Сёння ў партугальскім Круш Кебрада завершыцца папярэдні этап тэніснага Кубка федэрацыі (Еўра‑Афрыканская зона, група 1). У заключным матчы групы D беларускія тэнісісткі сустрэнуцца з камандай Вялікабрытаніі.

Праўда, для абедзвюх дружын вынік гэтае сустрэчы турнірнага значэння не мае — яны ўжо згубілі шанцы працягнуць барацьбу за выхад у 2‑ю Сусветную групу гэтага турніру.

Нашы дзяўчаты ў першым матчы саступілі камандзе Аўстрыі з лікам 1:2, а ўчора выйгралі ў тэнісістак Босніі і Герцагавіны з сухім лікам 3:0. У пераможнай сустрэчы капітан нашай дружыны Уладзімір Ваўчкоў не мог разлічваць на лідэра Вікторыю Азаранку (6‑ы нумар сусветнага рэйтынгу) — яна захварэла.

Тым не менш яе каляжанкі па камандзе выйгралі ўсе свае матчы — Таццяна Пучак (298) перамагла Эму Бургіч (653) у двух сэтах з аднолькавым лікам 6:1, а Вольга Гаварцова (55) выйграла ў Сандры Марціновіч (387) — 6:2, 6:3. Наша пара ў складзе Кацярыны Дзегалевіч і Таццяны Пучак таксама выйграла ў двух сэтах у дуэта Аніта Гусарыч — Сандра Марціновіч — 6:4, 6:0.

Аднак гэты поспех не дапамог беларускам, бо першае месца ў групе D забяспечылі сабе аўстрыйскія спортвумэн,

якія атрымалі другую перамогу запар над брытанкамі з лікам 3:0, а гэта зрабіла іх недасягальнымі для суперніц.

У сённяшнім матчы нашым спартоўкам у складзе каманды Вялікабрытаніі будуць супрацьстаяць Алена Балтача (83, яна, між іншым, дачка знакамітага гульца кіеўскага «Дынама» 1980-х Сяргея Балтачы), Кейт О’Брайн (84), Анне Кеотавонг (127) і Сара Боруэл (919). Акрамя паразы ад аўстрыек брытанкі ў першым матчы разграмілі басніек з лікам 3:0.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру