Сёння ва Украіне прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. За права заняць вышэйшую дзяржаўную пасаду змагаліся цяперашняя прэм’ер-міністарка49-гадовая Юлія Цімашэнка і лідэр апазіцыйнай Партыі рэгіёнаў, былы кіраўнік урада 59-гадовы Віктар Януковіч. Экзіт-полы даюць перамогу Януковічу з перавагай у 3–4% галасоў.

Галасаванне ў вёсцы Зімная Вада, што пад Львовам.

Галасаванне ў вёсцы Зімная Вада, што пад Львовам.

Украіна зноў падзялілася надвое. Але кантрольны пакет на гэты раз перайшоў на ўсход.

Згодна з вынікамі ўсіх апытанняў на выхадзе з участкаў перамагае лідэр апазіцыі Віктар Януковіч. Экзіт-полы ладзілі 6 розных агенцтваў. Паводле ўсіх сацыёлагаў, Януковіч набірае 49–50% галасоў. За Цімашэнку прагаласавалі 44–46% выбарцаў.

Заўтра прыхільнікі Януковіча маюць сабраць масавы мітынг у Кіеве, каб прадэманстраваць падтрымку свайму кандыдату. Сёння ж 1500 міліцыянтаў узялі пад узмоцненую ахову дзяржаўныя ўстановы сталіцы.

Штабы Януковіча й Цімашэнкі абвінавачваюць супернікаў у парушэннях выбарчага заканадаўства. Аднак Камітэт выбарцаў Украіны на гэты раз не ўбачыў значных адступленняў ад закона.

У першым туры, які прайшоў 17 студзеня з удзелам 18 кандыдатаў, Януковіч набраў 35,32% галасоў, Цімашэнка — 25,05%. Дзейны прэзідэнт Віктар Юшчанка атрымаў 5,45% галасоў і заняў пятае месца. Яўка выбаршчыкаў склала 66,76%.

Цімашэнка — выдатная прамоўца — здолела зменшаць адставанне ад суперніка, але не здагнала яго. Супраць яе гуляла паганая эканамічная сітуацыя. Украіна перажывае эканамічны крызіс найцяжэй у Еўропе. Акрамя таго, аслабілася сістэма кіравання. Так, ва ўкраінскіх гарадах слаба прыбіраюць снег. Ёсць гарады, дзе жыхарам не падаецца гарачая вада.

Сярэдні заробак ва Ўкраіне — адзін з найніжэйшых у Еўропе. Горш зарабляюць толькі ў Малдове і на Каўказе.

Януковіча падтрымалі поўдзень і ўсход Украіны, Цімашэнку — цэнтр і захад.

Выбары праходзяць ва ўмовах палітычнага і эканамічнага крызісу. Абодва кандыдаты выказваюць упэўненасць у сваёй перамозе. У прыватнасці, паводле слоў Януковіча, ён разлічвае на два прэзідэнцкія тэрміны, каб рэалізаваць свае задумы. Цімашэнка заявіла, што ў выпадку фальсіфікацый яе прыхільнікі «гатовы даць адпор», які яе сапернік «не бачыў нават у 2004 годзе». Яна рэзка раскрытыкавала ўхваленне 2 лютага Вярхоўнай радай паправак ў закон аб выбарах прэзідэнта, згодна з якімі выбарчыя камісіі, у прыватнасці, паўнамоцныя прымаць рашэнні без кворуму ў дзве траціны яе членаў. АБСЕ асудзіла змену выбарчага заканадаўства паміж двума турамі.

Папярэднія прэзідэнцкія выбары ў 2004 годзе прайшлі ў тры туры. У першым перамогу атрымалі лідэр апазіцыйнай кааліцыі «Сіла народа» Віктар Юшчанка (39,90%) і прэм’ер-міністр Віктар Януковіч (39,26%). У другім туры, паводле афіцыйных звестак, больш галасоў набраў Януковіч (49,46% супраць 46,61% у Юшчанкі). Прыхільнікі апазіцыйнага кандыдата выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць фальсіфікацый. Масавыя выступленні ў Кіеве і іншых гарадах цэнтра і захаду краіны атрымалі назву «аранжавая рэвалюцыя», сімвалам якой стала плошча Незалежнасці — Майдан — у сталіцы. Згодна з рашэннем Вярхоўнага суда Украіны быў прызначаны трэці тур, які выйграў Юшчанка (51,99% галасоў супраць 44,20%).

Як устаноўлена законам аб выбарах прэзідэнта Украіны, пераможцам будзе прызнаны той. хто «паводле вынікаў паўторнага галасавання атрымаў большую, чым другі кандыдат, колькасць галасоў выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні».

Паводле меркавання беларускага палітолага Валерыя Карбалевіча, адносіны Беларусі і Украіны застануцца ранейшымі незалежна ад таго, хто стане прэзідэнтам гэтай краіны. «У нас з Украінай няма і не было моцных праблем, а калі і былі якіясьці непаразуменні, то, я спадзяюся, яны былі зняты падчас нядаўняга візіту Лукашэнкі ва Украіну. Адносіны застануцца сяброўскімі і партнёрскімі», — лічыць палітолаг.

Януковіч у часе кампаніі абяцаў захаваць дэмакратычныя дасягненні апошніх гадоў і ўлічыць памылкі мінулага. Выбары таксама паказалі, што палярызацыя Украіны згладжваецца вельмі паволі. Вынікі кандыдатаў у вотчыне супернікаў выраслі проці 2004 года ўсяго на некалькі працэнтаў галасоў. Януковіч адмовіўся ад русафільскай рыторыкі і заваяваў частку выбарцаў на захадзе краіны. Гэтак, ён атрымаў 42% галасоў у Закарпацці, 37% — на Жытоміршчыне і 9% — у сэрцы Галіччыны, Львоўскай вобласці.

У сваю чаргу, Юлія Цімашэнка старалася заваяваць сімпатыі жыхароў усходу. Яна пазбягала антырасейскіх выпадаў і наладжвала сувязі з Масквой. У выніку за яе прагаласавалі 16% выбарцаў Крыма, 10% жыхароў Севастопаля і 6% у айчыне Януковіча, Данецкай вобласці. Час паволі вырабляе з'яднаную ўкраінскую нацыю.

Глядзіце таксама фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч з Кіева

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?