Перайменаванне парку да 65‑х угодкаў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ініцыяваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец.

Пра гэтае рашэнне было абвешчана на апошнім пасяджэнні аблвыканкама. Прычым старшыня падкрэсліў, што пра змену назваў вуліцы Леніна і плошчы Леніна гаворкі няма — яны застануцца.

Паркам імя Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова — партызанскага камандзіра «бацькі Міная» — наканавана стаць невялікаму скверыку (4 гектары) каля плошчы Леніна ў абласным цэнтры. У скверы месціцца мемарыяльны музей М.Ф.Шмырова.

Летась гарадская газета «Віцьбічы» абвяшчала конкурс на лепшую назву прылеглага ўчастку скверу — там меркавалася стварыць аб’ект пад рабочай назвай «Дзіцячы патрыятычны парк». Газета пісала, што тут размесцяцца кавярня, цір, пляцоўкі для гульні ў валейбол, баскетбол і настольны тэніс, газоны, кветнікі, пешаходныя дарожкі. Мяркуецца пасадзіць розныя дрэвы і кусты накшталт ядлоўцу і туі. А яшчэ тут зробяць глядзельную пляцоўку з відам на Дзвіну, а каля музею М. Шмырова паставяць ваенную тэхніку і верталёт.

Назву прапанаваў і зацвердзіў асабіста спадар Косінец — конкурс не праводзіўся.

Хаця прапановы былі: да прыкладу, старшыня абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў прапанаваў перайменаваць сквер у гонар пісьменніка Уладзіміра Караткевіча — помнік яму стаіць таксама недалёка ад музею М.Ф.Шмырова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?