Паводле ацэнкі Міжнароднага валютнага фонду, патрэбнасці Беларусі ў знешнім фінансаванні ў 2010 годзе складуць 4 млрд. 954 млн. даляраў. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе МВФ па выніках трэцяга агляду праграмы stand‑by.

Эксперты фонду павялічылі свой прагноз наконт патрэбнасці Беларусі ў фінансаванні на 722 млн. даляраў.

Пры гэтым крыніцы фінансавання, якія Беларусь знайшла сама,

эксперты МВФ ацэньваюць у 2 млрд. 969 млн. даляраў (папярэдні прагноз — 2 млрд. 754 млн. даляраў),

з іх прамыя замежныя інвестыцыі павінны скласці 2 млрд. 320 млн. даляраў.

Дэфіцыт фінансавання МВФ прагназуе на ўзроўні 1 млрд. 985 млн. даляраў (ранейшы прагноз — 1 млрд. 478 млн.).

Часткова яго мяркуецца пакрыць за кошт апошняга траншу крэдыту МВФ у памеры 682 млн. даляраў. Не пакрыты крыніцамі дэфіцыт фінансавання ў Беларусі ў 2010 годзе, паводле прагнозаў спецыялістаў фонду, складзе 1 млрд. 304 млн. даляраў (ранейшы прагноз — 820 млн. даляраў). Пры гэтым яны ўдакладняюць, што на аснове скарэктаванага мэтавага паказчыка валавых золатавалютных рэзерваў

сукупны непакрыты дэфіцыт фінансавання ў 2010 годзе складзе 1 млрд. 454 млн даляраў.

У дакладзе гаворыцца, што Расія адмовілася ад абяцання выдзеліць заключны транш у 500 млн. даляраў у рамках двухбаковага крэдыту, што прывяло да стварэння дэфіцыту фінансавання.

Пры гэтым МВФ чакае, што пазыку Еўрасаюза ў памеры прыкладна 290 млн. даляраў, якая была запланавана на канец 2009 года, Беларусь зможа атрымаць у першым квартале 2010 года. Гэта макрафінансавая дапамога ЕС увязана з праграмай МВФ stand‑by, якая заканчваецца сёлета ў сакавіку.

У аглядзе адзначаецца, што дэфіцыт фінансавання на 2010 год пасля завяршэння дзеяння праграмы Беларусь можа пакрыць дадатковай фінансавай падтрымкай з боку МВФ пры дасягненні наступнай дамоўленасці, фінансаваннем ад іншых шматбаковых донараў і, магчыма, шляхам выпуску еўрааблігацый.

Паводле прагнозаў МВФ, дэфіцыт сальда рахунку бягучых аперацый Беларусі ў 2010 годзе складзе 3,85 млрд. даляраў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру