З 9 па 17 лютага Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць у Мінску дэкаду пад умоўнай назвай «Аўтобус».
Паводле інфармацыі ДАІ, у гэты час актывізуюцца праверкі тэхнічнага стану тралейбусаў, аўтобусаў і маршрутных таксі пры выпуску на лінію, а таксама на дыспетчарскіх станцыях.
Дзяржаўтаінспекцыя папярэджвае, што пры выяўленні парушэнняў заканадаўства кіраўнікі і службовыя асобы будуць адказваць згодна з адміністрацыйным заканадаўствам.
Паводле інфармацыі ДАІ, у 2009 годзе ў Мінску на 7,4% павялічылася колькасць дарожна‑транспартных здарэнняў з пацярпелымі па віне кіроўцаў аўтобусаў і маршрутных таксі ў параўнанні з 2008 годам.
8 лютага на вуліцы Ландара ў Мінску сутыкнуліся два маршрутныя мікраўтобусы. У выніку кіроўца адной з »маршрутак» і тры пасажыркі, уключаючы маленькую дзяўчынку, атрымалі траўмы і ўдары.
Асноўнымі парушэннямі, якія дапускаюць кіроўцы «маршрутак», ДАІ называе: перавышэнне хуткасці; праезд на забараняльны сігнал святлафора; парушэнне правілаў размяшчэння транспартных сродкаў на праезнай частцы; перавозка пасажыраў звыш колькасці ўстаноўленых месцаў; выкарыстанне кіроўцам падчас руху мабільнага тэлефона.