Беларускі абаронца Руслан Салей выведзены са спісу траўмаваных «Каларада». Не выключана, што ён возьме ўдзел у адным з найбліжэйшых матчаў рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі.
Свой наступны матч «Каларада» дома правядзе супраць «Атланты» 10 лютага. Да перапынку, звязанага з Алімпійскімі гульнямі ў Ванкуверы, «Эвеланш» трэба згуляць яшчэ два матчы: 12 лютага «Каларада» дома будзе змагацца з «Фініксам», а 13 лютага на выездзе сустрэнецца з «Лос‑Анджэлесам».
Нагадаем, Руслан Салей ў пачатку снежня перанёс аперацыю — яго непакоілі болі ў спіне.
У гэтым сезоне ён правёў у складзе «Каларада» ўсяго адзін матч — 8 кастрычніка супраць «Нэшвіла». Да трэніроўкі на лёдзе 35‑гадовы абаронца прыступіў 23 студзеня.
Зрэшты, казаць пра вяртанне беларуса ў каманду пакуль заўчасна.
Выштурхнуць кагосьці з абаронцаў асноўнага складу «Каларада» пасля працяглага перапынку Руслану будзе няпроста: клуб выступае паспяхова, і лінія абароны «Эвеланш» вельмі трывалая. Тым больш што, паводле інфармацыі выдання Denver Post, разам з Русланам са спісу траўмаваных выведзены яшчэ адзін абаронца Джон‑Майкл Лайлз.
Адзначым таксама, што паводле рашэння галоўнага трэнера зборнай Беларусі Міхаіла Захарава
Руслан Салей стане капітанам нашай дружыны на Алімпіядзе ў Ванкуверы.
Пытанне ўдзелу абаронцы у Алімпіядзе не вырашанае канчаткова, аднак, па словах трэнера, верагоднасць таго, што Руслан выступіць у Ванкуверы, складае 99%.