым ён нікога не пераканаў. А нядаўна кіроўца аўтобусу адмовіўся забраць на прыпынку жанчыну ў традыцыйнай мусульманскай вопратцы. Ён казаў, што не можа перавозіць замаскаваных людзей, бо гэта выклікае ў яго падабенства з дэманстрацыяй. Яго звольнілі. Але не за расізм, а за глупства.

Мова нашай публічнай дыскусіі ні чым не адрозніваецца ад мовы нацысцкай Нямеччыны. Ультраправыя палітычныя партыі, напрыклад Дацкая народная партыя, дазваляе сабе карыстацца нацысцкай тэрміналогіяй. Можна, напрыклад, пачуць, што эмігранты з Блізкага Усходу «размнажаюцца як пацукі». І ніхто іх за гэта не асуджае, не цягне ў суд. Нацысты таксама ў 30‑я гады называлі габрэяў пацукамі.

Датчане - расісты і ксенафобы?

Экстрэмісты. Паліцыянт, які абразіў цёмнаскурага дэманстранта, не панёс за гэта віну. Начальства таксама не адказала. Людзі даюць дазвол на такія паводзіны. Кожная партыя, якая хоча ўвайсці ў парламент, павінна мець у сваёй праграме запіс пра «вырашэнне праблемы эмігрантаў».

Мы кажам «мусульманін», а думаем — крымінальнік. На вуліцах Капенгагена змагаюцца паміж сабой «этнічныя» датчане і «новыя» датчане, бацькі якіх прыехалі да нас у пошуках працы. Банда «новых» налічвае сотню злачынцаў. Банда «этнічных» — гэта 240 гангстэраў.

Іншаземцы складаюць 8% дацкага грамадства. Магчыма датчане маюць прычыны, каб іх баяцца, асабліва мусульманаў? Нядаўна я пазнаёміўся з палестынцам, які вучыўся ў Польшчы. Я спытаў яго: чаму пасля 9 гадоў жыцця ў Даніі, ты па‑польску гаворыш лепш, чым па‑дацку. «А навошта мне вучыць дацкую? Неўзабаве датчане будуць размаўляць па‑арабску».

Я не веру ў тое, што ўсе мусульмане, якія да нас прыязджаюць, хочуць стварыць тут халіфат, а дарогі пакрыць нашымі касцьмі. Яны хочуць жыць у сваёй культуры, але гэта не значыць, што адначасова яны хочуць знішчыць нашу культуру. Гэта мы запрасілі туркаў, югаславаў, каб яны ў нас працавалі. Я не веру, што яны маюць дрэнныя намеры. Яны прыехалі сюды не дзеля рэвалюцыі, а дзеля працы.

Я лічу, што гэта нядобра, што мы ўдзельнічаем у вайне ў Іраку, выганяем мільёны людзей са сваіх дамоў, а потым не даем ім сховішча ў сябе. Швецыя, якая не выслала ў Ірак аніводнага жаўнера, прыняла шмат уцекачоў. А мы з чыстымі рукамі. Іншаземцы гэта не праблема, гэта плюс. Яны спрычыняюцца да таго, што мы існуем і развіваемся. Палестынец, якога ты сустрэў, гэта не «новы» датчанін. Ён абібок, які не хоча вучыць мову. Але гэта не значыць, што ён небяспечны.

Ты ганарышся тым, што ты датчанін?

Калісьці, калі я распавядаў замежнікам пра маю краіну, яны панікавалі, калі чулі пра нашыя высокія падаткі. Я тады заўсёды казаў, што гэтыя грошы для мяне і маёй сям’і: маё дзіця наведвае добрую школу, мае бацькі маюць добрую апеку, ахова здароўя бясплатная. Сёння я не магу гэтым пахваліцца. Падаткі не змяніліся — яны і далей высокія, 50% і больш, але калі б сёння я хацеў выслаць дачку ў добрую школу, я мушу даплачваць. Калі я хачу, каб мае бацькі на старасць жылі камфортна — я мушу даплачваць. Калі я бачу дацкі сцяг, то мае вочы засцілаюць слёзы. Правыя зрабілі яго сваёй уласнасцю. Сёння дацкі сцяг асацыюецца ў мяне з нацыяналізмам. Ксенафобіяй і расізмам. Мне робіцца млосна, калі я бачу гэты сцяг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?